Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
На сэсіі ПАСЭ будзе разглядацца сытуацыя ў Беларусі 11:12, 25/04/2001
Прадстаўнікі Беларусі накіраваліся ў Страсбург на веснавую сэсію Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы. У Cтрасбург паехалі як прадстаўнікі апазыцыі, так і прадстаўнікі афіцыйных уладаў. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня прадстаўляе старшыня АГП, дэпутат Анатоль Лябедзька. На сэсію ПАРЭ накіраваўся і намесьнік старшыні АГП Яраслаў Раманчук. Ня выключана, што менавіта прадстаўнікі апазыцыі будуць прыняты ў Страсбургу на высокім узроўні. Там заплянаваны шэраг сустрэчаў, паведамляе радыё "Рацыя".
У парадку дня сэсіі Парляманцкай Асамблеі Рады Эўропы, апроч іншага, праблемы свабоды слова ў шэрагу эўрапейскіх краінаў, сытуацыя ў Косаве і Чачэніі, далейшы лёс Чарнобыльскай АЭС. Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы мяркуе атрымаць інфармацыю пра палітычную сытуацыю ў Беларусі.
Нагадаем, беларуская дэлегацыя была пазбаўленая статусу спэцыяльна запрошанай у ПАРЭ пасьля рэфэрэндуму 1996 году, калі ўся ўлада ў краіне сканцэнтравалася ў руках адной асобы Аляксандра Лукашэнкі. Вынікі апошніх парлямэнцкіх выбараў ў Беларусі таксама не прызнаныя Парляманцкай Асамблеяй Рады Эўропы, а гэта азначае, што так званая Палата прадстаўнікоў наўрад ці атрымае афіцыйны статус у ПАРЭ.
Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Рада Эўропы разам з АБСЭ і Эўрапарлямэнтам адзначыла ў часе візыту ў Менск, што будзе трымацца ранейшых крытэраў у ацэнцы выбарчай кампаніі. "Тройка" спадзяецца, што будзе празрыстым працэс рэгістрацыі кандыдатаў і выбарчых камісіяў, а таксама падліку галасоў. Далей, усім кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Беларусі, будуць дадзены роўныя магчымасьці доступу да дзяржаўных СМІ й арганізацыі перадвыбарчай кампаніі. "Тройка" чакае, што ўсе дзяржаўныя й урадавыя органы ўстрымаюцца ад якіх-кольвек дзеяньняў, якія могуць быць кваліфікаваныя як перасьлед кандыдатаў, іх сваякоў і прыхільнікаў. Эўрапейцы настойваюць таксама на забесьпячэньні свабоды дзеяньняў назіральнікаў і бесперашкодных кантактах зь міжнароднымі арганізацыямі. Пакуль гэтыя крытэры беларускія ўлады ня выканалі.