Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Перш чым спыніць вяшчаньне на Беларусь, НТВ будзе разважаць яшчэ тыдзень 11:04, 09/02/2001
Сьвятаслаў Тапеха, генэральны дырэктар ААА "Медиа Сервис Арт", што адказвае за разьмяшчэньне рэклямы ў беларускім эфіры расейскай тэлекампаніі НТВ, ня бачыць пакуль у дзеяньнях беларускага тэлебачаньня, якое пачало перакрываць НТВ-эшны эфір сваёй рэклямаю, палітычныя падаплёкі. "Спадзяюся, справа толькі ў недасьведчанасьці беларускага кіраўніцтва адносна дэталяў нашага супрацоўніцтва" - такую заяву зрабіў ўчора Тапеха на прэс-канферэнцыі ў Менску. Тапеха наведаў нашую сталіцу. каб паспрабаваць урэгуляваць канфлікт, які разгарэўся вакол вяшчаньня НТВ на Беларусь.
Паводле ягоных словаў, дзеяньні БТ парушаюць усе дамоўленасьці паміж НТВ і Мінсувязьзю Беларусі, у прыватнасьці, дагавор, сапраўдны да 31 сьнежня 2001 году. Згодна яму, эксклюзіўнае права на працу з рэклямаю на НТВ ў Беларусі мае "Медиа Сервис Арт". Парушаны законы ад аўтарскіх правох, іншыя дагаворы й законы.
Дзеяньні беларускага тэлебачаньня, безумоўна, прывядуць да звароту ў суд. НТВ зараз нясе страты - прыкладна 6 тысячаў расейскіх рублёў за хвіліну скрадзенай рэклямы, ці 25 тысячаў даляраў у дзень. Тапеха таксама паведаміў, што НТВ плаціць уладам 200 тысячаў даляраў штогод за трансьляцыю сваіх тэлепраграмаў на Беларусь і яшчэ 150 тысячаў адлічвае за рэкляму.
Што да магчымых дзеяньняў у выпадку далейшага разьвіцьця канфлікту, у прыватнасьці, магчымасьці спыненьня вяшчаньня на Беларусь, Тапеха заявіў, што "у размовах з кіраўніцтвам БТ, калі мы кажам, што можам проста спыніць вяшчаньне на Беларусь, нам адказваюць - калі ласка, мы будзем браць сігнал са спутніка і трансьляваць яго самастойна. Мы маем яшчэ тыдзень на роздумы - што рабіць у складзенай сытуацыі".