 | ПАЛIТЫКА |  |

Лукашэнка ўжо вядзе прадвыбарчую прапаганду 11:11, 27/02/2001, GazetaSNG.ru

У Беларусі яшчэ не аб`яўлена пра пачатак кампаніі па выбарах прэзыдэнта рэспублікі, аднак гэта не спыняе самога главу дзяржавы, які фактычна ўжо вядзе прабвыбарчую прапаганду. А з учарашняга дня ў Брэсцкай вобласьці яму дапамагае больш за палутары дзясяткі грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў. 
Вайна з прэсай крычаўскага маштабу 11:10, 27/02/2001

Разьбіральніцтва па адміністрацыйных справах рэдактараў крычаўскіх недзяржаўных газэтаў "Вольны Горад" і "Наш Вольны Горад" Сяргея Няроўнага і Мікалая Маторанкі пачалося 26 лютага ў Крычаўскім раённым судзе (Магілёўская вобласьць). Іх абвінавачваюць у парушэньні законаў аб друку і прадпрымальніцкай дзейнасьці. Пратаколы былі складзены пасьля затрыманьня кур`ера, які вёз са смаленскай друкарні асобнікі газэтаў "Вольны Горад" і "Наш Вольны Горад". Рэдактары сцьвярджаюць, што прадпрымальніцкай дзейнасьцю яны не займаюцца, а газэты нельга лічыць адным выданьнем. 
Экспансія "Русского Радио" на Беларусь 11:09, 27/02/2001

У Менску на частаце 98,9 FM-дыяпазону пачала вяшчаньне расейская радыёстанцыя "Рускае Радыё". Праэкт ажыцьцёўлены пры ўдзеле беларускага "Радыё Рокс" і Рэспубліканскага радыёперадаючага цэнтру. 
Новы міністар сувязі пагражае павелічэньнем тарыфаў 11:08, 27/02/2001

Новы міністар сувязі Беларусі Уладзімер Ганчарэнка заявіў аб неабходнасьці самым бліжэйшым часам павялічыць тарыфы на паслугі электрасувязі на 30 адсоткаў. Такую заяву Ганчарэнка зрабіў 26 лютага падчас прадстаўленьня яго апарату міністэрства прам`ер-міністрам рэспублікі Уладзімірам Ярмошыным. 
У лютым зноў узрасьлі тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі 11:07, 27/02/2001

У лютым у Беларусі зноў узрасьлі тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі. У параўнаньні са студзенем на 5,1 адсоткі павялічылася квартплата (тэхабслугоўваньне) і плата за карыстаньне ліфтам, на столькі ж падаражэлі ацяпленьне, гарачая вада, халодная вада і каналізацыя, газ, вываз і абясшкоджваньне адходаў. Акрамя таго, на 5,5 адсоткі (з 110 да 116 рублёў) узрасла плата за карыстаньне радыёкропкай. Электраэнергія падаражэла на 20,8-21,2 адсоткі (з 14,4 да 17,4 рублі за кілават для гарадзкіх жыхароў з газавымі плітамі, з 10,4 да 12,6 рублі для гарадзкіх жыхароў з электраплітамі і сельскага насельніцтва). 
Валеры Шчукін на руках унёс жонку абвінавачанага ў залю суда 11:06, 27/02/2001

У Гомелі затрыманы Валеры Шчукін. Ён выканаў сваё абяцаньне ўнесьці жонку Уладзімера Раўкова на руках у судовую залю. 26 лютага ў Гомельскім абласным судзе працягнуўся судовы працэс па справе аб хабарніцте супрацоўнікаў Гомельскага дзяржаўнага медычнага інстытуту. Адным з падсудных па гэтай справе зьяўляецца прарэктар медінстытуту Уладзімер Раўкоў. Ягоная жонка Наталя Раўкова на працягу ўсіх судовых разглядаў не дапускаецца ў залу паседжаньняў, бо яна заяўленая ў якасьці сьведкі. Прычым, Н. Раўкову проста не дапускаюць у залу ахоўнікі, а не выдаляе судзьдзя, як таго патрабуе працэдура. Даведаўшыся пра гэта, В. Шчукін у размове з супрацоўнікамі ПЦ "Вясна" на мінулым тыдні заявіў, што "унясе гэтую няшчасную жанчыну ў судовую залю на руках". 
Газэта "Дэ-Факта" абкрадзена два разы за дзесяць дзён 11:05, 27/02/2001

