Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь пераўтвараецца ў краіну самазабойстваў 11:01, 05/04/2001
Па колькасьці самазабойстваў Беларусь наблізілася да звышвысокага паказчыку: калі ў 1999 годзе ўзровень суіцыдаў склаў 28,7 выпадкаў на 100 тысячаў насельніцтва, то летась -- ужо 30,6. Усяго ж у 2000 годзе ў Беларусі зафіксаваныя звыш трох тысячаў самазабойстваў. Такія зьвесткі прывёў 4 красавіка начальнік упраўленьня лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Беларусі Аляксандр Цыбін на прэсавай канферэнцыі, прысвечанай Сусьветнаму дню псыхічнага здароўя, які адзначаецца 7 красавіка.
Па словах Цыбіна, на фоне неспрыяльнай дэмаграфічнай сытуацыі, якая характарызуецца скарачэньнем колькасьці насельніцтва, узрастае яго алкагольная і наркатычная залежнасьць і не зьніжаецца ўзровень суіцыдаў. Як патлумачыў спэцыяліст, па гэтым паказчыку краіны падзяляюцца на чатыры групы, ад нізкага да звышвысокага, i менавіта да апошняга набліжаецца Беларусь. "Міністэрства вельмі закляпочана тым, што за апошнія тры гады ў структуры сьмяротнасьці гібель людзей ад траўмаў, атручваньняў і самазабойстваў выйшла на трэцяе месца", -- сказаў Аляксандр Цыбін. Урачы зьвяртаюць асаблівую ўвагу на той факт, што дзьве трэці выпадкаў суіцыдаў зьвязаны з алкагольным ап`яненьнем. Паколькі яшчэ пяць-шэсць гадоў таму падобная сувязь не прасочвалася, гэта сьведчыць аб распаўсюджваньні п`янства, якое становіцца адной з сур`ёзных праблемаў захаваньня псыхічнага здароўя насельніцтва, зазначыў Аляксандр Цыбін.