Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Аляксандар Чыгір, Сяргей Каляда й Васіль Быкаў застаюцца за кратамі на 10 сутак 11:05, 15/02/2001
Двум з трох затрыманых 10 лютага ў Менску маладых людзей (сярод якіх і сын экс-прам`ера Беларусі Міхаіла Чыгіра) - Аляксандру Чыгіру і Сяргею Калядзе - утрыманьне пад вартай працягнута яшчэ на 10 сутак. Маладыя людзі былі затрыманы менскай міліцыяй быццам пры збыце выкрадзеных аўтазапчастак на аўтарынку ў мікрараёне Малінаўка і падазраюцца ва ўчыненьні крадзяжу маёмасьці ў асабліва буйных памерах (артыкул 205 частка 4 Крымінальнага кодэксу). Арыштаваныя з ізалятару часовага ўтрыманьня ГУУС Мінгарвыканкаму пераведзены ў сьледчы ізалятар ГУУС Менгарвыканкаму.
Аб тым, што ўлады надаюць асаблівае значэньне гэтай справе сьведчыць той факт, што ў Маскоўскім РАУС уже пабывалі кіраўнік Сьледчага камітэту пры МУС Леанід Глухоўскі і яго намесьнік Аляксандр Кужаль. Для расьследаваньня гэтай справы створана група з 12 чалавек.
Тым часам, стала вядома, што падчас вобыску ў адным з гаражоў малодшага сына экс-прам`ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра - Аляксандра, нібыта знойдзены мікрааўтобус "Форд", што раней быў скрадзены ў рэпарцёраў беларускага тэлебачаньня. Вадзіцель скрадзенага аўтамабілю, нібыта апазнаў машыну, якая была за рэпарцёрамі папулярнай беларускай перадачы "Зона Х" (крымінальная хроніка).
Праваахоўныя органы ўсё ніяк ня могуць узгадніць распаўсюджаную імі інфармацыю пра "злачынную дзейнасьць" Аляксандра Чыгіра й ягоных таварышаў.Але робіцца гэта ўсё магчымымі сродкамі, праз дзяржаўныя газэты, тэлебачаньне й радыё. Пры гэтым ацэнкі выносяцца ўжо канкрэтныя, хаця сьледзтва па справе толькі пачалося.
Паводле заявы прэс-цэнтра МУС, усе трое называюцца ўжо "Злачыннай гупай", якая займалася крадзяжамі аўтамабіляў, разбіраючы пасьля ўгону транспартныя сродкі й прадаючы іх на запчасткі. Міліцыя пакуль не паведамляе дакладную колькасьць аўтамабіляў, але ўжо заяўляе, што іх быў не адзін дзесятак: "Пра гэта сьведчыць хаця б той факт, што вялікі ангар, дзе захоўваюцца канфіскаваныя часткі аўтамабіляў, запоўнены цалкам, а астатнія скрадзеныя дэталі прыйшлося дастаўляць на шасьці КАМАЗах.". Напярэдадні праваахоўныя органы рэспублікі распаўсюдзілі інфармацыю й паказалі па рэспубліканскім тэлебачаньні відэёкадры, што ў гаражы было столькі скрадзеных запчастак, што іх ледзь зьмесьцілі ў 9 КАМАЗаў. А начальнік Сьледчага камітэту МУС Беларусі Леанід Глухоўскі на сустрэчы з журналістамі паведаміў, што "з дому Чыгіра было вывезена пяць КАМАЗаў з рознымі запчасткамі. Пры гэтым, чацьвёра пацярпелых апазналі дэталі, зьнятыя са скрадзеных раней у іх машын". Як было даказана, што дэталі, на якіх няма сэрыйных нумароў, зьнятыя са скрадзеных аўтамабіляў, высокі міліцэйскі чын распаўсюджвацца не стаў.
На прэс-канферэнцыі, што адбылася ў мінулы панядзелак, экс-прам`ер Міхаіл Чыгір назваў арышт свайго сына палітычнай правакацыяй. Яна была зарганізаваныя з тым, каб дыскрыдытаваць яго напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Сям`я Чыгіра лічыць, што крымінальная справа цалкам сфабрыкавана. Па словах Міхаіла Мікалаевіча, ягоны сын сапраўды гандляваў запчасткамі з аўтамабіляў, якія не падлягалі рамонту, але, ведаючы пра складаныя адносіны бацькі з уладамі, не дазволіў б сабе прадаваць скрадзенае й наогул мець нейкае дачыненьне да крымінальнага бізнэсу.