 | ПАЛIТЫКА |  |

Улады забылі пра ліквідатараў чарнобыльскай катастрофы 11:15, 18/04/2001

"У дзяржструктурах адсутнічае разуменьне праблемаў людзей, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы", - заявіў намесьнік старшыні менскага грамадзкага аб`яднаньня "Ліквідатары і інваліды чарнобыльскай катастрофы" Сяргей Шалькевіч 17 красавіка на прэсавай канферэнцыі, прысьвечанай удзелу грамадзкасці ў вырашэньні чарнобыльскіх праблемаў. У дзяржустановах, паводле ягоных словаў, гэтым людзям "проста няма да каго зьвярнуцца", сёньня аказаліся нікому не патрэбнымі тыя, чый масавы гераізм калісьці ўслаўляўся. 
Дэкрэт №8: інваліды прастойваюць у чэргах у чаканьні лекаў 11:14, 18/04/2001

"Дэкрэт № 8 "Аб некаторых мерах па ўдасканальваньню парадку атрыманьня і выкарыстаньня замежнай бязвыплатнай дапамогі", які ўступіў у сілу 16 красавіка, выклікае мноства пытаньняў", -- паведаміў кіраўнік беларускай грамадзкай арганізацыі "Інваліды Чарнобыля" Ўладзімір Камянкоў 17 красавіка на прэсавай канферэнцыі ў Менску, прысьвечанай удзелу грамадзкасьці ў вырашэньні чарнобыльскіх праблемаў. 
Унутраны дзярждоўг Беларусі павялічыўся на 17,2 адсоткі 11:13, 18/04/2001

Унутраны дзяржаўны доўг Беларусі ў першым кварталі 2001 года павялічыўся на 17,2 адсоткі і склаў на 1 красавіка 484,497 мільярдаў рублёў (каля 365 мільёнаў даляраў). Прычым бяз уліку крэдытаў, атрыманых суб`ектамі гаспадараньня пад гарантыі ўраду. Інфляцыя ў Беларусі ў сакавіку склала 3,9 адсоткі, а з пачатку года - 13,1 адсоткаў. 
У Беларусі аб`яўлены тэндэр на адбор другога аператара мабільнай сувязі 11:12, 18/04/2001

Міністэрства сувязі Беларусі падрыхтавала пакет тэндэрных умоваў на адбор другога аператара мабільнай сувязі ў рэспубліцы. Яны пасьля дадатковай прапрацоўкі ў тэндэрнай камісіі будуць прапанаваныя "на выкуп" патэнцыйным удзельнікам гандлю. Тэхнічныя й тэхналягічныя ўмовы будаўніцтва GSM-1800 будуць несьці вялікія страты. Па некаторых ацэнках, першапачатковыя страты могуць быць у 2-2,5 разы болей, чым гэта было пры раскрыцьці GSM-900. Менавіта апошняе прымушае многіх спэцыялістаў сёньня сумнявацца ў тым, што беларусы нарэшце атрымаюць, як гэта абяцаў Лукашэнка, "нізкія кошты" на паслугі сотавай сувязі ў рэспубліцы. Ва ўсякім разе, наўрадці гэтыя самыя "нізкія кошты" выклікалі такую высокую зацікаўленасьць інвестараў. 
БХК пратэстуе супраць рэлігійнай нецярплівасьці БТ 11:11, 18/04/2001

Беларускі Хельсынкскі камітэт накіраваў старшыням Камітэту па справах рэлігіі і нацыянальнасьцяў і Нацыянальнай дзяржтэлерадыёкампаніі Беларусі лісты, у якіх просіць прыняць меры па недапушчэньню прапаганды ў СМІ рэлігійнай варожасьці. Размова йдзе пра аўтарскую праграму БТ "Права человека: взгляд в мир" і яе адыёзнага вядучага Я.Новікава, у якой, як адзначае БХК, "сыстэматычна дапускаюцца выказваньні, накіраваныя на ўзбуджэньне рэлігійнай варожасьці".
Міліцыя знаёміцца з дыягназам доктара ЗУБРА 11:10, 18/04/2001, ЗУБР

Два дні, 16-17 красавіка, зубры распаўсюджвалі ў Менску спэцвыпуск "Нашай свабоды", прысьвечаны мазаічнай псыхапатыі Аляксандра Лукашэнкі. У розных раёнах гораду людзі атрымалі некалькі дзесяткаў тысячаў асобнікаў газэты. Нягледзячы на тое, што газэта зарэгістравана, не абыйшлося без затрыманьняў. За распаўсюд спэцвыпуску ў Менску было затрымана 9 удзельнікаў руху ЗУБР. 
Лукашэнка наведае з дзяржаўным візытам Кітай 11:09, 18/04/2001

