Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міжнародны Камітэт абароны журналістаў занепакоены зьнікненьнем Зьміцера Завацкага 11:04, 21/03/2001
Міжнародны Камітэт абароны журналістаў лічыць зьнікненьне аператара ГРТ Зьміцера Завацкага адным з самых важных фактаў, якія характарызуюць савбоду слова ў Беларусі. Пра гэта было заяўлена на прэзэнтацыі штогадовай справаздачы гэтай міжнароднай арганізацыі "Ціск на свабоду слова-2000".
У прысьвечаным Беларусі разьдзеле справаздачы "Ціск на свабоду слова-2000" прыводзіцца падрабязная храналёгія парушэньняў свабоды слова ў нашай краіне: ад міліцэйскага "хапуну" 25 сакавіка, калі былі арыштаваныя 35 журналістаў да пазбаўленьня ліцэнзіі менскай тэлекампаніі "8-ы канал" у апошні дзень мінулага года. Самае вялікае значэньне ў гэтай храналёгіі ціску рэжыму Лукашэнкі на прэсу надавалася зьнікненьню аператара ГРТ Зьміцера Завацкага і канфіскацыя друкавальнага абсталяваньня недзяржаўнай друкарні "Мэджык".
У справаздачы таксама канстатуецца адсутнасьць паляпшэньня, а то й пагаршэньня сытуацыі адносна свабоды слова практычна ва ўсіх постсавецкіх краінах. Кардынальныя зьмены, на думку Камітэта абароны журналістаў, адбыліся толькі ў Сэрбіі й Харватыі, і зьвязана гэта выключна з палітычнымі зьменамі ў гэтых краінах - перамогаю на выбарах дэмакратычных сілаў.
І пра тэндэнцыі. Праваабаронцы заўважылі, што набыцьцё друкам большай свабоды ў шэрагу краінаў Усходняй Эўропы зьвязана зь іх імкненьнем да інтэграцыі ў эўрапейскія структуры, у першую чаргу ў Эўрапейскі Зьвяз. Абмежаваньне свабода слова - істотная перашкода на шляху да гэтай інтэграцыі, і ўлады, якія імкнуцца весьці свае краіны ў Эўропу, абавязаны забясьпечваць свабоду слова цалкам. Як заўважыў, выканаўчы дырэктар Камітэту абароны журналістаў Эн Купер, найбольш сур`ёзныя парушэньні свабоды слова назіраюцца ў тых краінах, дзе ўлады ігнаруюць меркаваньне сусьветнай супольнасьці. У такіх, як Беларусь, напрыклад.