 | ПАЛIТЫКА |  |

Менгарвыканкам мае намер атабраць ў людзей пустыя кватэры 11:13, 22/03/2001

Старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў заявіў, што асноўная задача Менгарвыканкаму "зрабіць так, каб кожны дом, кожны пад`езд і кожная кватэра знаходзілася пад кантролям". Іншымі словамі, мэр вырашыў узяцца за пустой жыльлё. І нягледзячы на тое, што гэтыя кватэры знаходзяцца ва ўласнасьці грамадзянаў, Паўлаў мае намер "знайсьці патрэбны механізм, каб кватэры былі занятыя". Гледзячы па некаторых рашэньнях Менгарвыканаму, вынесеных як да Паўлава, так і пасьля ягонага прыходу ў мэрыю, заканадаўства для яе не зьяўляецца асаблівай перашкодаю. Так што, плянуецца, праблема пустога жыльля будзе хутка вырашана і, магчыма, самым радыкальным спосабам. 
Медработнікі выказалі недавер уладам 11:12, 22/03/2001

Медработнікі Слонімскага раённага шпіталю выказалі недавер кіраўніцтву мясцовых органаў улады. Прычынай таму паслужыла катастрафічная сытуацыя ў сфэры аховы здароўя рэгіёну. Так, з-за адсутнасьці элементарных рэчаў - шпрыцаў і нават бінтоў - урачам неаднаразова даводзілася адкладаць тэрміновыя хірургічныя апэрацыі. Акрамя таго, медпэрсаналу шпіталя стала затрымліваецца выплата заробку. У звароце да адміністрацыі Слоніма работнікі шпіталю патрабуюць неадкладна выправіць сытуацыю ў медустановах рэгіёну, а таксама выплаціць заробак мясцовым чыноўнікам не як звычайна ў першую, а ў апошнюю чаргу. 
Беларуская Феміда: за забойства і крадзеж двух дзесяткаў яек - адно і тое ж пакараньне 11:11, 22/03/2001, "БДГ"

У Барысаве за крадзеж 20 яек аднаго грамадзяніна асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. А другога - за забойства чалавека, прыгаварылі да тых самых 2 гадоў, але…прымусовых працаў. 
Улады ставяць перад гаспадарнікамі невыканальныя задачы 11:10, 22/03/2001

Задачы, пастаўленыя перад сялянамі Брэсцкай вобласьці сёлета, спэцыялісты аблсельгасхарча ацэньваюць як надзвычай складаныя. Яны лічаць, што многія зь іх невыканальныя пры існуючым стаўленьні дзяржавы да сельскай гаспадаркі і дыспарытэце коштаў на ГСМ і сельгаспрадукцыю. 
Зарэгістраванаы першы ў гэтым годзе выпадак шаленства 11:09, 22/03/2001

У Беларусі зарэгістраваны першы сёлета выпадак захворваньня на шаленства сярод буйной рагатай жывёлы. Варта адзначыць, што размова ідзе не пра захворваньне губчатай энцэфалапатыяй, якое таксама называюць "каровіным шаленствам". Мяркуецца, што шаленства было выклікана ўкусам дзікай жывёлы. 
Ліга Правоў Чалавека асуджае прыгавор адносна дэпутата Шчукіна 11:08, 22/03/2001

Выканаўчы дырэктар аўтарытэтнай міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Міжнародная Ліга Правоў Чалавека" Кэці Фіцпатрык зьвярнулася з адкрытым лістом да прэзыдэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі паводле нядаўняга судовага вердыкту адносна дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валеры Шчукіна, які прыгавораны да 3 месяцаў утрыманьня па абвінавачваньні ў хуліганстве. Мы прапануем вашай увазе цалкам тэкст звароту. 
З Акрэсьціна ў "Паціа Піцца" 11:07, 22/03/2001, Наталя Радзіна

Учора са спэцпрыёмніка - разьмеркавальніка на Акрэсьціна выйшаў Антон Цялежнікаў. Праўда, на паўтары гадзіны пазьней. Міліцыя зрабіла ў сё магчымае, каб сапсаваць хлопцу дзень выхаду на свабоду. 
Паступіў загад: пра Зьміцера Завацкага ні слова 11:06, 22/03/2001