Аляксандар Лукашэнка мае намер 22-24 красавіка наведаць Кітай. Такую заяву для СМІ зрабіў начальнік упраўленьня зьнешняй палітыкі Адміністрацыі прэзыдэнта Валеры Варанецкі. Ён удакладніў, што ў Пекіне пройдзе цырымонія афіцыйнай сустрэчы Лукашэнкі, адбудзуцца ягоныя перамовы з Прадстаўніком КНР Цьзян Цзэмінем, пасьля якіх заплянавана падпісаньне двухбаковых дакумантаў. 
Арыштаваны яшчэ адзін банкір. Хто наступны? 11:08, 18/04/2001

Крымінальная справа па арт. 209 ч. 3 (махлярства) узбуджана ў адносінах да начальніцы эканамічнага адзьдзелу брэсцкага адзьдзяленьня Белзнешэканамбанку. Паводле зьвестак праваахоўчых ворганаў, на працягу некалькіх гадоў жанчына, злоўжываючы даверам грамадзян, завалодала падманным шляхам вялікімі сумамі ў замежнай валюце і беларускіх рублях. 
У лідэра пасяўной у Віцебскай вобласьці - паліва на 2-3 дні 11:07, 18/04/2001

У лідэра пасяўной у Віцебскай вобласьці -- Докшыцкага раёну -- на сёньняшні дзень засеяна 10 адсоткаў плошчаў, тады як у агуле па вобласьці - трошкі болей за 3 адсоткі. Але на 1600 засеяных гектарах цалкам скарыстаны паліўны рэсурс, які выдзяліў Віцебскі аблвыканкам. Выручае наваполацкае аб`яднаньне "Нафтан", якое па прамой дамове паставіла ў раён 270 тонаў саляры. Аднак паліва гэтага хопіць толькі на 2-3 дні пасяўной. 
У Віцебску не заўважаюць фашыстоўцаў і гатовыя "перасаджаць" зуброў 11:05, 18/04/2001

Кіраўнік упраўленьня ўнутраных справаў Віцебскага аблвыканкаму генэрал-маёр Валеры Гарадзенка на пытаньне карэспандэнта радыё "Свабода", чаму ў горадзе на вачах міліцыянтаў свабодна гуляюць маладыя людзі са свастыкай, адказаў, што гэтая праблема знаходзіцца ў выхаваўчай сфэры, а не ў прававой. Але за графіці ЗУБРа, лічыць ён, неабходна прыцягваць да суровай адказанасьці і лепш за ўсё да крымінальнай. Таму нядзіўна, што надпісы кшталту "Где Захаренко?" старальна замазваюцца, а фашыстоўскія знакі спакойна красуюцца на будынках. 
Беларусь мае намер снабжаць трактарамі Ірак 11:04, 18/04/2001

Каля 3.000 трактараў "Беларусь" плянуецца зьбіраць у Іраку -- з такою прапановаю да кіраўніцтва МТЗ зьвярнулася ірацкая прыватная фірма "Капры карпарэйшн". Раней яна ажыцьцяўляла зборку чэскіх трактараў "Зэтар", але працэс быў прыпынены ў выніку ўвядзеньня эмбарга на пастаўку прамысловай прадукцыі ў Ірак. На МТЗ ацэньваюць патрэбу ірацкага рынку ў трактарох на ўзроўні 45.000 машынаў. 
Варонежская вобласьць адмовілася інтэгравацца зь Беларусьсю 11:03, 18/04/2001

Рухнулі спадзяваньні берасьцейскага чынавенства на інтэграцыйнае супрацоўніцтва з Варонежскай вобласьцю. Расейцы адмовіліся прымаць вахтавыя брыгады беларускіх механізатараў, а ўсе ранейшыя дамоўленасьці скасавалі, палічыўшы іх рэклямнай спэкуляцыяй у выбарчай кампаніі былога губернатара Варонежскай вобласьці. 
Міністэрства культуры падабрала да сваіх рук і гастрольную дзейнасьць 11:02, 18/04/2001

У Міністэрстве культуры падрыхтаваны праэкт пастановы ўраду аб рэарганізацыі ўсёй гастрольнай дзейнасьці: яна зноў падпадае пад кантроль дзяржавы. Дзяржаўныя ўстановы культуры шукаюць спосабы зарабіць грошы. На гэта, дарэчы, іх нацэліў Лукашэнка, у выступе на лютаўскай нарадзе па праблемах разьвіцьця гэтай сфэры. А арганізацыяй гастроляў эстрадных выканаўцаў - іх выступы лічацца найбольш прыбытковымі - у нас займаюцца ў асноўным прыватныя фірмы, за выключэньнем Магілёўскай абласной філярмоніі. 
Завод "Зеніт" эксплуатуе сваіх рабочых 11:01, 18/04/2001

Адміністрацыя заводу "Зеніт" у Вілейцы, павялічыўшы заработную плату рабочых, "кампенсавала" для сябе гэта тым, што пагоршыла ім умовы працы. Справа ў тым, што заробкі на "Зеніце" ў зьвязку з падвышэньнем "мінімалкі" праіндэксавалі, але адначасна зьявіўся загад, паводле якога час працы ў адну зьмену ўзрос да 16 гадзінаў. Прычым калі рабочы не спраўляецца з нормай, яму пагражае звальненьне. 
|  |
|