Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Рабочы заклікае Лукашэнку прызнаць памылкі й сыйсьці 11:12, 15/02/2001
Старшыня пярвічнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Менскага заводу аўтаматычных лініяў Міхаіл Водчыц зьвярнуўся 15 лютага з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, у якім ідзе размова аб бядотным стане беларускіх прадпрыемстваў.
"Устаноўленая тэндэнцыя затрымкі выплаты заработнай платы і яе ўзровень, - піша прафсаюзны лідар, - вымушаюць нас шукаць адказ на пытаньне - дакуль будуць парушацца законныя правы наёмных работнікаў? Мы меркавалі, што прычыны безнадзейнасьці цяперашняга становішча, незразумеласьць перспектываў нам зможа растлумачыць міністар прамысловасьці. Але час скарэкціраваў нашы ўяўленьні, мы зразумелі, што персона, да якой хацелі зьвярнуцца, не з`яўляецца адказнай ні за мінулыя няўдачы, ні за цяперашняе становішча справаў, паколькі дэ-факта адзін чалавек вызначае мадэль і кірунак развіцьця нашай краіны. Гэты чалавек - Вы, Аляксандр Рыгоравіч".
Рабочыя МЗАЛ, зазначаецца ў лісьце, ня супраць заяўленага павышэньня памеру зарплаты работнікам бюджэтнай сфэры да 100 умоўных адзінак. Аднак рэалізацыя гэтага намеру, лічаць яны, стане "непасільным цяжарам для асноўнай масы прадпрыемстваў рэспублікі", якія "знаходзяцца ў рознай ступені эканамічнага паралічу, выкліканага фіскальнай палітыкай дзяржавы". Да гэтай палітыкі, як зазначаецца ў лісьце, "дадаюцца разавыя, але рэгулярныя, канфіскацыі сродкаў: на пасяўную, уборачную, аднаўленьне і будаўніцтва спартыўных аб`ектаў, фінансаваньне маштабных гарадзкіх і дзяржаўных святаў". МЗАЛ у гэтым сэнсе не зьяўляецца выключэньнем: "прымусовае вымываньне абаротных сродкаў на дзяржаўныя "патрэбы" на працягу апошніх гадоў спарадзіла новыя праблемы прамысловых прадпрыемстваў, пагоршыла і без таго іх бядотны стан. Знос асноўных фондаў нашага прадпрыемства дасягнуў 80-85 адсоткаў".
"Сытуацыю можна і трэба выправіць, але для гэтага неабходна прызнаць, што ішлі не ў тым кірунку, што заблукалі", - лічыць аўтар адкрытага ліста кіраўніку дзяржавы.