Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мінскі гарадзкі суд пацьвердзіў: ніводная Канстытуцыя ў Беларусі ня дзейнічае 11:05, 26/01/2001, Ю.С.Ньюс
Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў 25 студзеня, што Аляксандар Лукашэнка ды ягонае атачэньне могуць не выконваць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Артыкул 7 (аднолькавы ва ўсіх рэдакцыях Канстытуцыі) вызначае: "Нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам". Аднак Лукашэнка 12 студзеня 1998 года падпісаў указ № 19, які нідзе ня быў апублікаваны, але абмежаваў правы журналістаў, што хочуць асьвятляць ягоную дзейнасьць.
Паводле пункта 4.5 зацьверджанага згаданым сакрэтным указам "Рэгляменту правядзеньня мерапрыемстваў з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь", асьвятленьне гэткіх мерапрыемстваў ў сродках масавай інфармацыі "забясьпечваецца прэс-службай Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якая па ўзгадненьню са Службай бясьпекі вызначае неабходны для гэтага персанальны склад журналістаў і фотакарэспандэнтаў".
Апошняя цытата ўтрымліваецца ў рашэньні ад 7 снежня 2000 года судзьдзі Ленінскага раённага суда Менску Ганны Бародзіч, якая менавіта на падставе неапублікаванага ўказу адмовіла ў задавальненьні скаргі журналіста Юрыя Сьвірко на неправамоцныя дзеяньні кіраўніка прэзыдэнцкай прэс-службы Зьміцера Жука. Нягледзечы на пастаянную акрэдытацыю Сьвірко пры Міністэрстве замежных справаў Беларусі ад брытанскае карпарацыі Бі-Бі-Сі, Жук не акрэдытоўваў яго на ўсе мерапрыемствы з удзелам Лукашэнкі, парушаючы гэтым беларускі закон аб друку ды міжнародныя пагадненьні.
Менавіта Жук, які наогул не зьявіўся ў Ленінскім судзе падчас разьбіральніцтва, даслаў туды вытрымку з сакрэтнага "Рэгламенту", што паўплывала на вынік разгляду справы. Паколькі рашэньне раённага суда грунтуецца не на законе, а на неапублікаваным указе, Сьвірко палічыў гэта парушэньнем Канстытуцыі Беларусі ды падаў касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд, які 25 студзеня вырашыў, што гэтае ўнікальнае судовае рашэньне набыло законную сілу.