|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
ДЗЬВЕ МАСАВЫЯ АКЦЫІ ПРАЙШЛI У МЕНСКУ ЎВЕЧАРЫ 14 ЛЮТАГА. 11:06, 14/02/2001 18.30 - ПЛОШЧА ПЕРАМОГІ Удзельнікі акцыі разыйшліся. Пакуль няма ніякай інфармацыі пра якія-небудзь рэпрэсіі. Заўтра на нашым сайце будзе апублікавана інфармацыя пра наступствы сёньняшніх мерапрыемстваў у Менску. 18.15 - ПЛОШЧА ПЕРАМОГІ Нешматлікія удзельнікі маладзёвай дэманстрацыі пачалі разыходзіцца. Частка зь іх з`ехала на метро, хтосьці сышоў праз двары, некалькі дзясяткаў чалавек знаходзяцца ў раёне плошчы. Падобна на тое, што акцыя скончылася. Пакуль ніякай інфармацыі аб арыштах ейных удзельнікаў няма. 18.00 - ПЛЯЦ ВОЛІ Маладзёвая дэманстрацыя дайшла да плошчы Перамогі й вызначае, куды йсьці далей. Відавочна, што жорсткага кіраўніцтва акцыя не мае - усё адбываецца спантанна. Некалькі дзесяткаў маладых людзей на месцы прымаюць рашэньне, што рабіць далей. 18.00 - ПЛОШЧА БАНГАЛОР Выступ главы афіцыйных прафсаюзаў Ганчарыка чакалі ўсе. Аднак, ён так і не аб`явіў публічна пра тое, што будзе змагацца за пост прэзыдэнта. Але пра гэта сказаў прадстаўнік прафсаюзаў з Бабруйску. Пасьля прыняцьця рэзалюцыі з патрабаваньнем паляпшэньня жыцьця рабочых, удзельнікі мітынгу пачалі разыходзіцца. 17.50 - ПРАСПЭКТ СКАРЫНЫ, УЧАСТАК АД КАСТРЫЧНІЦКАЙ ПЛОШЧЫ ДА ЦЫРКУ Па тратуарах праспэкту Скарыны рухаецца маладзёвая дэманстрацыя, у якой прымаюць удзел каля 300 чалавек. За кошт выпадковых прахожых, колькасьць яе ўдзельнікаў здаецца большай. Моладзь скандуе "Жыве Беларусь!" і антапрэзыдэнцкія лёзунгі. Дэманстрацыя вельмі хутка рухаецца ўздоўж праспэкту. Міліцыя праз гукаўзмацняльнікі папярэджвае яе ўдзельнікаў й арганізатараў аб адказнасьці. 17.45 ПЛЯЦ ВОЛІ Пад заклік "Жыве Беларусь!", каля ста маладых людзей кінуліся бегчы ад скверу па вуліцы Леніна ў бок праспэкту Скарыны, дзе ля цэнтральных магазінаў ходзіць шмат народу. На перакрыжаваньні вуліцы Леніна й праспэкту Скарыны дэманстрацыя павярнула налева ў бок Кастрычніцкай плошчы й рэзыдэнцыі прэзыдэнта. Туды сама перакідваюцца сілы міліцыі. 17.40 ПЛОШЧА БАНГАЛОР Мітынг прафсаюзаў працягваецца. Выступаючыя абвінавачваюць уладу ў тым, што яна давяла рабочых да галечы. Усе чакаюць выступу главы Федэрацыі Прафсаюзаў Беларускай Ганчарыка, які мае намер прымаць удзел у будучых прэзыдэнцкіх выбарах. 17.20 - ПЛЯЦ ВОЛІ Міліцыя затрымала віцэ-сьпікера Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Анатоля Лябедзьку і праз паўгадзіны адпусьцілі. Лябедзька прыйшоў на плошчу, каб падтрымаць моладзь. Яго спрабавалі зьняць на міліцэйскую камеру, ён закрыў аб`ектыў рукой і быў арыштаваны. Затрыманы й Валеры Шчукін, зараз ён знаходзіцца ў міліцэйскім аўтобусе недалёка ад месца правядзеньня акцыі. Ён выконваў заданьне газэты "Народная Воля". 