|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Элеанора Язерская аб`яўляе вайну і раскрывае "тайныя спружыны" Беларускага тэлебачаньня 11:08, 21/03/2001, Наталя Радзіна У новым квартале ў сетцы вяшчаньня БТ "Музычнага Салёну" Элеаноры Язерскай, на жаль, няма. Замест гэтага гледачам бала прапанавана "Сустрэча ў Траецкім". праграма, мягка кажучы, не бліскучай якасьці, не вялікага розуму і зусім нетэлегенічнага вядучага. Але Язерская не таму склікала прэсавую канферэнцыю. Славы ў яе, і без эфіру на БТ поўна. А плацяць - капейкі. У апошні раз яна атрымала заробак у памеры 20.600 рублёў. Яна проста вырашыла, у рэшце рэшт, шчыра выказаць сваё меркаваньне пра "Першы нацыянальны тэлеканал". Выказаць яго ад імя ўсіх "рэзервістаў", якія сёньня засталіся не пры справе і вымушаныя існаваць на бядняцкі заробак і пры гэтым назіраць за ганьбаю, у якую ператварыўся іхні тэлеканал. Дарэчы, матэрыял "Ух ты! Ах ты! Бухтыбрахты!", нядаўна нашумелы ў "БДГ" - твор калектыўнай працы "рэзервістаў". "Кавалерыйскім наскокам за чатыры месяцы новае тэлебачаньне стварыць немагчыма. Можна толькі ўсё разбурыць. Што і адбылося. Было без шкадаваньня разбурана ўсё тое, што стваралася гадамі. Новае вяшчаньне павінна абавязкова мець сваю канцэпцыю. А якую канцэпцыю мае сёньняшняе БТ? Што яны хочуць? Ну, АТН я не чапаю - там усё зразумела. Але наш канал сёньня з гонарам называецца "першым". Праўда, ён і апошні. І нам, журналістам няма куды бегчы, куды перайсьці. Потым, ён называецца "нацыянальным". Няма ў ім нічога нацыянальнага. У сапраўды нацыянальнага канала павінна быць свая ідэя, свой твар, свае нацыянальныя праблемы, свая нацыянальная гісторыя. Але на нашым экране гісторыі ніякай няма. Я была б згодная нават на "сталінскую" гісторыю. Так і такой няма. А хто будзе казаць маладым пра тое, што мы маем сваю нацыянальную музыку і культуру? Дзе сёньня на БТ літаратура й кіно? Мы мелі прафэсыяналаў, спэцыялістаў. Было адзінаццаць рэдакцыяў! Як высьвятляецца - сёньня ў іх няма працы. Але яны рабілі хоць штосьці для духоўнага разьвіцьця нацыі. Але пра гэта ніхто зараз не думае. Не разумее, што, губляючы духоўнасьць, нацыя губляе ўсё. Яна не мае будучыні. Сёньня на БТ працуюць дылетанты, непрафэсыяналы і проста выпадковыя людзі. У выніку - экран зь нізкім інтэлектуальным узроўнем, разьлічаны на ПТВ". Далей Элеанора Аркадзьеўна дасьціпна ахарактарызавала шэраг тэлеперадачаў БТ, што засталіся ў новай сетцы вяшчаньня: Пра "Большой заватрак" і Алену Якаўлеву: "Хаця яны называюць сябе "нацыянальным каналам", любімае дзіця нашага кіраўніцтва "Большой завтрак" вядзе руская акторка. Прычым яна сама па сабе, а праграма сама па сабе. А мы ж маем масу выдатных акторак, якія б выдатна сыгралі хатніх гаспадынь і былі б не кіназоркамі, а простымі жанчынамі, зразумелымі й блізкімі простым гледачкам. Хацелася б ведаць, які ганарар у Алены Якаўлевай? Але гэта сакрэт. Я