Кіраўнікі МУС Расеі адкрыта засьцерагаюцца публічных выказваньняў прах од расьсьледаваньня крамшнальнае справы аб зьнікненьні аператара ГРТ Зьміцера Завацкага. Ты больш, яны ніяк не пагаджаюцца камэнтаваць дзеяньні беларускіх праваахоўчых ворганаў. Так, 21 сакавіка першы намесьнік міністра ўнутраных справаў Расеі Ўладзімер Казакоў адмовіўся даць інтэрв`ю на гэтую тэму карэспандэнту ГРТ у Менску Зьміцеру Наважылаву. У прыватнай размове ён даў зразумець, што "табу" на публічныя выказваньні па гэтай тэме сыходзіць ад самаго міністра ўнутраных справаў Расеі Ўладзімера Рушайла. 
Яшчэ адзін паварот у закручваньні гаек 11:05, 22/03/2001

Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Міхаіл Мясьніковіч зацьвердзіў новую канцэпцыю працы прэсавай службы дзяржустановаў. Зараз усе свае пляны патрэбна будзе ўзгадняць з Нацыянальным прэс-цэнтрам, а той у сваю чргу - з прэсавай службай Аляксандра Лукашэнкі. Кантраляваць выкананьне распараджэньня будзе Ўладзімер Замяталін. Механізм ужо пачаў дзейнічаць. 
Ідэялягічная зброя ў баявой гатоўнасьці 11:04, 22/03/2001, Наталя Радзіна

На беларускім тэлебачаньні вось-вось зьявіцца новая (ці даўно забытая старая) рэдакцыя грамадзка - палітычных праграмаў. Узначальваць гэтую рэдакцыю будуць выключна супрацоўнікі КДБ і работнікі Адміністрацыі прэзыдэнта. Пра гэта прэс-цэнру Хартыі стала вядома з даставерных крыніцаў на БТ. 
НТВ усё ж такі будзе судзіцца з БТ 11:03, 22/03/2001

Расейскі тэлеканал НТВ на гэтым тыдні падае ў арбітражны суд Масквы зыск Беларускаму тэлебачаньню.Тэлекампанія мае намер адстойваць свае правы на трансляцыю ў Беларусі асабістай рэклямы ў судовым парадку. Для гэтага ўжо падрыхтаваныя ўсе неабходныя дакуманты. Пра пляны НТВ паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара па рэгіянальным вяшчаньні Аляксандар Герасімаў. 
Рабочыя Менскага заводу колавых цягачоў сыходзяць вымушаны адпачынак 11:02, 22/03/2001

Менскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) адпраўляе сваіх рабочых у вымушаныя водпускі. Як паведамілі БелаПАН спэцыялісты Агенцтва дзелавых сувязяў, прадпрыемства працуе не на поўную сілу з-за фінансавых праблемаў. Гэта зьвязана з тым, што за экспартную партыю машынаў яшчэ не расплаціўся турэцкі бок. Таму некалькі дзён таму работнікаў прадпрыемства сталі адпраўляць у вымушаныя адпускі тэрмінам на тыдзень. 
За два першых месяцы года рэальны заробак упаў на 8,5% 11:01, 22/03/2001

Паводле зьвестак Міністэрства статыстыкі і аналізу, у лютым 2001 года сярэдняя налічаная заработная плата рабочых і служачых павялічылася на 2,7 адсоткі і склала 91.559 рублёў. Аднак, нягледзячы на рост, гэта ніжэй за снежаньскі ўзровень зарплаты (91.961 рубель). Яшчэ болей, рост заробку аказаўся ніжэйшым за тэмпы лютаўскай інфляцыі (3,9 адсоткі). Такім чынам, за першыя два месяцы 2001 года рэальная зарплата зьнізілася на 8,5 адсоткі (за студзень - на 7,4 адсоткі, за люты - на 1 адсотак). 
|  |
|