Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь, адзін з найбуйных імпартэраў расейскіх цыгарэтаў, аб`явіла пра пачатак расьсьледаваньня адносна ўвозу ў краіну тытунёвых вырабаў. Ініцыятары гэтай працэдуры, беларускія вытворцы, не выключаюць, што меры могуць быць прынятыя і адносна расейскіх кампаніяў. Нягледзячы на тое, што паміж Расеяй і Беларусьсю падпісана "саюзная" дамова і не існуе мытных бар`ераў, нота пра пачатак расьсьледаваньня паступіла ў расейскую амбасаду, паведаміла эспэрт гандлёвага прадстаўніцтва Расеі Ірына Пашкова.
На Камянецкім вытворча-харчовым прадпрыемстве апошні заробак за люты выплацілі пустымі шклянымі банкамі 0,5 л і закаткавымі накрыўкамі. Як без ахвоты распавялі "Вечернему Бресту" ў бухгальтэрыі прадпрыемства, рабочыя "затаварваліся" слоікамі на палову сумы сваёй зарплаты, а адміністрацыя - на ўсе 100%. Зараз работнікі прадпрыемства ламаюць галаву, як збыць тару нехадавога памеру.
Запазычанасьць суб`ектаў гаспадараньня прадпрыемствам канцэрнэну "Белэнэрга" за спажытую энэргію склала 423,3 мільярды рулёў (327 мільёнаў даляраў ЗША). З пачатку гэтага год запазычанасьць вырасла на 120 мільярдаў рублёў, ці на 40 адсоткаў.
У расклад айчынных авіяперавозак з сёньня ўключаны авіярэйс "Гомля-Менск-Гародня". Працягласьць палёту - усяго толькі дзьве гадзіны, адпаведна з Гомлі да Менску - 1 гадзіна і столькі сама ад сталіцы да Гародні. Самалёт АН-24, разьлічаны на 48 пасажыраў, належыць авіякампаніі "Гомельавія", і ягоныя пасажыры могуць лётаць толькі эканамічнай клясай. І толькі тры разы на тыдзень --па панядзелках, серадах і пятніцах. Кошт квітка - 10 тысячаў рублёў (да Менску) і 19,5 (увесь маршрут). У Менску білеты можна набыць у касах Цэнтральнага агенцтва паветраных сувязяў па адрэсе К.Маркса,28.
Удзельнік руху ЗУБР Павал Юхневіч быў затрыманы позна вечарам 13 красавіка на вулiцы Слабадзкая ў Менску за 50 метраў ад надпiсу "Где Гончар?". У 2-м адзьдзяленьні міліцыі ў агуле хлопцу прыйшлося правесьці ажно 9 гадзінаў. У той самы дзень службаю аховы БДУ былі затрыманы яшчэ два зубра - Рымашэўскі Сяргей і Ларыса Нікалаюк. Маладыя людзі былі зьбіты, пасьля іх "здалі" ў РАУС Маскоўскага раёну Менску, дзе іх пратрымалі 6 гадзінаў.
Зубр працягвае распаўсюджваць касэты з фiльмам Паўла Шарамета "Дзiкае паляваньне", якi распавядае аб лёсах зьнiклых на Беларусi вядомых людзей. 14 красавіка фільм распаўсюджваўся на рынку Слоніму. Разам з касэтамi зубры раздавалi агiтацыйныя ўлёткi, бюлетэнi ЗУБРа й налепкi. Таксама ў цэнтры гораду былi расклеены партрэты Юры Захаранкi, Вiктара Ганчара, Анатоля Красоўскага i Зьміцера Завадзкага, якiя былі хутка сарваныя супрацоўнікамі праваахоўчых ворганаў.
На банкаўскіх рахунках былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Расеі Паўла Барадзіна, зараз сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, па-ранейшаму замарожана некалькі мільёнаў даляраў. "Ён абвінавачваецца ў адмыванні грошай тут у Жэневе, а не ў карупцыі ў Расеі", -- паведаміў мне яшчэ ў чэрвені 2000 года генэральны пракурор кантону Бернар Бертоса.
Расейская ваенная дэлегацыя, якую ўзначальвае міністар абароны Сяргей Іваноў прыбывае сёньня ў Менск для ўдзелу ў паседжаньні Сумеснай калегіі ваенных ведамстваў дзьвюх краінаў. Расейскі міністар мае намер сустрэцца з дзяржсакратаром Савету бясьпекі Уралам Латыпавым. Заўтра Іваноў зьбіраецца перамовіцца пра штосьці звышсакрэтнае зь беларускім калегам Леанідам Мальцавым - размова будзе выключна канфідэнцыяльнай.
Міністэрства замежных справаў Чэхіі адрэагавала на інцыдэнт з чэшскім грамадзянінам, офіс-менеджэрам беларускага адзьдзялення чэшскага фонду "Чалавек у бядзе" Міхалам Плаўцам, які 13 красавіка быў дэпартаваны зь Беларусі. "Дэпартацыя чэшскага грамадзяніна, прадстаўніка арганізацыі "Чалавек у бядзе", расцэньваецца намі як антыдэмакратычны крок, -- заявіў прэсавы сакартар МЗС Алеш Поспішэл. -- "Чалавек у бядзе" -- фонд, які дапамагае развіцьцю дэмакратычных інстытутаў у Беларусі, падтрымлівае незалежную журналістыку і апазыцыйныя аб`яднаньні. Лукашэнка яшчэ раз паказаў свае дыктатарскія манеры... перад восеньскімі прэзыдэнцкімі выбарамі".
13 красавіка пасьля адбыцьця 15-сутачнага адміністрацыйнага пакараньня са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка ГУУС Мінгарвыканкаму быў вызвалены старшыня БНФ "Адраджэньне" Вінцук Вячорка. У гэты ж дзень са спэцпрыёмніку-размеркавальніка быў вызвалены і выконваючы абавязкі старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Юры Беленькі. Суд гораду Менска перагледзеў ягоную адміністрацыйную справу і адмяніў пакараньне. З 15 сутак арышту Беленькі адбыў 9. А ўчора з тюрьмы выйшаў лідар "Маладога Фронту" Павал Севярынец. Усе яны былі асуджаны за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця й мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіка.
Зборачны канвеер Менскага аўтамабільнага заводу, па ўсёй верагоднасьці, будзе спынены з 16 красавіка на нявызначаны тэрмін. Па словах кіраўніка Цэнтра грамадзкіх сувязяў МАЗу Валянціна Лопана, канвеер аўтазаводу ўжо не працаваў 6 красавіка. Выключэньне склалі кіраўніцтва прадпрыемства, збытавыя, снабэжнскія і фінансавыя службы, якія працу не спыняюць.
Буйны ўкраінскі экспэрт у галіне атамнай энэргетыкі, былы намесьнік генэральнага дырэктара ЧАЭС па "Аб`екце "Укрытие" Валянцін Купный заявіў, што абалонка саркафагу вакол атамнага рэактару на чарнобыльскай АЭС можа рухнуць у любы час. Купны паведаміў пра гэта ў інтэрвію нямецкаму часопісу Focus.