Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі Хельсынкскі камітэт чарговы раз накіраваў лiст Аляксандру Лукашэнку, у Пракуратуру Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных справаў, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі і іншыя ведамствы. У лісьце зноў ставіцца пытаньне пра сытуацыі вакол расьсьледаваньня зьнікненьня Юры Захаранкі, Зьміцера Завадзкага, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, у дачыненьні да якога падазраецца група былога афіцэра спэцпадразьдзяленьня "Алмаз" Валеры Ігнатовіча.
Аляксандру Лукашэнку не варта езьдзіць у расейскія рэгіёны. Пра гэта, калі верыць крыніцы газэты "Время новостей" з акружэньня Лукашэнкі, прадстаўнікі адміністрацыі Ўладзімера Пуціна ў рэзкай форме паведамілі ў тэлефоннай размове беларускім калегам. Публічная рэакцыя Крамля на незадавальненьне Лукашэнкі сыстэмаю ўлады Расеі абмежавалася "недоумением" ананімнай крыніцы, аднак сапраўдным адказам стаў фактычны мараторый на паездкі Лукашэнкі па губерням Расеі. Дарэчы, такая негалосная забарона ўжо дзейнічала напрацягу некалькіх месяцаў, і паездка ў Екацерынбург была свайго роду "тэстам" - ці варта пускаць у глыбінку саюзнага лідэра, паведамляе крыніца з акружэньня Лукашэнкі.
Вось ужо колькі дзён ЗУБР актыўна раздае не толькі спэцвыпуск "нашай свабоды", прысьвечаны мазаічнай псыхапатыі Аляксандра Лукашэнкі, але відэёкасеты з запісам дыягназу доктара Шчыгельскага і відыёкліпамі з удзелам яго псыхічна хворага пацыента. Не абыходзіцца без затрыманьняў. За чатыры дні акцыі супрацоўнікамі праваахоўчых ворганаў было затрымана 22 удзельніка руху ЗУБР.
Да прадстаўніка АБСЭ па свабодзе СМІ Фраймуту Дувэ, які прыедзе ў Менск 25 красавіка, зьвярнуліся зь лістом галоўныя рэдактары палутара дзесяткаў недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі. Яны сьцьвярджаюць, што ў рэспубліцы павялічваецца ціск на рэдакцыі незалежных выданьняў, і перш за ўсё - эканамічнае. Іхнія звароты ў Гаспадарчы суд нічога не зьмянілі - зыскі не былі прынятыя. Гэта й падштурхнула іх зьвярнуцца па дапамогу да ўплывовай міжнароднай арганізацыі, якой зьяўляецца Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе.
У сувязі з затрымкаю аплаты пастаўленых нафтапрадуктаў дэфіцыт зваротных сродкаў канцэрну "Белнафтахім" у наступным месяцы складзе 18 мільёнаў даляраў ЗША. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт канцэрну Іван Бамбіза 19 красавіка, у выступе на рэспубліканскай сэлектарнай нарадзе, прысьвечанай ходу вяcновых палявых працаў, паведамляе БелаПАН. Бамбіза зьвярнуўся з просьбаю да Нацыянальнага банка і камэрцыйных банкаў выдзеліць крэдыт для закупкі нафтапрадуктаў на гэтую суму (150 тысячаў тонаў), каб забясьпечыць пастаўкі паліва для летняга цыклу сельскагаспадарчых працаў.
Напярэдадні сустрэчы з Александрам Лукашэнкам, якая адбудзецца 23 красавіка, старшыня КНР Цьзян Цзэмінь наведаў шэсьць краінаў Лацінскай Амэрыкі, паведамляе агенцтва БелТА. Найбольш спадабалася яму чамусьці Куба. У прыватнасьці кітайскі лідэр прадаставіў рэжыму Фідэля Кастра крэдыт у 380,5 мільёны даляраў, дапамогу ў памеры 3,5 мільёны даляраў для ажыцьцяўленьня "праэктаў у сфэры эканамічнага і тэхнічнага супрацоўніцтва". Для "выспы Свабоды" адкрыты таксама безадсоткавы крэдыт на 5 гадоў у 6,5 мільёны даляраў.
Дэпутату Вярхоўнага Савету 13 скліканьня адмоўлена ў датэрміновым вызваленьні. Як паведамілі ўчора журналістам старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Валянцін Сукала, адміністрацыя калёніі, дзе ўтрымліваецца палітычны вязень, прыйшла да высновы, што Андрэй Клімаў "не трапляе пад дзеяньне новых кодэксаў". Не трапіў арыштаваны парлямантарый і пад апошнюю лукашэнкаўскую амністыю. Пры гэтым, як паведаміў Сукала, за апошнія тры месяцы, пад новы Кодэкс "трапiлi" 1 261 вязень. Яшчэ 506 асуджаным скарочаны тэрмін пакараньня.
