 | ПАЛIТЫКА |  |

19.20 11:31, 26/04/2001

Вялікі пяцітысячны натоўп падыйшоў да Акадэміі Навук, дзе павінен прайсьці мітынг. Людзі запоўнілі ўсю пляцоўку ля будынку АН. Пра гэтым праспэкт Скарыны па-ранейшаму запоўнены ўдзельнікамі. 
19.10 11:30, 26/04/2001

Незадоўга да канца акцыі можна з упэўненасьцю сказаць, што Чарнобыльскі Шлях адбыўся пасьпяхова. Акцыя адбываецца выключна мірна й дастаткова масава. Назіральнікі й журналісты пагаджаюцца, што ў ёй прымаюць удзел да 5 тысячаў чалавек. Па словах ейных арганізатараў, акцыя можа стаць добрай разьмінкаю грамадзянскай актыўнасьці напярэдадні восеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў. 
18.55 11:29, 26/04/2001

Больш за 5 тысячаў людзей знаходзяцца зараз у раёне плошчы Якуба Коласа. Людзі заблакіравалі ўсю праезджую частку, што практычна перакрыла рух транспарту. Дэманстранты працягваюць рухацца ў бок Акадэміі Навук. 
18.45 11:28, 26/04/2001

Чарнобыльскі Шлях падыйшоў да плошчы Перамогі. Пад жалобны звон калёна агінае помнік, што ўзвышаецца на сярэдзіне плошчы. Людзі йдуць з жалобнымі тварамі. За ходам акцыі назіраюць шматлікія журналісты, замежныя госьці з дабрачынных чарнобыльскіх арганізацыяў, прадстаўнікі амбасадаў і АБСЭ. Міліцыя не перашкаджае ходу дэманстрацыі. 
18.40 11:27, 26/04/2001

Акцыя на цэнтральнай плошчы Менску падыходзіць да канца. Колькасьць мітынгуючых скарацілася да 100 чалавек. Міліцыя па-ранейшаму бяздзейнічае. Падобна на тое, што на гэтым мерапрыемства скончыцца. 
18.30 11:26, 26/04/2001

Калёна выйшла на праспэкт Скарыны й заняла цэнтральную частку праспэкту. Ейная галава падыходзіць да мосту праз раку Сьвіслач, а хвост знаходзіцца ля цырку. Па розных адзнаках колькасьць удзельнікаў акцыі даходзіць да 5 тысячаў чалавек. Мірна й спакойна людзі рухаюцца да Акадэміі Навук. 
18.25 11:25, 26/04/2001

Калёна дэманстрантаў рушыла па вуліцы інтэрнацыянальнай. Зараз відаць, што яе складаюць прадстаўнікі самых розных партыяў - БНФ, АГП, Партыя Свабоды, Малады Фронт, беларускія сацыял-дэмакраты, Свабодныя прафсаюзы і іншыя. Людзі павольна спускаюцца да скверу Янкі Купалы. 
18.20 11:24, 26/04/2001

Сабраныя на цэнтральнай плошчы, удзельнікі акцыі КХП БНФ на дадзены момант заслухваюць зварот Зянона Пазьняка, які як не дзіўна, зачытвае не выконваючы абавязкі старшыні КХП БНФ Юры Беленькі, а ягоны намесьнік сп.Папкоў. Ю.Беленькі на акцыю сваёй партыі, па якойсьці прычыне, не зьявіўся. Міліцыя ніякіх дзеяньняў да ўдзельнікаў не прадпрымае. 
18.15 11:23, 26/04/2001

Калёна пачала свой рух з плошчы Волі. Яна выцягваецца па вуліцы Інтэрнацыянальнай у бок вуліцы Янкі Купалы. Наперад па традыцыі вынесены звон і ікона Бажай Маці. Па розных адзнаках калёна налічвае ад 3 да 5 тысячаў чалавек. 
18.13 11:22, 26/04/2001

Каля 200 чалавек выйшлі на цэнтральную плошчу Менску. Міліцыя замельцяшыла, але непасрэдна міліцыянэраў у форме пакуль не відаць. Працягваецца відыёзапіс і перамовы па рацыі. 
18.10 11:21, 26/04/2001

"Твой режим обречен!", "Абаронім нашых дзяцей - абаронім Беларусь!", "Чарнобыль - наш агульны боль!" - такія лёзунгі разгарнулі ўдзельнікі акцыі. Наперадзі таксама разгорнута вялікая расьцяжка з надпісам "Малады Фронт". З запаленымі сьвечкамі, некалькі сотняў маладых людзей працягваюць скандаваць лёзунгі й чакаць пачатку шэсьця. 
18.00 11:20, 26/04/2001

Колькасьць удзельнікаў КХП БНФ павялічылася да 150 удзельнікаў. Калёна па-ранейшаму рушыць у напрамку Кастрычніцкай плошчы. Супрацоўнікі міліцыі працягваюць здымаць акцыю на відыёстужку і актыўна раіцца са сваім начальствам па рацыі. 
17.55 11:19, 26/04/2001

