Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амэрыканскія ўлады маюць намер пазбавіць грамадзянаў Расеі й Беларусі права бязьвізавага транзыту праз ЗША 11:05, 30/01/2001
Амэрыканскія ўлады маюць намер пазбавіць грамадзянаў Расеі й Беларусі права бязьвізавага транзыту праз тэрыторыю ЗША. Як перадае карэспандэнт РІА "Новости", такое рашэньне прыняла 30 студзеня амэрыканская Служба іміграцыі і натуралізацыі (СІН), што структурна падпарадкоўваецца міністэрству юстыцыі ЗША. Паводле словаў прадстаўніка СІН, першапачатковы тэрмін уступленьня ў сілу гэтага рашэньня адкладзены ў сувязі з "мараторыям", які накладзены прэзыдэнтам Джоржам Бушам на ажыцьцяўленьне апошніх пастановаў адміністрацыі Клінтана. Тэрмін адтэрміноўкі, прыкладна, складзе два месяцы - да 5 красавіка. Разам з тым чакаецца, што дадзенае рашэньне СІН наўрад ці будзе перагледжана.
Прадстаўнік СІН адмовіўся каментаваць, па якой менавіта прычыне было прынята рашэньне пазбавіць грамадзянаў Расеі й Беларусі права бязьвізавага транзыту.
Згодна афіцыйнай інфармацыі СІН, пры вызначэньні спісу краін, на грамадзянаў якіх распаўсюджваецца права бязьвізавага праезду праз ЗША, прымаюцца ва ўвагу шэраг фактараў. У іх ліку - высокі ўзровень адмаўленьня ў выдачы неімігранцкіх візаў, стабільнасьць унутранага становішча краіны, прыналежнасьць значнай колькасьці грамадзянаў дадзенай краіны да тэрарыстычнай дзейнасьці, гандлю наркотыкамі ці міжнароднай злачыннай дзейнасьці, бясьпека інш.
Разам з Расеяй і Беларусьсю ў сьпіс краінаў, грамадзянаў якіх ЗША маюць намер абавязаць атрымоўваць транзытную візу нават пры простай перасадцы ў аэрапорце, трапілі Кітай, Ангола, Бірма, Бурундзі, Цэнтральнаафрыканская рэспубліка, Конга, Нігерыя, Сьерра-Леонэ, Самалі, Судан. У поўным сьпісе прысутнічаюць таксама Афганістан, Банглядэш, Босьнія й Гэрцагавіна, Індзія, Іран, Ірак, Лівія, Паўночная Карэя, Пакістан, Сэрбія і Шры-Ланка - агулам 23 краіны.
Пры гэтым СІН плануе дазволіць бязьвізавы праезд для грамадзянаў астатніх краінаў - былых рэспублік Савецкага Саюзу, шэрагу краінаў Усходняй Эўропы - Альбаніі, Баўгарыі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Хаватыі, Македоніі і Славеніі, а таксама Манголіі й В`етнаму.