Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Канстытуцыйны суд падтрымаў ініцыятыву ўладаў па ўціску на прафсаюзы 11:08, 23/02/2001
Канстытуцыйны суд Беларусі прыняў 21 лютага рашэньне аб парадку выплаты членскіх прафсаюзных узносаў. Дадзенае рашэньне, як сьцьвярджаецца ў паведамленьні прэс-цэнтру КС, прымалася на падставе зваротаў грамадзянаў. Канстытуцыйны суд прызнаў, што ўтрыманьне членскіх прафсаюзных узносаў з зарплаты работніка шляхам безнаяўнага пералічэньня на рахункі прафсаюзных органаў адпавядае Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, законам Рэспублікі Беларусь.
Разам з тым КС зьвярнуў увагу прафсаюзаў і наймальнікаў на парушэньне з іх боку заканадаўства, якое рэгулюе парадак выплаты прафсаюзных узносаў работнікамі - членамі прафсаюза. Зазначана, што наймальнікі маюць права рабіць утрыманьні шляхам безнаяўнага пералічэньня членскіх прафсаюзных узносаў на рахункі прафсаюзных ворганаў толькі пры наяўнасьці пісьмовай заявы работніка на такое пералічэньне. Пры адсутнасьці заявы ўтрыманьні з зарплаты зьяўляюцца неправамоцнымі.
КС таксама прызнаў парушэньнем канстытуцыйных правоў работнікаў, якія не зьяўляюцца членамі прафсаюзаў, утрыманьне з іх зарплаты грашовых сумаў у лік выплаты членскіх прафсаюзных узносаў. Узьнікаючыя з гэтай нагоды спрэчкі могуць быць вырашаны ва ўстаноўленым заканадаўчым парадку гаворыцца ў паведамленьні. У рашэньні КС таксама зьвернута ўвага прафсаюзаў на адсутнасьць належнага кантролю з іх боку за выкананьнем устаноўленага парадку выплаты членскіх прафсаюзных узносаў, што йдуць на іх рахункі.
Рашэньне КС уступіла ў сілу 21 лютага.
Былы член Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў ужо заяўляў раней, што Канстытуцыйны суд не мае права пачынаць справу на падставе звароту нейкага грамадзяніна, як гэта адбылося ў дадзеным выпадку. Тым болей, што такое рашэнне, калі яно будзе прынята, не можа мець зваротнай сілы, таму што пагаршае матар`яльную сітуацыю аднаго суб`ектаў права - прафсаюзаў. Прафесар Пастухоў робіць вынік, што Канстытуцыйны суд выконвае палітычны заказ сёньняшніх уладаў:
- Гэта выключна палітычны крок. Зараз улады хочуць паўплываць на прафсаюзы, з тым, каб прафсаюзы пасьля паўплывалі на старшыню прафсаюзаў Ганчарыка, які думае вылучаць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах.