Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Галоўны крыміналіст Беларусі адмовіўся распавесьці пра рэчавыя доказы ў "гучных справах", а Генэральны пракурор Расеі - пра ход іх расьсьледаваньня з рускага боку 11:02, 21/02/2001
На прэс-канферэнцыі 20 лютага начальнік Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтру МУС Беларусі палкоўнік Вячаслаў Кудраўцаў адмовіўся распавядаць журналістам аб выніках экспертызы рэчавых доказаў, што праходзяць па справах аб зьнікненьні аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага і вядомага апазыцыйнага палітыка Віктара Ганчара (разам зь ім, як вядома, зьнік прадпрымальнік Анатоль Красоўскі).
Пытаньне ўзьнікла ў сувязі з прайшоўшымі ў розны час у сродках масавай інфармацыі паведамленьнямі пра тое, што па справе Д.Завадзкага была знойдзена сапёрная лапатка са сьлядамі крыві, а на месцы зьнікненьня В.Ганчара - асколкі фары і плямы крыві.
"Так, рабіліся агляды месца здарэньня, так, канфіскаваныя рэчавыя доказы і яны знаходзяцца ў матар`ялах крымінальнае справы і я не тая асоба, якая можа каментаваць яе", - заявіў Кудраўцаў. Пры гэтым ён удакладніў, што "і тое, што канфіскоўвалася пры аглядзе месца здарэньня (гэта толькі сьледчы можа прызнаць іх рэчавымі доказамі, а ці прызнаў ён іх такімі, трэба спытацца ў яго), і тое, што нам уяўлялася на дасьледаваньні... знаходзіцца таксама ў матар`ялах крымінальнае справы".
Учара Генэральны пракурор Расеі Ўладзімер Усьцінаў у інтэрв`ю радыё "Свабода" заявіў, што ня можа адказаць на пытаньне, ці жывы Зьміцер Завадзкі. Расейскі генпракурор таксама абяцае даслаць у Менск усе матар`ялы сьледчых дзеяньняў у справе Завадзкага, што рабіліся ў Маскве на замову беларускіх пракурораў, якія гэтыя матэрыялы засакрэцілі.