 | ПАЛIТЫКА |  |

Аляксандар Саладуха адмаўляецца агітаваць за Лукашэнку 11:17, 19/04/2001

Поп-выканаўца Аляксандар Саладуха ня будзе разам з эстраднымі артыстамі агітаваць за Аляксандра Лукашэнку напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў: "Я раблю свае высновы. Многія рэчы я магу адкрыта і сьмела гаварыць уголас, нешта я праз выхаваньне ўголас не скажу. Але калі многія скардзяцца на лёс, на тое, што адбываецца ў краіне, я адказваю: не падабаецца гэты кіраўнік - абярыце іншага, шанец ёсьць. Кожны можа паўплываць на лёс свой і ўсёй краіны. А няздольны - значыць, ты слабы", -- заявіў ён радыё "Свабода". 
Спэцслужбы СНД будуць працаваць па адных правілах 11:16, 19/04/2001, Lenta.Ru

Мадэльны закон "Аб зьнешняй разведцы" адобрала сёньня, 19 красвіка, Міжпарляманцкая асамблея краінаў СНД на сваім 17-ым плянарным пасэджаньні ў Санкт-Пецярбурзе. Па словах члена Пастаяннай камісіі МПА па пытаньнях бясьпекі Валянціна Варотнікава, увядзеньню гэтага закону садзейнічае тое, што разьведслужбы дзяржаваў Садружнасьці "практычна фарміраваліся на адной аснове, на адной базе, з улікам адзінага вопыту СССР".
Брэсцскія прадпрыемствы за крок ад банкруцтва 11:15, 19/04/2001

У першым квартале гэтага года 24 прадпрыемствы Брэста не выканалі прагнозныя паказчыкі па аб`ёму прамысловай вытворчасці; 15 прадпрыемстваў горада працавалі горш, чым у адпаведны перыяд мінулага года. Узрастаюць запасы прадукцыі на складах. Агульная сума стратаў па выніках першага кварталю склала 275,6 мільёна рублёў. У 2,3 раза павялічылася з пачатку года запазычанасьць прадпрыемстваў за энерганосьбіты. 
Дэлегат ідзе на ўласнае "шоў" 11:14, 19/04/2001

Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзыдэнта, Лукашэнка "с искренней признательностью и глубокой благодарностью" ўспрыняў рашэньні некалькіх працоўных калектываў (ці хутчэй кіраўнікоў гэтых калектываў) вылучыць ягоную кандыдатуру для выбраньня дэлегатам на другі Ўсебеларускі сход ад Першамайскага раёну Менску. 
"БелаўтаМАЗ" гатовы на любых умовах супрацоўнічаць з уральскімі заводамі 11:13, 19/04/2001

Аб правядзеньні дадатковых перамоваў з кіраўнікамі беларускіх прадпрыемстваў па заключэньню кантрактаў на пастаўку сваёй прадукцыі дамовіліся кіраўнікі "Уральскай горна-металюргічнай кампаніі" і "Каменск-Уральскага металюргічнага заводу". Менскія вытворцы трактараў з мэтаю засваеньня рынку Сьвярдлоўскай вобласьці гатовыя пастаўляць сваю прадукцыю ў лізінг. 
У Гомлі ў спадзе вытворчасьці абвінавачваюць інвестараў 11:12, 19/04/2001

Спад аб`ёму выпуску тавараў народнага спажываньня адбыўся на буйных прадпрыемствах Гомлі, у тым ліку на кандытарскай фабрыцы "Спартак", якая забяспечвае сёмую частку выпуску тавараў у горадзе. З тым, каб стабілізаваць сытуацыю і не парушыць справаздачнасьць, кіраўнік горада Аляксандр Якабсан зьвярнуўся да сваіх падначаленых з настойлівай просьбай арганізаваць сустрэчы з галоўным інвестарам фабрыкі, прэзыдэнтам замежнага прадпрыемства "Трыліні Світс" Маратам Новікавым. Па перакананьню старшыні гарвыканкаму, "гэта галоўны інвестар завальвае працу прадпрыемства, таму што не выконвае сваiх абяцаньняў".
Новы шпіёнскі скандаль у Менску 11:11, 19/04/2001

У Менску супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі рэспублікі 18 красавіка быў затрыманы з доказамі злачынства пры атрыманьні сакрэтных дакумантаў замежны грамадзянін. Аб гэтым паведаміў Цэнтр інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі. 
Расейскія СМІ ўспомнілі пра мазаічную псыхапатыю беларускага лідэра 11:10, 19/04/2001, Vesti.ru

Калі шчыра, ня ведаю, ці мае Лукашэнка спічрайтэр, ці ўсю сваю эксцэнтрыку ён выдае самастойна. Калі такі ўсё ж такі ёсьць, то ён як і бацька, павінен мець дыягназ "памяркоўна выражаная мазаічная псыхапатыя з перавагаю рысаў паранаідальнага й дысацыяльнага разладу асобы". 
Глеб Догель стаў палітычным уцекачом у Польшчы 11:09, 19/04/2001

Былы беларускі студэнт Глеб Догель атрымаў статус палітычнага ўцекача ў суседняй Польшчы. Як паведаміў прэсаваму цэнтру Хартыі ягоны стрыечны брат, які атрымаў нядаўна палітычны прытулак у Польшчы Герман Сушкевіч, Глебу ўручаны так званы "жэнеўскі" пашпарт, які дазволіць яму выязджаць за межы Польшчы і свабодна перасоўвацца па Эўропе. 
Учора Пуціна ў Менску не было 11:08, 19/04/2001, удакладненьне

