Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кэтрын Фіцпатрык: што тут трэціруюць такіх вядомых людзей, - гэта страшная справа, гэтага нельга выпусьціць з-пад увагі 11:03, 13/03/2001, Вольга Бабак, радыё "Рацыя"
У Менску з 4-дзённым візытам знаходзіцца старшыня Міжнароднае лігі правоў чалавека Кэці Фіцпатрык. Спн. Фіцпатрык прыехала зь Нью-Ёрку на запрашэньне Беларускай Асацыяцыі Журналістаў, якая апошнім часам вельмі заклапочаная падрыхтоўкай скандальнага законапраекту "Аб інфармацыйнае бясьпецы". Аднак, паводле ўласнага прызнаньня, зробленага сп-няй Фіцпатрык у эксклюзіўным інтэрвію РР. Гэта далёка не адзіная мэта ейнага прыезду ў Беларусь і не адзіная нагода для заклапочанасьці. Асноўная задача - гэта маніторынг сытуацыі перад прэзыдэнцкімі выбарамі, для вывучэньня якое спн. Фіцпатрык будзе сустракацца з тутэйшымі праваабаронцамі, журналістамі, а таксама з магчымымі кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду.
"Справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі з кожным годам маюць ўсё большы аб`ём не з прычыны бюракратычнае інэрцыі, - лічыць спн. Фіцпатрык. - Рост колькасьці правапарушэньняў фіксуюць і супрацоўнікі незалежных праваабарончых арганізацыяў сьвету, такіх, як Amnesty International ці Human Rights Watch. Аднак гэта сьведчыць адначасова й пра актывізацыю супраціву ў Беларусі", - гаворыць нашая суразмоўца.
К.Ф.: - Не было б столькі парушэньняў, калі б не было столькі актыўных людзей. У якім-небудзь Туркмэністане менш парушэньняў, бо людзі настолькі баяцца, што не выходзяць на вуліцы, не друкуюць нічога. А тут людзі, асабліва маладыя - многа сьветлых твараў, што дае падставу спадзявацца на лепшае. Канечне, мы, замежжа, ня можам за вас адстойваць, мы можам толькі нагадаць, зьвярнуцца да розных інстанцыяў…
У звароты да афіцыйных беларускіх "інстанцыяў" Міжнародная ліга больш ня верыць. Калі паўтара-два гады таму на запыты й пратэсты хаця б неяк рэагавалі, то зараз і беларуская амбасада ў ЗША, і беларускі МЗС звычайна маўчаць, - кажа Кэці Фіцпатрык, у праграме візыту якой не пазначаныя сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску. Несумненна, Ліга працуе й з краінамі, дзе становішча з захаваньнем правоў чалавека значна горшае: у некаторых краінах Афрыкі ўвогуле ня ведаюць, што такое грамадзянская супольнасьць. Аднак назваць Беларусь усярэдненым прыкладам краіны зь не зусім спрыяльнай прававой сытуацыяй таксама не выпадае, - лічыць Кэці Фіцпатрык.
К.Ф.: - Давайце падумаем, дзе ў СНД зьнікаюць людзі? У зонах ваеннага канфлікту, у Чачні, і ў Беларусі. Ну, на Ўкраіне таксама адзін журналіст. Але тое, што тут трэціруюць такіх вядомых людзей, - гэта страшная справа, гэтага нельга выпусьціць з-пад увагі. У Эўропе, у АБСЭ трэба распачаць размову з гэтага. Дзе яны? Хто займаецца расьсьледаваньнем? Запалохваньне - гэта катаваньняў. І кожны кандыдат, кожны чалавек, які падтрымлівае незалежнага кандытата, глядзіць на гэты адмоўны праклад, што можа зь ім ці зь ёй стацца.
Дык ці варта ўскладаць асаблівыя надзеі на зьмены да лепшага пасьля прэзыдэнцкіх выбараў гэтага году. Ці сасьпелі беларусы, каб дэмакратычным шляхам зьмяніць сваё кіраўніцтва?
К.Ф.: - Мне не падабаецца гэтая тэорыя, што бываюць у прыродзе нейкія народы, якія "не сасьпелі". Ваш народ сасьпеў. Гэта, можа быць, вашыя ўлады не сасьпелі, каб было падзяленьне ўлады: выканаўчай, заканадаўчай, судовай. Напэўна, будзе нейкая кааліцыя за перамены, але незразумела, ці будзе гэта кааліцыя за дэмакратыю - у нашым разуменьні. Самыя розныя варыянты ёсьць: могуць адкласьці выбары, мне здаецца, могуць так крыху перарабіць закон, каб нацыянальны парлямэнт выбраў прэзыдэнта - як у Малдавіі, як у іншых краінах. Роля Масквы, вядома, неяк будзе выяўляцца (я ня ўпэўненая, што гэтая роля будзе станоўчая). У іх, у Расеі, тэндэнцыі таксама нэгатыўныя, што тычыцца СМІ й стаўленьня да грамадзянскае супольнасьці. Але насамрэч я думаю, праблема ня ў тым, што апазыцыя не аб`яднаная… Вядома, я не была на месцах, ня ведаю, якія настроі людзей. Але вось Эўропа й Амэрыка - ці будуць яны аб`яднаныя? Таму што розныя тэорыі існуюць, як ставіцца да постсавецкіх краінаў. Калі ва Ўсходняй Эўропе, скажам, у Харватыі, у Славакіі, у Сэрбіі, прайшлі выбары, то адбыўся паварот. Але што да краінаў былога Саюзу, то цяжка мне зараз думаць пра выбары ў якой-небудзь з гэтых краінаў. Вось возьмем Казахстан, Азэрбайджан, Расею нават, - выбары не абавязкова прыносяць свабоду й дэмакратыю. Сапраўды, гэта вялікая небясьпека: што ўмацуюць выбары - дэмакратыю ці дыктатуру? Калі выбары прывядуць да ўмацаваньня ці легітымізацыі цяперашняй дыктатуры - гэта, вядома, вельмі сумна…
"Аб`ём працы, якую трэба правесьці, каб гэтага ня здарылася, сапраўды вялізарны", - лічыць спн. Фіцпатрык.