Ваенная дэлегацыя Альжыру прыбыла ўчора ў Менск. Яе ўзначальвае начальнік Генштабу Нацыянальнай народнай арміі корпусны генэрал Мохамэд Ламары. Як паведамілі ў прэсавым цэнтры Міністэрства абароны, дэлегацыю будзе прымаць глава беларускага ваеннага ведамства генэрал-лейтынант Леанід Мальцаў. Падчас перамоваў з кіраўніцтвам Мінабароны будзе абмяркоўвацца шырокае кола пытаньняў, што датычаць двухбаковага ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Падчас трохдзённага візыту дэлегацыя афрыканскай краіны наведае Ваенную акадэмію, а таксама шэраг прадпрыемстваў ваенна -- прамысловага комплексу краіны.
Вось ужо 10 дзён Лукашэнка ігнаруе спэцыяльны ліст старшыні АБСЭ Мірча Джэану. Пра гэта ўчора паведаміў кіраўнік КНГ АБСЭ Ханс-Георг Вік. Па словах Віка, у лісьце ішла размова пра дэкрэт №8 і ўнутраных назіральнікаў за выбарамі прэзыдэнта Беларусі. Напэўна, адказам Лукашэнкі на ліст АБСЭ стала прыняцьце насуперак міжнароднаму пратэсту дэкрэта №8 і заява старшыні КДБ Леаніда Ерына, які назваў падрыхтоўку назіральнікаў "вярбоўкай".
Да канца гэтага года АТ "Сьвірская суднаверф" пабудуе для памежных войскаў Беларусі яшчэ два кацера на паветранай падушцы "Гепард", створаных па праэкце маскоўскага ЦКБ "Нептун". Як паведаміў карэспандэнту Агенцтва ваенных навінаў генэральны дырэктар прадпрыемства Георгій Крук, са здачаю гэтых караблёў будзе выкананы падпісаны ў мінулым годзе кантракт па пастаўцы "саюзнай" дзяржаве 5 кацераў "Гепард", тры зь іх ужо пабудаваныя (будаўніцтва апошняга скончана 18 красавіка). Кошт кожнага - каля 600 тысячаў расейскіх рублёў.
На выспе Сардзінія арыштаваны расейскі прадпрымальнік Аляксандар Жукаў, што абвінавачваецца ў арганізацыі ў 90-х гадах нелегальных паставак зброі ў Югаславію. Па дадзеных следзтва, Жукаў узначальваў арганізацыю, што займалася нелегальнымі пастаўкамі зброі зь Беларусі й Ўкраіны ў Югаславію. Міжнародная сетка па нелегальнаму продажу зброi была выяўлена ў ходзе расьсьледаваньня, праведзенага сьледчым упраўленьнем па барацьбе з арганізаванай злачынннасьцю МУС Італіі й пракуратурай гораду Турын.
Затрыманьне заробкаў на Слонімскім тэрытарыяльна -- медычным аб`яднаньні сталі хранічнымі. З боем мусілі дабіцца выплаты лютаўскага заробку. Аднак, не прайшло й месяца, як у Слоніме паўсталі тыя ж праблемы. Перад Вялікаднем калектыў атрымаў па 15 тысячаў рублёў (11 даляраў ЗША)."Мы ўжо сабралі подпісы пад патрабаваньнямі Федэрацыі прафсаюзаў. Дзьве трэці нашага калектыву падтрымліваюць гэтыя патрабаваньні. Людзі высьпелі да таго, каб пісаць ліст Лукашэнку. Іншага выхаду пакуль не бачым. Баставаць мы не можам таму што трэба дапамагаць людзям. Хаця сэнс нашай прысутнасьці на рабочых месцах ужо губляецца. Бо мы ўжо не маем магчымасьці нармальна лячыць!", -- заявіла старшыня прафкаму Слонімскага ТМО Тацяна Кажэўнікава.
Несанкцыянаваная акцыя руху ЗУБР адбылася ў Барысаве 19 красавіка. Каля 40 маладых людзей на 5-10 хвілінаў выходзілі да буйных прыпынкаў горада, трымаючы ў руках 20-ці мэтровую расьцяжку з надпісам: "Падтрымліваем патрабаваньні руху "ЗУБР" аб паляпшэньні працы грамадзкага транспарту". А ніжэй той самай жа даўжыні была прымацавана стужка ксэракопіяў 1000-чы подпісаў барысаўцаў, салідарных з ЗУБРамі.
Міністэрства абароны бязвыплатна перадае шэрагу сельскагаспадарчых прадпрыемстваў партыю аўтамабільнай тэхнікі ІІІ-ІV катэгорыяў і запчастак. У адпаведнасьці з пастановаю Савету міністраў, у Валожынскім раёне калгас "Заря" атрымае "КаМАЗ-4310", "ЗіЛ-130" і аўтацыстэрну, калгас імя Гастэла - "Урал-4320", "ГАЗ-66", прыцэп і запчасткі, калгасу імя Суворава Сталбцоўскага раёну перададуць два "ЗіЛ-131" і два прыцэпы, брэсцкай раённай "Сельгасхіміі" - пяць "Урал-4320", калгасу "Радзіма" Лепельскага раёну - "Урал-4320" і "ГАЗ-66", і т.д.