Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Улады прыгадалі актывісту апазыцыі Валеры Шчукіну падзеі амаль двухгадовай даўнасьці, і праз гарадзкі суд Менску за ўдзел у Маршы Свабоды 1 прыгаварылі да штрафу ў памеры 30 мінімальных заробкаў. Яшчэ аднаго апазыцыянэра, лідэра БСДП "Народная Грамада" Мікалая Статкевіча - да штрафу ў памеры 100 "мінімалак". Іх абвінавацілі ў парушэньні артыкула 186 ч.3 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, накіраваных на парушэньне грамадзкага парадку).
Штогод зь Беларусі на сталае месца жыхарства ў іншыя краіны выязджаюць у сярэднім 70 вучоных і выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў. За перыяд з 1996 па 1999 год з краны эмігравалі 279 навуковых работнікаў і выкладчыкаў, у тым ліку 25 дактароў навук і 136 кандыдатаў навук. Такія зьвесткі прывёў кіраўнік Цэнтра маніторынгу міграцыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Арцюхін у інтэрвію рэспубліканскай навуковай газэце "Веды".
Папулярнасьць беларускіх шынаў на літоўскім рынку падае. Калі й прадаецца некаторая іх колькасьць для трактараў і грузавікоў, то ў сэктары легкавога транспарту карціна зусім сумная. Зьвязана гэта з тым, што ў Літве амаль не засталося савецкіх і рускіх легкавых аўтамабіляў. "Белшына" у сваю чаргу, ня здолела арганізаваць эфектоўнай рэклямы сваёй прадукцыі і даказаць, што беларускімі шынамі можна забясьпечыць не толькі "жыгулі", але і "опелі", "фальксвагены", "мазды" і іншыя замежныя маркі. Пэўную негатыўную ролю адыграла і неабачлівая цэнавая палітыка.
З 1993 года ў Беларусі амаль у чатыры разы скараціліся асыгнаваньні на рэстаўрацыю помнікаў гісторыі і культуры. Як паведаміў на прэсавай канферэнцыі 16 красавіка намесьнік старшыні Камітэту па рэстаўрацыі і кансэрвацыі помнікаў пры Міністэрстве культуры Беларусі Ігар Чарняўскі "працэс скарачэньня дзяржаўных асыгнаваньняў на аднаўленьне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў распачаўся ў 1993 годзе, калі на гэтыя мэты са сродкаў дзяржаўнага бюджэту было выдзелена 11 мільёнаў рублёў у цэнах 1991 года". Разам з тым, зазначыў ён, у апошнія тры-чатыры гады аб`ём інвестыцыяў, якія былі выдзялены Камітэту са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, складае прыкладна 3 мільёны рублёў у цэнах 1991 года.
"КНГ з занепакоенасьцю назірае за публічнай кампаніяй, што грунтуецца на сфабрыкаваным і таму фальшывым асацыяваньні місіі з ваяўнічасьцю, баевікамі ды іншай незаконнай дзейнасьцю," - заявіла КНГ АБСЭ ў адказ на скандальную й агрэсыўную заяву старшыні КДБ Леаніда Ерына, які назваў падрыхтоўку выбарчых назіральнікаў з удзелам міжнародных структураў "сапраўднай вэрбоўкаю".
Восемдзесят рабочых магілёўскага прадпрыемства ААТ "Будтрэст" перадалі ў пракуратуру Цэнтральнага раёну гораду скаргу, у якой указваецца на грубыя парушэньні на сходах у працоўных калектывах па вылучэньню дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд, што ладзяць улады. Рабочыя маюць намер накіраваць Лукашэнку заяву аб магчымым непрызнаньні вынікаў зьезду.
Сьледчым камітэтам пры Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненьні да старшыні праўленьня адкрытага акцыянэрнага таварыства "Беларускі Біржавы Банк" Андрэя Маркоўскага.
"Распрацоўваемыя ў Расеі механізмы крэдытаваньня закупак сельгастэхнікі, пры якіх выдзяляюцца бюдэджэтныя датацыі сельскагаспадарчым спажывальнікам у аб`ёме да 30% ад кошту набываемай імі расейскай сельгастэхнікі, накіраваныя супраць Менскага трактарнага заводу і "Гомсельмашу" - заявіў дырэктар Менскага трактарнага заводу Міхаіл Лявонаў. Сёньня па ягоных словах, на адной эканамічнай прасторы кошты на электраэнэргію для беларускіх вытворцаў вышэй за расейскія ў 1,5 разы. Тарыфы на чыгуначныя перавозкі й кошты на цеплаэнэрганосьбіты - у 3-4 разы.
Па дадзеных Міністэрства статыстыкі й аналізу, толькі за першы тыдзень красавіка рост спажывецкіх цэнаў у Беларусі склаў 2 адсоткі. У гэтым годзе гэта самы высокі паказальнік росту коштаў па выніках першага тыдня месяца. Для параўнаньня: за першы тыдзень сакавіка кошты вырасьлі на 1,7 адсоткі, лютага - на 0,9, студзеня - на 1,4. З пачатку года спажывецкія цэны ў Беларусі павялічыліся на 15,4 адсоткі. Пры гэтым, згодна афіцыйнай інфармацыі, за рысаю беднасьці ў Беларусі жыве 46% беларусаў, па неафіцыйнай - 76%. У большасьці краінаў сьвету гэты адсотак не пераўзыходзіць 15%.