Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На швэйцарскіх рахунках Барадзіна па-ранейшаму замарожаны мільёны даляраў 11:06, 16/04/2001, Юры Сьвірко
На банкаўскіх рахунках былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Расеі Паўла Барадзіна, зараз сакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі, па-ранейшаму замарожана некалькі мільёнаў даляраў. "Ён абвінавачваецца ў адмыванні грошай тут у Жэневе, а не ў карупцыі ў Расеі", -- паведаміў мне яшчэ ў чэрвені 2000 года генэральны пракурор кантону Бернар Бертоса.
Ён сказаў тады, што фірмы "Мабэтэкс" і "Мерката",зьвязаныя з рэстаўрацыяй Крамлю пры Барысе Ельцыне і Паўлу Барадзіне, "перадалі розным расейскім чыноўнікам вельмі вялікія сумы так званых камісійных". Адначасова Б.Бертоса падкрэсьліў, што па швэйцарскіх законах нельга проста так перасьледаваць якога-небудзь карумпаванага чыноўніка з Расеі, але толькі калі той спрабуе схаваць грошы ў Швейцарыi, тады можна. "Мы ведаем шмат. Ен атрымаў вельмі вялікія сумы грошай", - сказаў пра расейска-беларускага дзяржсакратара генэральны пракурор Жэневы.
На пытаньне ці будзе арыштаваны П.Барадзін у выпадку паездкі ў Заходнюю Эўропу, Б. Бертоса адказаў, што швэйцарскі ордэр на арышт можа быць трох тыпаў: унутраны, эўрапэйскі й сусьветны. "Пры выдачы такога ордэра, судзьдзя не раскрывае ягоны тып", - сказаў ён, нібы апярэджваючы падзеі студзеня гэтага года ў аэрапорце Нью-Ёрку.
На маю просьбу расказаць, ці ўлічвалі праваахоўчыя ворганы Жэневы сёньняшні статус П.Барадзіна як міжнароднага расейска-беларускага чыноўніка, генэральны пракурор даў такі адказ: "Мяне гэта не хвалюе. У яго тут няма ніякага імунітэту. Гэта б мела значэньне, калі бён меў такі імунітэт у Швэйцарыі, але тут іншы выпадак". Гэтай пазыцыі Б.Бертоса прытрымліваецца і сёньня, што вельмі важна для вызначэньня сапраўднага месца "саюзнай дзяржавы" ў сыстэме міжнародных арганізацыяў.
Па словах Б.Бертоса, па справе аб адмываньні грошай зь Нігерыі было замарожана паўмільярды даляраў, такія ж дзеяньні прадпрымаліся па Пакістану і па суседнім краінам, а зусім нядаўна - адносна Украіны і ейнага былога прам`ера Паўла Лазарэнка. "Я асабіста напісаў генэральнаму пракурору ў Маскву, што на рахунках П.Барадзіна ёсьць пэўныя сумы. Так што яны ведаюць", -- сказаў ён.
На маё пытаньне, колькі можа працягвацца расьсьледаваньне справы былога кіраўніка справамі прэзыдэнта Расеі, генэральны пракурор Жэневы ў чэрвені 2000 года адказаў: "Магчыма, 2 месяцы, а можа і 2 гады. Але калі быць аптымістам, то наогул не прыйдзецца займацца справаю Б.Барадзіна. Калі ён будзе асуджаны ў Расеі, нам не трэба будзе гэта рабіць у Швэйцарыі".