 | ПАЛIТЫКА |  |

Нямеччына не выключае магчымасьці зьяўленьня жалезнай заслоны паміж Эўропаю й Беларусьсю 11:09, 19/03/2001

"Нямеччыне надакучыла аказваць Беларусі дапамогу, якая заключаецца ў адпраўцы гуманітарных грузаў", - заявіў нямецкі грамадзкі грамадзкі лідар Фрэд Дорн падчас свайго візыту ў Беларусь, - "такая дапамога не прадуктыўная і не мае перспектывы". Да такіх катэгарычных высноваў ён прыйшоў пасьля асабістага вопыту супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі, якія, па ягоных словах, настроены не на супрацоўніцтва, а на канфрантацыю. 
Баскетбол апынуўся пад жорсткім кантролем КДБ 11:08, 19/03/2001

Прэзыдэнтам Беларускай федэрацыі баскетболу стаў палкоўнік КДБ Леў Піменаў. Ён стаў далёка ня першым прадстаўніком сілавых структураў, які ўзначальвае спартовую федэрацыю. Як вядома, былы старшыня КДБ Уладзімер Мацкевіч узначальвае федэрацыю біятлёну, былы начальнік Службы бясьпекі прэзыдэнта Юры Бародзіч - федэрацыю хакею, былы глава Дзяржкамітэту па авіацыі Рыгор Фёдараў - федэрацыю футболю. Новы глава БФБ аказаўся верным сваёй асноўнай прафэсыі і паведаміў, што ён "дакладна не памятае, хто прапанаваў яму ўзначаліць федэрацыю". 
У Менск прыехалі прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту 11:07, 19/03/2001

Намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па новых незалежных дзяржавах Джон Пурнэл і начальнік адзьдзелу Беларусі, Малдовы і Украіны Дзярждэпартаменту ЗША Грэг Пэрэт будуць знаходзіцца 18-20 сакавіка ў Беларусі з рабочым візытам. У праграме візыту - сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычнай апазыцыі і праваабарончых групаў. Амэрыканцы таксама сустрэнуцца з дзяржаўнымі чыноўнікамі. Гэта першы візыт прадстаўнікоў новай адміністрацыі прэзыдэнта ЗША ў Беларусь. Зьвязаны ён, безумоўна, з надыходзячымі прэзыдэнцкімі выбарамі, пытаньне пра якія будзе падымацца на кожнай сустрэчы ў амбасадзе. 
Улады зноў правакуюць скандаль з КНГ АБСЭ ў Беларусі 11:06, 19/03/2001

Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва распаўсюдзіла 18 сакавіка інфармацыю пад назовам "Кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі Ханс-Георг Вік пазанаёміўся з ходам выбараў у Барысаве й парушэньняў не знайшоў". Падобна, што сёньня варта чакаць адказной ноты кансультатыўна - назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі, бо яна не займаецца афіцыйным назіраньнем за тым працэсам, які ўлады назвалі "давыбары ў палату прадстаўнікоў". 
У Барысаве дарэмна шукаюць выдаўца ўлётак 11:05, 19/03/2001

Супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў напрацягу трох гадзінаў правяралі дакуманты і абсталяваньне рэдакцыі газэты "Барысаўскія навіны" і барысаўскага адзьдзяленьня праваабарончага цэнтру "Вясна". Па словах рэдактара газэты, гэтая неспадзяваная праверка была зьвязана з улёткамі, што зьявіліся ў горадзе і распавядаюць пра хаос, які пануе ў выбарчай кампаніі ў "палату прадстаўнікоў". 
Дзень Волі на праспэкце Скарыны, а не на плошчы Бангалор 11:04, 19/03/2001

Мінгарвыканкам забараніў праводзіць у ДзеньВолі шэсьце па замоўленым маршруце. Дазволены толькі мітынг на плошчы Бангалор, якая даўно абрыдла. Але арганізатары заявілі, што не маюць намеру адзначаць гадавіну БНР на ўскрайку гораду і акцыя пройдзе ў раней замоўленым фармаце. Нагадаем, што сход удзельнікаў акцыі, прысьвечанай 83 гадавіне БНР, плянавалася правесьці на Юбілейнай плошчы ў 14.00. У 14.30 - шэсьце па вуліцах Раманоўская Слабада - Гарадзкі Вал - прспэкт Францыска Скарыны - вуліца Леніна - плошча Волі, дзе ў 15.00 павінен прайсьці мітынг, а пасьля канцэрт. 
Літва патрабуе экстардыцыі ваеннга злачынцы, на чыім сумленьні сьмерці тысячаў беларускіх габрэяў 11:03, 19/03/2001, Ю.С.Ньюс

Генэральная пракуратура Літвы падрыхтавала афіцыйную просьбу брытанскім уладам ад экстрадыцыі 85-гадовага Антанаса Гечаса-Гецявічуса, які падазраецца ў зьдзясьненьні ваенных злачынстваў на зямлі Беларусі. Падчас Айчыннай вайны А.Гечас кіраваў атрадам аднаго зь літоўскіх паліцэскіх батальёнаў. Па архіўных дадзеных, паліцэйскія батальёны былі падпарадкаваныя нацысцкай арміі й прымалі ўдзел у карных аперацыях, у тым ліку ў расстрэлах габрэяў. 
Польшча ўмацоўвае мяжу зь Беларусьсю 11:02, 19/03/2001

У хуткім часе Польшча ўсталюе на мяжы зь Беларусьсю дзьве новыя заставы - Нароўка і Пляска. Пабудаваньне новых заставаў - часка пляну ўмацаваньня ўсходняй мяжы ў апошнія гады. У Нароўцы ўжо пабудаваны гараж для новай заставы й будуецца жыльлё для памежнікаў. "Нават мыш не прасьлізьне праз новую мяжу" - пахваліўся польскі тэлеканал TV Polonia, які паведаміў пра гэтую навіну. 
Мільярдная запазычанасьць па заробку 11:01, 19/03/2001

Запазычанасьць па зарплаце ў Брэскай вобласьці пераўзышла 1 мільярд рублёў. Нягледзячы на тое, што на двары канец сакавіка, прадпрыемствы вобласьці, калгасы й саўгасы са сваімі работнікамі разьлічыліся толькі за сьнежань. А некалькі будаўнічых арганізацыяў Баранавічаскага і Ганцэвіцкага раёну так і не разьлічыліся за сьнежань. Бярозаўскі раён, які разьлічыўся за студзень, лічыцца "перадавіком", так у ліку даўжнікоў па заробку за першы месяц гэтага года - 14 прамысловых прадпрыемстваў, 5 будаўнічых арганізацыяў, а таксама 168 калгасаў і саўгасаў вобласьці. На іхнюю долю прыходзіцца амаль 980 мільёнаў запазычанасьці. 
|  |
|