Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускія жанчыны заклікаюць Лукашэнку адмовіцца ад рэпрэсіяў у Дзень Волі 11:12, 23/03/2001
"Адумайцеся, не ладзіце у гэты дзень правакацыяў, не выводзьце на вуліцы бронетэхніку, сабак, не арганізоўвайце масавых арыштаў і гвалту, як летась, калі было схоплена больш за 500 чалавек" - заклікаюць беларускія ўлады напапярэдні Дня Волі Зінаіда Ганчар, Людміла Карпенка, Зоя Кудзінава, Ірына Красоўская, Тацяна Леановіч-Клімава, Людміла Шарамет, Любоў Шчукіна і многія іншыя жонкі і маці грамадзкіх і палітычных дзеячаў. "Ніхто не мае права прымусіць чалавека ў пагонах выконваць злачынныя загады. Не чыніце гвалту, не дазваляйце нікому рабіць з вас катаў свайго народа" - заклікаюць жанчыны міліцыянтаў.
У заяве, зь якой яны выступілі 22 сакавіка, зазначаецца, што 25 сакавіка - "сьвяты для беларусаў дзень, і кожны, хто паважае сваіх продкаў, сваю Айчыну, адзначае 25 сакавіка як найвялікшае свята". Жанчыны асуджаюць дзеяньні менскіх гарадзкіх уладаў, якія забаранілі арганізатарам акцыі з нагоды Дня Волі прайсьці калёнаю па цэнтральных вуліцах гораду і правесьці святочны мітынг. "Улада, прыніжаючы наш народ, адсылае людзей на былую балотную станцыю (плошча Бангалор), туды, дзе мясцовыя жыхары выгульваюць сабак", - гаворыцца ў заяве, пад якой стаіць 31 подпіс.
Між іншым, вядома, арганізатары акцы заявілі, што не маюць намеру адзначаць гадавіну БНР на ўскрайку гораду і акцыя пройдзе ў раней замоўленым фармаце. Нагадаем, што сход удзельнікаў акцыі, прысьвечанай 83 гадавіне БНР, плянавалася правесьці на Юбілейнай плошчы ў 14.00. У 14.30 - шэсьце па вуліцах Раманоўская Слабада - Гарадзкі Вал - праспэкт Францыска Скарыны - вуліца Леніна - плошча Волі, дзе ў 15.00 павінен прайсьці мітынг, а пасьля канцэрт.
У той жа час у Менску зьявіліся ўлёткі Беларускага вызвольнага руху, які заклікае на альтэрнатыўную акцыю ў Дзень Волі 25 сакавіка. Арганізатары прапаноўваюць прыйсьці ў гэты дзень а 12-й гадзіне на пляц Незалежнасьці. "Беларусь для беларусаў - гэта ёсьць галоўны беларускі заклік насустрач нашаму найвялікшаму сьвяту - Дню Волі", - пазначана ва ўлётцы. Праграма сьвяточнай імпэзы не паведамляецца.