Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пасьля перамогі на парляманцкіх выбарах камуністы Малдовы рвуцца назад у СССР 11:01, 27/02/2001
Рэспубліка Малдова павінна ўвайсьці ў "саюз Беларусі й Расеі". Такую заяву зрабіў Уладзімір Варонін, старшыня ЦК Кампартыі гэтай краіны, якая атрымала перамогу на адбыўшыхся 25 лютага датэрміновых парляманцкіх выбарах. "Малдова асуджана ўвайсьці ў гэты саюз, - сказаў Варонін. - Уся Эўропа аб`ядноўваецца, а мы - былыя савецкія рэспублікі - стаім па розныя бакі і чакаем ласкі ад Захаду. Гэта ненармальна".
Апрача ўступленьня Малдовы ў "саюз Беларусі й Расеі", мясцовыя камуністы выступаюць за наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай, умацаваньне сувязяў з Расеяй і СНД, а таксама за спыненьне лібэральных рэформаў, што праводзіліся з дапамогаю міжнародных фінансавых арганізацыяў (у Малдове праведзена масавая прыватызацыя і ўведзена прыватная ўласнасьць на зямлю. - БелаПАН). Гэта не першы выпадак, калі да ўлады ў былых саюзных рэспубліках вяртаюцца пражаўжальнікі справы КПСС. Але першыя пераможцы не зьямянілі камуністычнай шыльды. Малдаўскія левыя кіруюцца не марксізмам, а ідэяй вяртаньня ў савецкую імпэрыю.
Каментуючы вынікі выбараў, цяперашні прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі ўсклаў на пераможцаў адказнасьць за ўсё, што будзе адбывацца ў краіне.
Выбары ў рэспубліцы праходзілі на фоне зацяжной эканамічнай крызы. За апошнія месяцы было тры спробы выбраць прэзыдэнта (у Малдове прэзыэнта выбірае парлямант). Ніводзін кандыдат, у тым ліку лідар камуністаў, у якіх і ў мінулым парляманце было большасьць мандатаў, ня здолеў набраць патрэбнай колькасьці галасоў. Тады прэзыдэнт Пётар Лучынскі зьвярнуўся ў канстытуцыйны суд, а той пастанавіў правесьці датэрміновыя выбары ў парлямант.
Камуністы зараз вольныя не толькі выбіраць прэзыдэнта, але й прымаць усе важныя рашэньні - фарміраваць урад, адмяняць законы і ўносіць папраўкі ў канстытуцыю (напрыклад, калі будзе выгадна, увесьці прамыя выбары прэзыдэнта). Хаця Варонін і заявіў, што Кампартыя не мае намеру узурпіраваць усю ўладу, зразумела, што важныя палітычныя рашэньні будуць прымацца сыходязчы з выгады левых, а меркаваьне правых будзе адыгрываць ролю дэмакратычнай шырмы.