Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кіраўнікам заводу аб`яўлена вымова за сустрэчу рабочых зь Міхаілам Чыгіром 11:08, 07/03/2001
6 сакавіка ў судзе Барысава (Менская вобласьць) адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы намесьнікам генэральнага дырэктара Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталяваньня, былога старшыні Барысаўскага гарвыканкаму Віктара Капульцэвіча і былога старшыні райвыканкаму Георгія Кібермана. У віну ім ставілася арганізацыя несанкцыянаванага сходу ў актавай зале Дома культуры прадпрыемства, на якую быў запрошаны экс-прам`ер Міхаіл Чыгір.
Сустрэча адбылася 19 лютага 2001 года. Падчас яе ў залю неаднаразова ўрываліся супрацоўнікі міліцыі, якія патрабавалі ачысьціць памяшканьне, бо яно, на іх думку, было замініравана. Аднак ім сказалі, што заля знаходзіцца пад аховай заводзкай службы бясьпекі і ніякай бомбы ў ёй быць не можа. Дзеяньні ўладаў выклікалі абурэньне рабочых, якія адмовіліся спыняць сустрэчу з Чыгіром.
Віктар Капульцэвіч і Георгій Кіберман не прызналі сваёй віны. На іх думку, для правядзеньня мерапрыемстваў у памяшканьнях, што належаць заводу, не трэба атрымліваць дазвол гарадзкой адміністрацыі. Абвінавачваемыя ў правапарушэньні і іх абарона зьвярнулі ўвагу суда на шматлікія працэсуальныя парушэньні, дапушчаныя работнікамі міліцыі. Так, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні ў дачыненьні да Георгія Кібермана быў складзены ў яго дома, калі пасьля падзеі прайшло шмат часу. І некаторыя подпісы ў гэтым пратоколе былі прастаўлены загадзя, на чыстым бланку.
Судзьдзя Андрэй Болатаў, тым не меней, прызнаў абодвух намесьнікаў генэральнага дырэктара БАТЭ вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаванага сходу (артыкул 167 - 1, частка 1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях) і вынес ім папярэджаньні. Капульцэвіч і Кіберман з гэтай пастановай суда не згодныя і будуць яго абскарджваць у Менскім абласным судзе.