17.10 - ПЛЯЦ ВОЛІ Міліцыя спрабуе расьсеяць і адвесьці з плошчы ўдзельнікаў маладзёвай акцыі. Людзям не даюць стаяць на месцы ці сядзець на лавах. Ім загадваюць "прагульвацца" ці разыйсьціся. Аднак актыўных дзеяньняў па арыштам ці іншым сілавым дзеяньняў не прадпрымаецца. Большая частка моладзі, пабачыўшы, што на плошчы зьбірацца не даюць, разыходзяцца. Але яшчэ больш за сто чалавек, напэўна, зьбіраюцца прцягваць акцыю. 17.10 - ПЛОШЧА БАНГАЛОР Колькасьць удзельнікаў прафсаюзнай акцыі стала павялічваецца. Па розных ацэнках ад 2 да 3 тысячаў удзельнічае пад агульным лёзунгам "Заробак - на ўзровень коштаў!" 17.00 ПЛЯЦ ВОЛІ На пляцы зьявіўся галоўны арганізатар акцыі, лідар Маладога Фронту, Павал Севярынец, які аб`явіў пра пачатак акцыі. Плянуецца, што ўсё пачнецца з конкурсу па пошуку схаваных у скверы Валянцінак. Практычна адразу міліцыя праз магнітафоны пачала папярэджваць людзей пра тое, што акцыя несакцыяеавана. Зараз на пляцы каля 200 маладых людзей. 16.40 ПЛ. БАНГАЛОР Каля тысячы ўдзельнікаў прафсаюзнай акцыі сабраліся ля плошчы Бангалор на спэцыяльнай пляцоўцы. Там усталяваная гукаўзмацняльная аппаратура. Людзі падцягваюцца арганізавана, вялікімі групамі. Удзельнікі пачынаюць даставаць сінія прафсаюзныя сьцягі й транспаранты са сацыяльнымі лёзунгамі. На плошчы міліцыі значна меней, чым на месцы правядзеньня маладзёвай акцыі за 4 кілямэтры адсюль. 16.20 - ПЛЯЦ ВОЛІ З раніцы прадстаўнікі маладзёвых апазыцыйных арганізацыяў абыйшлі 18 амбасадаў заходніх дзяржаваў, якія акрэдытаваны ў Менску. Амбасадарам была ўрачана петыцыя, у якой моладзь вітала пазыцыю сусьветнай супольнасьці адносна беларускага рэжыму. У амэрыканскай амбасадзе дэлегацыя была прынятая першым намесьнікам амбасадара сп. Кунштадтэрам, які ў прысутнасьці прэсы запэўніў моладзь пра нязьменнасьць сваіх пазыцыяў. Паводле інфармацыі прэс-цэнтру Хартыі`97 улады не перашкаджалі абходу амбасадаў. Зараз ля пляцу Волі сабралася каля 30 чалавек, якія, напэўна, зьбіраюцца прыняць удзел у акцыі. Міліцэскія нарады абходзяць групы моладзі й папярэджваюць іх пра тое, што акцыя несанкцыянаваная. Да пл. Волі падыходзяць прадстаўнікі прэсы. Арганізатараў акцыі пакуль не відаць, пра іхнія пляны нічога не вядома. 16.00 - ПЛЯЦ ВОЛІ. За гадзіну да пачатку акцыі моладзі, мясца яе правядзеньня - пляц Волі, абкружаная шчыльным кальцом міліцэскіх частак. Аўтобусы набітыя людзьмі ў форме, стаяць практычна на ўсіх блізкіх вакол вуліцах. Так, на вуліцы Інтэрнацыянальнай налічылі 7 аўтобусаў і каля 10 машынаў з эмблемаю ўнутраных войскаў, 4 аўтобусы стаіць на вул. Кірылы й Мяфодзія і т.д. Аўтобусы з міліцыянтамі стаяць і вакол будынку адміністрацыі прэзыдэнта. На самім пляцы Волі прыпаркавана некалькі машынаў з гукаўзмацняльнай апаратураю, стаяць падрыхтаваныя 10 "варанкоў". Сама плошча вызваленая ад мастакоў, што традыцыйна гандлююць сваімі вырабамі.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|