Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Як паведамілі РІА "Новости" крыніцы ва ўрадзе, Барадзіна будзе выкупаць выканкам "саюзу" Расеі й Беларусі. У адпаведнасьці з працэдураю, швэйцарскі бок спачатку атрымае гарантыі пераліку грошай ад афіцыйных асобаў у выканкаме "саюза" Расеі й Беларусі, а пасьля будзе агаворана сама працэдура пераліку грошай. Нагадаем, вызваленьне Барадзіна пад закляд швэйцарскія ўлады ацанілі ў $3,5 млн.
ЗУБР правёў новую акцыю, якая нагадвае аб зьніклых бяз зьвестак Зьміцеру Завацкім, Юры Захаранку, Віктару Ганчары й Анатолі Красоўскім. Пасьля газэтаў і ўлётак "зубры" вырашылі паказаць людзям кіно. У Менску ля буйных кінатэатраў "Аўрора", "Масква" і "Кастрычнік" па сканчэньні сэансаў былі раздадзены некалькі сотняў відэякасэтаў з фільмам Паўла Шарамета "Дзікае паляваньне".
Аднаму з чатырох дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты, старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімеру Ганчарыку забаранілі ў Брэсьце сустрэцца з калектывам электралямпавага завода і ў Кобрынскім раёне з рабочымі калектывамі некалькіх гаспадарак. "Я хацеў бы папрасіць выбачэньня перад вамі за тую сытуацыю, што склалася ў рэспубліцы. Мне непрыемна, што з высокіх трыбунаў гучаць адны заявы, а на справе адбываецца зусім іншае", -- сказаў Ганчарык на сустрэчы з актывам Брэскага абласнога аб`яднаньня прафсаюзаў.
Суд Цэнтральнага раёну Гомлі 11 красавіка прызнаў намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімера Старчанку і члена партыі Алесю Кацапаву вінаватымі ў правядзеньні 25 сакавіка ў Гомлі несанкцыянаванага пікета. Разгледзеўшы матэрыялы справы, судзьдзя Яраслаў Парэмскі прызначыў кожнаму ўдзельніку акцыі штраф у памеры 35 мінімальных заробкаў (154 даляры ЗША).
Вядомы беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў, які зьехаў жыць у Нямеччыну, даслаў у Беларускі ПЭН-цэнтар ліст з падзякаю "за разуменьне і падтрымку", выказаныя ў заяве ягоных калегаў. Размова йдзе пра нядаўнюю заяву ў СМІ шэрагу беларускіх пісьменьнікаў, якія запатрабавалі ад уладаў "спыніць ганебнае шальмаваньне" у дзяржаўных СМІ сусьветна вядомага беларускага пісьменьніка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Быкава.
Беларускія ўлады забаранілі ўвоз з Эўропы ўсіх відаў жывёлаў і птушак, прадуктаў забою, перапрацоўкі малака й сыравіны, атрыманага ад жывёлаў і птушак. Гэтая забарона накіравана на недапушчэньне заносу на тэрыторыю Беларусі яшчура і іншых інфекцыйных захворваньняў, небясьпечных як для жывёлаў, так і для чалавека.
У Беларусі створаны Рэспубліканскі штаб па пытаньнях вясновай сяўбы і ўборкі ўраджаю ў 2001 годзе. Кіраўніком штабу, згодна з пастановаю Савета Міністраў, прызначаны намесьнік прэм`ер-міністра Аляксандр Папкоў, а ягоным намесьнікам -- міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Русы. Адказнасьць за выкананьне рашэньняў штабу ўскладзена на кіраўнікоў аблвыканкамаў і райвыканкамаў.
Бабруйск выдзяліў сродкі на зарплату работнікам калгасаў і саўгасаў прыгараднага раёну, бо палове калгасаў і саўгасаў Бабруйскага раёну яе ня выплацілі яшчэ за люты. Гарвыканкам аказаў свайму падшэфнаму рэгіёну зваротную фінансавую дапамогу і выдзяліў са свайго бюджэту 62 мільёны рублёў. Разьлічвацца земляробцы будуць з гараджанамі ўвосень сваёй сельскагаспадарчай прадукцыяй. Акрамя таго, прынята рашэньне за кошт сродкаў горада закупіць для падшэфнага Бабруйскага раёну азотныя ўгнаеньні на суму 350 мільёнаў рублеў.