Паважаныя наведвальнікі вэб-сайту Хартыі! Мы выбачаемся за недакладную інфармацыю пра бліц-візыт рускага прэзыдэнта Пуціна, які нібыта меў месца ўчора раніцай. Гэты візыт быў. Але, дакладна -- год таму. Па тэхнічных прычынах гэтая інфармацыя была ўспрынята намі як сьвежая. Не было такога візыту ўчора. 
Прафсаюзам забаранілі праводзіць пікеты 11:07, 19/04/2001

Менгарвыканкам забараніў прафсаюзу аўтасельгасмашу правесьці 70 пікетаў у найбольш людных месцах сталіцы. Ініцыятары зьбіраліся прыцягнуць грамадзкую ўвагу да антыпрафсаюзных дзеяньняў уладаў. 
Лукашэнка гатовы памяняць свой чорны "мэрсэдэс" на ніжнетагільскі танк 11:06, 19/04/2001

Прадстаўнікі беларускага ВПК хацелі б атрымаць вопыт Расеі ў вытворчасьці шэрагу ўзлоў танка Т-72, а Мінабароны Беларусі ставіць пытаньне аб набываньні хаця б штучных экзэмпляраў ніжнетагільскіх танкаў Т-90С. Першапачаткова чакаўся візыт Лукашэнкі ў Ніжні Тагіл і, у прыватнасьці, на Уралвагонзавод. Аднак пазаўчора ён наведаў толькі завод "Уралтрансмаш", які славіцца сваімі самаходавымі ўстаноўкамі "Акацыя" й "Гіацынт". Лукашэнка паабяцаў хутка вярнуцца на Урал. Ня выключана, што ён зьявіцца ўжо на бліжэйшай выставе зброі "Уралэкспаармз". 
Каля мільёну беларусаў наогул не жадаюць працаваць 11:05, 19/04/2001, www.praca.by

З 9 990 200 жыхароў Беларусі працаздольныя - 5 928 000. Эканамічна актыўнае насельніцтва - тыя, хто могуць працаваць, але не працуюць і не шукаюць працу, у Беларусі складаюць 1 386 000 чалавек. Без навучэнцаў працаздольнага ўзросту (530 000) і жанчын, якія знаходзяцца ў дэкрэтных адпусках (150 000), атрымоўваецца 706 000 нідзе не працуюць, не навучаюцца, не наглядаюць за дзецьмі і не шукаюць працу! Гэта - згубленая частка грамадзтва, якая павінна працаваць, але не працуе - і па-вялікаму рахунку таму, што няма сэнсу працаваць. Ці можа мець жаданьне працаваць механізатар калгасу, калі ён, напрыклад, у пыльным трактары павінен па 12 і болей гадзінаў у пасяўную адпрацаваць - і 2-3 месяцы не атрымліваць грошай,якія зарабіў?! Які сэнс яму працаваць? Прасьцей скрасьці мех пшаніцы ці бульбы, прадаць - і прапіць… 
Лучанок можа скласьці кампанію Крыжаноўскаму 11:04, 19/04/2001

Менская гарадзкая асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсыяў 18 красавіка зьвярнулася да ганаровага грамадзяніна гораду-героя Менску, старшыні Саюзу кампазітараў Ігара Лучанка з прапановаю выставіць сваю кандыдатуру ў якасьці прэтэндэнта на пост прэзыдэнта Беларусі. У звароце, падпісаным прэзыдэнтам асацыяцыі Аляксандрам Лапіцкім, гаворыцца: "Мы убеждены, что только Вы сможете разбудить в наших сердцах и на лицах радость и светлую надежду...", -- гаворыцца ў звароце да кампазітара. 
Узбуджана крымінальная справа адносна двух службовых асобаў ВПС 11:03, 19/04/2001

Беларуская ваенная пракуратура па матэрыялах праверкі ўзбудзіла 18 красавіка крымінальную справу адносна двух старшых афіцэраў ВПС. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў следчым упраўленьні БВП, гэтыя службовыя асобы падазраюцца ў тым, што ўнесьлі наўмысныя ілжывыя зьвесткі ў дакумэнтацыю на ваенную тэхніку, падрыхтаваную да продажу. Сьледства мяркуе, што яны зьнізілі кошт гэтай тэхнікі па просьбе пакупніка - прадстаўніка адной зь фірмаў. 
У мінулым годзе на ПМЖ зьехала больш за 11 тысячаў беларусаў 11:02, 19/04/2001

Летась 11.443 грамадзянаў Беларусі афармлялі дакуманты на выезд за мяжу на сталае месца жыхарства. У гэты ж перыяд на ПМЖ у рэспубліцы было пакінута 18.517 грамадзян замежных дзяржаў і 985 асобаў без грамадзянства. Такія зьвесткі прывёў на прэсавай канферэнцыі 18 красавіка начальнік упраўленьня пашпартна-візавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі палкоўнік Сяргей Стэсік. 
Расеяне любяць толькі беларускі "чупа-чупс" 11:01, 19/04/2001

Беларуская карамель аказалася адзіным выключэньнем у сьпісе аналягічнай імпартнай прадукцыі, на якую будуць распаўсюджаны часовыя абаронныя меры з боку Расеі. 
|  |
|