Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Абрабаваньне офісаў недзяржаўных арганізацыяў "Вежа" і "Рубон" 11:03, 29/01/2001
У ноч з 26 на 27 студзеня быў абрабаваны офіс Берасьцейскага цэнтру падтрымкі грамадзянскіх ініцыятываў "Вежа". Як паведаміла кіраўнік цэнтру "Вежа" Інна Кулей, рабаўнікі вынесьлі ўсю тэхніку, якая была ў карыстаньні цэнтру "Вежа".
Зьніклі 6 кампутараў, друкарка, мадэм, сканэр, факс. Пры дапамозе гэтага абсталяваньня рыхтаваліся да друку каля 46 выданьняў малога накладу з усяго Берасьцейскага рэгіёну, праводзілася кампутаровая школа для грамадзкіх арганізацыяў, ладзіліся юрыдычныя кансульнацыі для нефармальных групаў па пытаньнях рэгістрацыі. Ужо некалькі гадоў цэнтар "Вежа" зьяўляецца адным з найбольш аўтарытэтных рэсурсавых цэнтраў для грамадзкіх ініцыятываў Берасьцейскага рэгіёну.
Супрацоўнікі "Вежы" пакінулі памяшканьне а 22 гадзіне ўвечары 26 студзеня, а зраніцы офіс знайшлі абрабаваным. Цэнтар "Вежа" арэндуе памяшканьне ў двупавярховым доме ў самым цэнтры Берасьця. Акурат насупраць будынку арганізацыі знаходзяцца адразу дзьве ўстановы правапарадку: раённы суд і сьледчы ізалятар. Установы кругласутачна ахоўваюцца дзяжурным міліцыянтам. З будкі ахоўніка добра праглядаецца будынак "Вежы". Зараз па факту рабаўніцтва пачалося сьледзтва.
У ноч з 25 на 26 студзеня быў абрабаваны офіс інфармацыйна-рэсурсавага цэнтру "Рубон" (Верхнядзьвінск Віцебскай вобласьці). Рабаўнікі вынесьлі з офісу два кампутары. Астатняе абсталяваньне (ксэракс, факс, сканэр) засталося некранутым. "Рубон" толькі два дні таму перабраўся ў новы будынак, таму ахоўная сыгналізацыя ў ім не была падключаная. Улічваючы гэтую акалічнасьць, кіраўніца "Рубону" спадарыня Вера Кудлацкая напярэдадні злачынства зьвярнулася ў міліцыю з просьбай пасачыць уночы за будынкам.