Цягам дзесяці дзён лютага двойчы абакралі магілёўскую незалежную газэту "Дэ-факта", паведамляе радыё "Рацыя". Злачынцы падабралі ключы да памяшканьня рэдакцыі й выкралі кампутар для макетаваньня, а таксама архіў газэты. Журналісты мяркуюць, што выкрадальнікі "палявалі" менавіта на інфармацыйную базу газэты, бо ў памяшканьні знаходзіліся таксама й іншыя каштоўныя рэчы, якія злодзеяў не зацікавілі 
АНОНС: Хутка на нашым сайце зьявіцца "Народны прэзыдэнт" №3 11:04, 27/02/2001

Чарговы выпуск ананімнай газэты "Народны прэзыдэнт" распаўсюджваецца ў апошнія тыдні ў Менску і іншых гарадох Беларусі. Нам пашчасьціла атрымаць адзін экзэмпляр гэтага суперпапулярнага выданьня, выхад якога пачаўся прыкладна паўтары гады таму. У нас былі зьмешчаны два нумары гэтай газэты. На чарзе - трэці. Сачыце за абнаўленьнямі. 
Спроба сарваць сустрэчу Сямёна Домаша з магілеўчанамі 11:03, 27/02/2001

прайшла на мінулыя выходныя ў гэтым абласным цэнтры, паведамляе радыё "Свабода". Там самы рэальны кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь спрабаваў сустрэцца з выбаршчыкамі. Папярэдне гэтую сустрэчу плянавалі правесьці ў гатэлі "Турыст" - афіцыйны дазвол з боку адміністрацыі гатэля быў атрыманы. Тым ня меньш незадоўга да зьяўленьня ў гатэлі Сямёна Домаша, пасьля тэлефоннага званку (як сьцьвярджаюць відавочцы), у арэндзе памяшканьня было адмоўлена. 
Беларускае тэлебачаньне ня пусьціла "Дабермана" на НТВ 11:02, 27/02/2001, Радыё "Свабода"

Беларускія ўлады зноў умяшаліся ў эфірную палітыку расейскага тэлеканалу НТВ. У нядзелю ўвечары на тэрыторыі Беларусі спынілі трансьляцыю па гэтым канале французскага мастацкага фільму "Дабэрман". Некалькі дзён запар па НТВ дэманстравалі ўрыўкі з гэтага фільму пра нахабнага рабаўніка па мянушцы "Дабэрман", на якога палюе жорсткі паліцыянт. Але, калі надышоў час дэманстрацыі фільму, замест "Дабэрману" беларускія гледачы ўбачылі запіс забаўляльнай праграмы КВН, якую звычайна паказвае іншы расейскі канал - ГРТ. 
Пасьля перамогі на парляманцкіх выбарах камуністы Малдовы рвуцца назад у СССР 11:01, 27/02/2001

Рэспубліка Малдова павінна ўвайсьці ў "саюз Беларусі й Расеі". Такую заяву зрабіў Уладзімір Варонін, старшыня ЦК Кампартыі гэтай краіны, якая атрымала перамогу на адбыўшыхся 25 лютага датэрміновых парляманцкіх выбарах. "Малдова асуджана ўвайсьці ў гэты саюз, - сказаў Варонін. - Уся Эўропа аб`ядноўваецца, а мы - былыя савецкія рэспублікі - стаім па розныя бакі і чакаем ласкі ад Захаду. Гэта ненармальна". 
|  |
|