Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - Новости Беларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Ўладзімер Навумаў адмовіўся казаць пра расьсьледаваньне гучных справаў, зьвязаных са зьнікненьнем вядомых у краіне людзей. Міністар пагардліва заявіў, што Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі - усяго толькі тры зьніклыя асобы з тых 4-5 тысячаў прапалых бяз вестак, якіх сёньня расшуквае МУС.
За мінулы год у Беларусі колькасьць афіцыйна зарэгістраваных асобаў, якія ўжываюць наркотыкі, павялічылася на 26 адсоткаў. Такія зьвесткі 28 лютага ў Менску на прэс-канферэнцыі, прысьвечанай прэзэнтацыі дакладу Міжнароднага камітэту па кантролю над наркотыкамі за 2000 год, абнародаваў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Уладзімер Максімчук.
27 лютага ў Беларусі на 15 адсоткаў падаражэлі міжнародныя тэлефонныя размовы (за выключэньнем краінаў СНД). Цяпер хвіліна тэлефоннай размовы з Літвой, Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай каштуе 372 рублі (раней - 324), Чэхіяй - 338 (294), Баўгарыяй, Нямеччынай і Францыяй - 356 (309), Вялікабрытаніяй - 440 (383), Аўстраліяй - 854 (742), ЗША - 1.104 (960), Ізраілем - 1.292 (1.124). Самымі дарагімі па-ранейшаму зьяўляюцца размовы з абанентамі шэрагу дзяржаваў Блізкага Усходу і Паўднёва-Усходняй Азіі (В`етнамам, Кітаем, Іарданіяй і інш.) - 2.582 рублі за хвіліну (раней - 2.246).
З 1 сакавіка СП "Мабільная лічбавая сувязь" упершыню за апошнія 12 месяцаў павышае базавыя тарыфы на паслугі сотавай тэлефоннай сеткі стандарта GSM. У прыватнасьці, штомесячная абаненцкая плата павышаецца на 27,5 адсоткі - з 13.480 да 17.200 рублёў для стандартнага тарыфнага пляну і з 22.440 да 28.600 рублёў для бізнэс-пляну.
Два месяцы таму "Белорусская деловая газета" спрабавала знайсьці лягічную сувязь паміж адстаўкамі старшыні КДБ Ўладзімера Мацкевіча, ягонага намесьніка Ўладзімера Наркевіча, Генпракурора Алега Бажэлкі й міністра культуры Аляксандра Сасноўскага. Тады ім прапанаваў свае паслугі былы начальнік КРУ Міністэрства культуры Аляксандар Грачоў. У сваім інтэрв`ю "БДГ" былы чыноўнік мінкульту адкрыта заявіў, што Савет бясьпекі не даваў яму весьці расьсьледаваньне справы Тацяны Бандарчук. Па ягоных словах, з тых супрацоўнікаў АПЭЗ, якія працавалі "па справе Бандарчук", на сваім месцы больш ніхто не працуе. Яго ж наведвалі супрацоўнікі спэцслужбаў і жорста зьбівалі. Сярод сваіх выкрадальнікаў ён пазнаў былога супрацоўніка падразьдзяленьня "Алмаз" Валеры Ігнатовіча, які як вядома, фігуруе ў справе аб зьнікненьні аператара ГРТ Зьміцера Завацкага.
На мытным пункце "Брузгі" (Гродзенская вобласьць) 27 лютага на працягу дзвюх гадзінаў мытнікі надглядалі вядомага беларускага палітыка, кіраўніка аб`яднаньня "Рэгіянальная Беларусь", найбольш верагоднага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Сямёна Домаша, які на асабістым аўтамабілі ехаў у Польшчу.
Спэцыяльны выпуск праграмы "Рэзананс", прысьвечаны дзейнасьці ЦРУ ў Беларусі быў паказаны па Беларускім тэлебачаньні вечарам 28 лютага. У ім аўтар праграмы Аляксандар Зімоўскі абвінаваціў амбасаду ЗША ў Менску ў шпіянажы і падрыўной дзейнасьці супраць Беларусі. Пры гэтым называліся прозьвішчы людзей, якія ў розныя гады працавалі ў Беларусі ў якасьці рэзыдэнтаў ЦРУ, займаючыся вярбоўкай рэзыдэнтаў і падтрымкаю апазыцыі. Рэакцыя амбасады на гэты "твор" пакуль не вядома.
Агульнанацыянальны страйк прадпрымальнікаў адбыўся ў Беларусі 28 лютага. Ейныя арганізатары заяўляюць пра посьпех мерапрыемства. Між тым, адчувальных вынікаў гэтая акцыя, як і папярэднія страйкі апошніх месяцаў, не прынесла. А многія лідары мясцовых прадпрымальніцкіх прафсаюзаў абвінавачваюць кіраўніцтва стачкаму ў палітыканстве і выкарыстаньні праблемаў "чалнакоў" ў асабістых палітычных мэтах.
З 1 сакавіка гэтага года памер мінімальнага заробку павінен павялічыцца на 58,3 адсоткі й складзе 5.700 рублёў. Пра гэта паведаміў БелаПАН першы намесьнік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Франц Вітко са спасылкаю на крыніцы ў Міністэрстве працы. Цяпер мінімальная зарплата складае 3.600 рублёў. Апошняе павышэньне МЗП і тарыфных ставак адбылося ў кастрычніку мінулага года. Пакуль афіцыйна пра павышэньне "мінімалкі" не паведамляецца.
Расейскія стаўкі экспартных пошлінаў на нафту й нафтапрадукты ўводзяцца ў Беларусі з 1 сакавіка. У сувязі з гэтым існаваўшыя ў нас экспартныя пошліны на нафту павялічваюцца больш чым у два разы. З 1 сакавіка за вываз тоны сырой нафты прыдзецца плаціць не 20 эўра, як было раней, а 48 эўра. Пошліна на дызельнае паліва складзе 39 эўра, пошліны на вываз мазуту - 31 эўра.