Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Барысаве дарэмна шукаюць выдаўца ўлётак 11:05, 19/03/2001
Супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў напрацягу трох гадзінаў правяралі дакуманты і абсталяваньне рэдакцыі газэты "Барысаўскія навіны" і барысаўскага адзьдзяленьня праваабарончага цэнтру "Вясна". Па словах рэдактара газэты, гэтая неспадзяваная праверка была зьвязана з улёткамі, што зьявіліся ў горадзе і распавядаюць пра хаос, які пануе ў выбарчай кампаніі ў "палату прадстаўнікоў".
"Рэвізоры" прад`явілі распараджэньне аб праверцы ажыцьцяўленьня відаў дзейнасьці, якія падлягаюць ліцэнзаваньню, і выкананьня пры гэтым патрабаваньняў падаткавага заканадаўства РБ.
Падчас вобыску супрацоўнікі праваахоўчых органаў асабліва цікавіліся рэдакцыйным друкавальным абсталяваньнем. Рэдактар газэты сп.Букас настойліва прапаноўваў міліцыянтам правесьці экспэртызу ўлётак і катэгарычна адмаўляў, што яны надрукаваныя на ягоным абсталяваньні.
Нягледзячы на гэта, у рэдакцыі былі канфіскаваны прыхадныя ордэры на рэклямы, касавая кніга і іншыя дакуманты. Складзены пратакол канфіскацыі. Прычым, па словах супрацоўнікаў газэты, міліцыянты паводзілі сябе бясцырымонна, лазілі ў сэйфе. Сёньня праверка ў рэдакцыі будзе працягвацца.
У той самы дзень, 16 сакавіка, супрацоўнікі міліцыі правялі дагляд офісу барысаўскага адзьдзяленьня праваабарончага цэнтру "Вясна". Міліцыя спасылалася на скаргу суседзяў, якія нібыта незадаволеныя "незаконными сборищами" ў іхным доме. Аднак пазьней ніводзін з суседзяў не падцьвердзіў свой зварот да праваахоўчых ворганаў. Праваабаронцы ня выключаюць, што мэта міліцэйскага візыту была тая самая - пошук друкавальнага абсталяваньня і матар`ялаў.