Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
МВФ негатыўна ўспрыняў "асаблівасьці нацыянальнай эканомікі" 11:05, 09/04/2001
"Працяг дзеяньняў кшталту дырэктываў аб выдзяленьні грошай на сяўбу прадпрыемствамі ўсіх форм уласнасьці будзе негатыўна ўспрыняты ў Вашынгтоне. Працяг такога ціску ня будзе мець станоўчага ўплыву ні на праграму рэформаў, ні ўвогуле на беларускую эканоміку", -- заявіў сталы прадстаўнік МВФ у Літве й Беларусі Марк Хортан.
Распараджэньні, якія былі выдадзены апошнім часам шэрагам райвыканкамаў, аб фактычна прымусовым адлічэньні грошай прадпрыемствамі і арганізацыямі ў фонд пасяўной кампаніі, не адпавядаюць духу пагадненьня паміж Беларусьсю і Міжнародным валютным фондам аб кароткатэрміновай праграме эканамічных рэформаў.
Тэрмін выкананьня праграмы, разьлічанай на шэсць месяцаў, пачаўся 1 красавіка, але пагадненьне аб ёй пакуль што не зацьверджана кіраўніцтвам МВФ, бо ў апошнія дні давялося праводзіць дадатковыя кансультацыі, каб высьветліць некаторыя пытаньні. Паводле словаў сталага прадстаўніка МВФ у Літве й Беларусі Марка Хортана, рашэньне аб зацьвярджэньні праграмы будзе прынята ў штаб-кватэры МВФ у Вашынгтоне ў бліжэйшыя 10 дзён.
Сп. Хортан заявіў, што Кароткатэрміновая праграма рэформ, аб якой беларускі ўрад дамовіўся з МВФ, не прадугледжвае якой-небудзь фінансавай падатрымкі Беларусі з боку фонду.