Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У ЗША памёр выдатны беларускі паэт Масей Сяднёў 11:01, 08/02/2001, БелаПАН
5 лютага ў амэрыканскім горадзе Гленкоу, размешчаным непадалёк ад Нью-Ёрку, на 88-м годзе жыцьця памёр выдатны беларускі паэт Масей Сяднёў. Як паведаміла БелаПАН даследчыца яго творчасьці, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат філалагічных навук Лідзія Савік, пакутніцкі шлях паэта падобны на лёс многіх іншых беларускіх літаратараў. Ён быў рэпрэсіраваны ў самым росквіту творчых сілаў, не пасьпеўшы скончыць Мінскі вышэйшы педінстытут.
Разам з 12-ю іншымі студэнтамі, якія толькі пачалі друкаваць сваю паэзію, Сяднёў быў асуджаны і адпраўлены на Калыму, дзе чатыры гады знаходзіўся ў зняволеньні. Аднак так было наканавана лёсам, што напярэдадні вайны яго прывезьлі на перагляд справы ў Менск і зьмясцілі ў турэмную камеру на вуліцы Валадарскага.
Паўторны суд, прызначаны на 26 чэрвеня 1941 года, не адбыўся. Усіх зьняволеных - крымінальнікаў і так званых "ворагаў народа" - пагналі па Магілёўскай шашы. У двары чэрвеньскай турмы калону падзялілі на палітычных і крымінальнікаў. Апошніх адпусцілі па дамах, а палітычных расстралялі ва ўрочышчы Цагельня, дзе цяпер стаіць памятны крыж. Толькі дзякуючы таму, што паэт стаў у крымінальную шарэнгу, ён застаўся жывым.
Потым былі доўгія гады вайны і блуканьняў па чужыне, пакуль Сяднёў не апынуўся за акіянам. Толькі ў 1992 годзе паэт быў рэабілітаваны па заяве сваёй сястры, якая цяпер жыве ў Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць), і тройчы прыязджаў на Бацькаўшчыну.
У ЗША выйшлі яго зборнікі паэзіі - "Патушаныя зоры" (пра дзяцінства, юнацтва і сталінскія лягеры), "Ачышчэньне агнём" (пра гады выгнаньня, блуканьня па Эўропе і згубленую радзіму), "А часу больш, чым вечнасьць". Сярод прозы Сяднёва - аўтабіяграфічныя раманы "Раман Карзюк", "Той дзень адышоў" і зборнік публіцыстыкі "Масеева кніга".
Спецыялісты лічаць яго адным з найбольш таленавітых паэтаў беларускай дыяспары, паколькі ў яго творчасьці магутна прадстаўлены ідэі беларускага адраджэньня, вернасьці роднай мове, гісторыі, культуры, ідэалам дэмакратычнай незалежнай нацыянальнай дзяржавы.