думаю, у пятнаццаць разоў болей чым у той самай Язерскай ці Хатэнкі". Пра "Вечерний экспресс", "Буднях" і Тацяне Сулімавай: "Усе забаўляльныя праграмы - пара показак і скрадзеныя кліпы. Пагаворым аб "Вечернем экспрессе" і пра "правадніцу цягніка далёкага накіраваньня і апошняга вагона" - Тані Сулімавай. Усе кліпы ў гэтай перадачы скрадзеныя і ў Беларусі няма ліцэнзіі на іх паказ. Гэта тычыцца і перадачы "Усё нармальна, мама". Што да "Будней", то ніводная тэлекампанія, якая сябе паважае ня зробіць вядучым праграмы, што прэтэндуе на сур`ёзнасьць і глыбіню ды-джэя з радыё. Хлопчык Перцаў нагадвае мне ціхага троечніка. Ён абсалютна ніякі. Таму і праграма такая бязьлікая. А як сябе Сулімава называе ў "Советской Белоруссии" - "Ваша Танюша Сулимова"? Так мы заслужылі гэта? Чаму я павінна гэта глядзець? А Паўла Ізотавіча Якубовіча я даўно хачу запытаць: "Як гэтай дзяўчыне, узровень якой мне відавочны, дадзена калёнка?" Я не хачу, каб вы падумалі, што я такая сьцерва і зайдрошчу маладым вядучым. Але сёньня на нашым тэлеканале ня лепшыя спадарыні. Гэта благія манеры, заціснутасьць, правінцыйнасьць…" Добра Элеанора Езерская сказала i аб кiраўнiку БТ Вiктару Чыкiну: "Я дзіўная жанчына, я не люблю камуністаў. І заўсёды, нават у савецкія часы, казала пра іх "гэтыя бальшавічкі". Мая бабуля з Патоцкіх. Але наогул Чыкін мне сымпатычны: за ўсе тры месяцы ягонай працы я ні разу не змагла трапіць да яго ў кабінет. Ён у нас хварэе вельмі часта. Як прыдзе на працу, як пабачыць усё гэтае - так адразу і хварэе". Са словаў Язерскай, становіцца відавочным, што БТ сёньня працуе выключна з пакорлівымі людзьмі сярэдніх талентаў. І вось падцьверджане. Адна дастаткова вядомая журналістка нядаўна мела з Рыбаковым цікавую размову. "Якія людзі патрэбны тэлебачаньню?" - запытала яна ў яго. "Людзі адданыя" - адказаў Рыбакоў. "Адданыя каму: гледачам, тэлебачаньню?" - спытала журналiстка. "Адданыя нам, кiраўнiцтву" - быў адказ. "Канешне, БТ мела патрэбу ў рэформах, але тое, як яны адбываюцца - гэта проста жахліва. Як можна ладзіць нейкія рэзэрвы, якія сталі рэзэрвацыяй? Я не пра сябе думаю, я пражыву. Я думаю пра сваіх калегаў, якія таксама атрымалі 20-25 тысячаў. А многія ж маюць па некалькі дзяцей. Як можна на гэтыя грошы карміць іх? Як можна людзей сёньня падзяляць на белых і чорных? Адным даваць працу, а іншым не даваць нічога. На БТ фукцыянуе маса паўсамадзейных дылетанцкіх студыяў. Пры гэтым прастайваюць сучасныя апаратныя, у якія былі ўкладзены вялікія грошы. Не працуюць сёньня і тэхнічныя работнікі. Значыць, гэта камусьці патрэбна. БТ неабходна фінансавая праверка. Замест таго, каб шукаць ворагаў у Амэрыцы й ЦРУ, хацелася б ведаць, хто кіруе "тайнымі спружынамі" Беларускага тэлебачаньня?" - скончыла свой гнеўны сьпіч былая вядучая "Музычнага салёну" і проста сьмелая і разумная жанчына Элеанора Язерская".
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|