Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Медыкі працягваюць не давяраць уладам 11:03, 20/04/2001, www.praca.by
Затрыманьне заробкаў на Слонімскім тэрытарыяльна -- медычным аб`яднаньні сталі хранічнымі. З боем мусілі дабіцца выплаты лютаўскага заробку. Аднак, не прайшло й месяца, як у Слоніме паўсталі тыя ж праблемы. Перад Вялікаднем калектыў атрымаў па 15 тысячаў рублёў (11 даляраў ЗША)."Мы ўжо сабралі подпісы пад патрабаваньнямі Федэрацыі прафсаюзаў. Дзьве трэці нашага калектыву падтрымліваюць гэтыя патрабаваньні. Людзі высьпелі да таго, каб пісаць ліст Лукашэнку. Іншага выхаду пакуль не бачым. Баставаць мы не можам таму што трэба дапамагаць людзям. Хаця сэнс нашай прысутнасьці на рабочых месцах ужо губляецца. Бо мы ўжо не маем магчымасьці нармальна лячыць!", -- заявіла старшыня прафкаму Слонімскага ТМО Тацяна Кажэўнікава.
Калі ў мінулыя гады Слонім быў на датацыі, то са студзеня гэтага года ён можа разьлічвацца толькі на паступленьні з мясцовых прадпрыемстваў. А паступае меней, чым патрабуецца. Бюджэт крочыў у новае тысячагодзьдзе з доўгам у 350 мільёнаў рублеў. На пачатак красавіка доўг вырас да 90 мільёнаў.
"Нас не цікавяць прычыны адсутнасьці грошай у бюджэце. Вы - улада, і гэта павінна непакоіць вас", - заяўляюць медыкі мясцовым уладам. Яны патрабуюць тэрмінова разглядзець на паседжаньнях гар- і райвыканкамаў пытаньні фінансаваньня Міністэрства аховы здароўя; пераглядзець бюджэт 2001 года (у прыватнасьці сродкі накіраваныя на фінансаваньне футбольнай каманды і забаўляльныя мерапрыемтсвы, перадаць на ахову здароўя); абавязковая прысутнасьць на ўсіх медыка -- санітарных саветах прадстаўнікоў дэпутатскага корпусу й гарвыканкаму; прыярытэт у чарговасьці выплаты заробку аддаць работнікам аховы здароўя, адукацыі й культуры.