Cямёра актывістаў Маладога Фронту прыйшлі ўчора да сьценаў менскага прыёмніка-разьмеркавальніка, дзе адбываюць пакараньне лідэр БНФ Вінцук Вячорка, ягоны намесьнік Алесь Бяляцкі, кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец і выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі, паведамляе радыё "Свабода". Ля яго быў праведзены пікет салідарнасьці з палітвязьнямі, што адбываюць суткі арышту за сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка.
Месяц таму Алякандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт "Аб некаторых мерах па ўдасканальваньню парадка атрыманьня й выкарастаньня замежнай бясплатнай дапамогі", у якім гаворыцца, што гуманітарная дапамога, якая паступае ў Беларусь з-за мяжы "ня можа выкарыстоўвацца для ажыцьцяўленьня дзейнасьці, накіраванай на зьмену канстытуцыйнага ладу, захоп ці зьвяржэньне дзяржаўнай улады". Сёньня дэкрэт, які супярэчыць не толькі міжнародным стандартам, але й Канстытуцыі, "выпраўленую" самім Лукашэнкам, уступае ў законную сілу.
Прадстаўнік беларускага Міністэрства абароны ў сераду заявіў расейскаму Агенцтву вайсковых навінаў, што "Беларусь зарабіла каля 1 мільярда даляраў, праз продаж зброі ды вайсковага абсталяваньня з 1994 па 2000 год".
Сёньня абвінаваўчая палата Жэневы прыняла рашэньне пра тое, што "дзяржсакратар саюзу Расеі й Беларусі" Павал Барадзін можа быць вызвалены пад закляд у 5 млн.швэйцарскіх франкаў (каля 3,5 млн. даляраў). Нягледзячы на хваробу, Барадзін здолеў сам прысутнічаць на паседжаньні палаты, перадае эўрапэйскае бюро РБК. Паведамляецца, што Барадзін будзе адпушчаныы адразу, як толькі сума залёгу будзе ўнесена ў касу жэнеўскага Палацу правасудзьдзя.
"Ва ў інвестыцыйнай працы ў рамках "саюзнай дзяржавы" актыўнасьці расейскага боку пакуль не відаць. Рэалізацыя праэктаў ў рамках саюзнага бюджэту "ідзе вяла", -- заявіў намесьнік міністра эканомікі Беларусі Валеры Дрозд на сэмінары па праблемах інвестыцыяў, што адбыўся 10 красавіка. "Замежныя інвестары прыходзяць на беларускі рынак, "як разьведчыкі". Яны адносяць Беларусь да ліку аўтсайдэраў сусьсетнага рынку інвестыцыяў".
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб усталяваньні дыпляматычных зносінаў паміж Беларусьсю й Рэспублікай Конга. Ён мяркуе, што ўсталяваньне дыпляматычных адносінаў з Конга будзе садзейнічаць актывізацыі двухбаковых адносінаў ва ўсіх накірунках, а таксама пашырэньню ўзаемадзеяньня ў міжнародных арганізацыях.
Падрыхтаваны адміністрацыяй Джорджа Буша праэкт бюджэту ЗША на 2002 фінансавы год мае на мэце скарачэньне на 11% фінансаваньня праграмаў па забесьпячэньні ядзернай бясьпекі на тэрыторыі былога СССР, паведамляе агенцтва Bloomberg.
У Беларусі зарэгістравана больш за 100 тысячаў беспрацоўных, што вышэй аналягічнага паказальніка беспрацоўя за мінулы год. Яно складае 1,85 адсоткі да колькасьці працаздольнага насельніцтва. Каля 60 адсоткаў беспрацоўных складаюць жанчыны ва ўзросьце да 29 гадоў. Па дадзеных спэцыялістаў, службаю працаўладкаваньня было ўладкавана ўсяго 38,4 тысячы чалавек і толькі каля 12 тысячаў грамадзянаў накіраваныя на прафесыйнае навучаньне.