Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Інтэграцыя балюча ўдарыла па НПЗ 11:02, 13/03/2001
У два разы скараціліся аб`ёмы перапрацоўкі нафты на Наваполацкім вытворчым аб`яднаньні "нафтан". Прычынаю таму стала ўвядзеньне новых мытных пошлінаў на ўвоз нафты і экспарт нафтапрадуктаў.
Да апошняга часу беларускія пошліны на нафту былі значна ніжэй за расейскія і гэта станоўча ўплывала на сабекошт прадукцыі. Таму расейскія нафтавыя кампаніі гналі сваю нафту на перапрацоўку ў Беларусь. Да таго ж геаграфічнае становішча Наваполацку вельмі зручнае. Бензін і дызпаліва перанакіроўваліся ў латышскі порт Венспілс і далей шлі на Захад. Так што "Нафтан", калі не квітнеў, то працаваў стабільна і штогод перапрацоўваў 6 мільёнаў тонаў нафты.
Зараз з увядзеньнем больш высокіх мытных пошлінаў, сытуацыя каардынальна зьмянілася. Паколькі Беларусь і Расея заключылі мытны саюз, саюзьнік патрабаваў у Лукашэнкі зраўняць беларускія пошліны з расейскімі. Што й было выканана бяз спрэчак.
У выніку вырас сабекошт перапрацоўкі, і расейскім кампаніям стала нявыгадна перапрацоўваць нафту на беларускіх прадпрыемствах. Як паведаміла радыё "Свабода" адзін з "нафтанаўскіх" інжэнэраў, шырока разрэклямаваны саюз стаў палкай з двума канцамі. Адзін зь іх балюча ўдарыў па галіне.
Сёньня пры скарачэньні перапрацоўкі нафты ў два разы, кіраўніцтва "Нафтану" ліхарадкава шукае расейскіх "нафтабаронаў", што жадаюць пастаўляць сваю нафту на беларускае прадпрыемства. У той самы час, работнікі "Нафтану" са страхам чакаюць масавых скарачэньняў.