Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У магілеўскіх садках дзеці засталіся бяз хлеба і малака 11:10, 28/02/2001
У Магілеве прайшла чутка, што ў дзіцячых садах пачаліся перабоі з харчаваньнем. Чутку падцьвердзілі ў адзьдзеле сацыяльнага разьвіцьця МРУПП "Хімвалакно". Сытуацыя ў 19 дзіцячых садах, якія належаць прадпрыемству вельмі складаная. Амаль тыдзень у рацыёне трох тысячаў дзетак не было малочных прадуктаў, а затым яны былі пазбаўлены й хлеба.
Харчаваньне не завозяць, паколькі "Хімвалакно", сумленна "адсьцёгваючы" ў гарадзкую казну падаткі, задаўжала пастаўшчыку прадукты. Раней праблем не ўзьнікала - на ўтрыманьне ведамственных дзіцячых садкоў выдзяляліся сродкі, атрыманыя ад мэтавага збору, які ў гэтым годзе быў адменены. Грошы на харчаваньне дзяцей з агульнага "катла" атрымаць праблематычна: з пачатку года было выдзелена ўсяго 6,4 мільёны рублёў, і гэта пры тым, што толькі аднаму пастаўшчыку - ЗАТ "Задняпроўе" - задаўжалі ўжо 80 мільёнаў рублёў. Працаваць у доўг яно адмовілася, таму дзіцячыя садкі з сярэдзіны лютага не снабжаюцца нават хлебам.
Вядома, праблема звалілася на галаву гарадзкой улады зусім не раптоўна. Тое, што грошай у казьне ня будзе стала вядома яшчэ ў студзені. Аб`ём прамысловай вытворчасьці ў галіне зьнізіўся на 3%. Выпуск прадукцыі скарацілі на 28,8 адсоткі прадпрыемстваў, 7 зь 10 галінаў прамысловасьці. Не змаглі і рэалізаваць запасы гатовай прадукцыі мінулага года. У студзені яны павялічыліся яшчэ на 17,7%…
Адбылося тэрміновае разьбіральніцтва ў старшыні гарвыканкаму Міхаіла Краснова. Па інфармацыі газэты "Беларускі час", у гэтым годзе паступіла толькі сёмая частка сродкаў ад неабходнага. З гарадзкога бюджэту на харчаваньне дзіцёнка выдзяляецца ўсяго 600 рублёў у дзень. Гэтая сума адпавядае 35 капейкам 1990 года ці 50 цэнтам ЗША.