На плошчы Волі пачаўся малебен удзельнікаў акцыі. Малітву чытаюць праваслаўны сьвятар і каталіцкі ксёндз. Многія ўдзельнікі акцыі запальваюць жалобныя сьвечкі. Па традыцыі ў гэтым годзе на шлях прыехалі масквічы з Антыфашыстоўскага Маладзёвага Дзеяньня. Яны пойдуць у калёне асобнай групаю. 
17.50 11:18, 26/04/2001

Больш за сто ўдзельнікаў акцыі арганізаванай КХП БНФ рушылі ад плошчы Незалежнасьці да цэнтральнай плошчы горада Кастрычніцкай. Людзі нясуць бел-чырвона-белыя сьцягі, трымаюць у руках запаленыя сьвечкі і сьпяваюць "Магутны Божа". Практычна ўсе ўдзельнікі акцыі зьяўляюцца ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС. Супрацоўнікі міліцыі ў штацкім вядуць актыўную відыёзапіс таго, што адбываецца. Сярод натоўпу нямала "тихарей", які лёгка пазнаць па стала фукцыянуючай рацыі. 
17.45 11:17, 26/04/2001

Ужо каля 5 тысячаў чалавек стаяць на плошчы Волі з разгорнутымі сьцягамі й траспарантамі. "Чарнобыль - наш агульны боль!" - напісана на плякатах. Час ад часу моладзь скандуе лёзунгі, міліцэскія гукагаварыльнікі пакуль маўчаць. З боку метро людзі падыходзяць новымі й новымі групамі. Нагадаем, што стаяньне на плошчы заплянавана да 18.10, пасьля чаго калёна плянуе пайсьці па праспэкту Скарыны. Па апошняй інфармацыі, шэсьце мусіць скончыцца мітынгам на пляцоўцы ля Акадэміі навук. 
17.40 11:16, 26/04/2001

На акцыі, арганізатарам якой выступіла Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, пакуль сабралася каля 30 чалавек. Людзі стаяць ля Галоўпаштампту, што за сто мэтраў ад Дому ўраду. Міліцыя пакуль ніякіх дзеяньняў да тых, хто сабраўся не прадпрымае. 
17.30 11:15, 26/04/2001

Удзельнікі акцыі працягваюць разгортваць усё новыя сьцягі й транспаранты. У парку разгорнуты чырвона-чорныя сьцягі анархістаў, сінія сьцягі Свабодных прафсаюзаў. Моладзь з Маладога Фронту разгортвае сьцягі Эўрапейскіх краінаў. Яны скандуюць "Жыве Беларусь!" і іншыя традыцыйныя лёзунгі. Народ усё прыбывае й прыбывае. 
17.20 11:14, 26/04/2001

Ля плошчы Волі стаяць міліцэйскія легкавыя аўтамабілі з гучнагаварыльнікамі. Супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў праз мегафон папярэджвае сабраных на плошчы паўтары тысячы людзей разыйсьціся і праводзіць мерапрыемствы на плошчы Бангалор. Там, на ўскрайку гораду, павінен прайсьці Чарнобыльскі Шлях згодна дазволу Менгарвыканкаму. Людзі не падпарадкоўваюцца. Малады Фронт выстройваецца ў калёны, апрануўшы пратывагазы. Народ працягвае прыбываць. Блізкія да плошчы вуліцы поўныя людзей. 
17.10 11:13, 26/04/2001

Колькасьць удзельнікаў акцыі вырасла да тысячы чалавек. Там, у цэнтры плошчы Волі, Малады Фронт пачаў разварочваць транспаранты з сымболікай жалобнага мерапрыемства. Некалькі дзесяткаў маладых людзей апранутыя ў чорныя майкі са знакамі радыёцыйнай бясьпекі, іхнія галовы павязаныя белымі стужкамі. Народ усё прыбывае й прыбывае. 
17.00 11:12, 26/04/2001

На плошчы Волі пакуль сабралася каля 500 чалавек. Напярэдадні акцыі апазыцыі, прадаўцы карцінаў у скверы мастакоў аператыўна складаюць свае тавары. Людзі актыўна рухаюцца ў бок плошчы Волі. 
16.50 11:11, 26/04/2001

На дадзены момант у двары Галоўнай ваеннай пракуратуры, што ля плошчы Волі, стаіць 6 машынаў (аўтазак, УАЗ і некалькі малалітражных аўтобусаў), за рулём сядзяць супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў. 
16.30 11:10, 26/04/2001

Зараз на плошчы Волі адносна спакойна. Зьдзіўляе толькі вялікая колькасьць легкавых аўтамабіляў. Ні УАЗаў, ні аўтобусаў зь міліцыяй не відаць, адзінае, што стаіць некалькі мікрааўтобусаў з відыёапратурай і аўтамабіль з гучнагаварыльнікам. Групамі па некалькі чалавек прагульваюцца, лёгка пазнавальныя, супрацоўнікі праваахоўчых ворганаў у штацкім. 
16.00 11:09, 26/04/2001

У прэсавы цэнтар Хартыі паступіў ананімны тэлефонны званок. Нехта, хто прадставіўся "добразычліўцам", паведаміў, што ў Менск заехала вялікая калёна з крытых грузавікоў у суправаджэньні машынаў спэцыяльнай сувязі й нават вадамётаў. Усё гэтае багацьце рухаецца да цэнтра гораду, дзе заплянавана акцыя апазыцыі. Па апошняй інфармацыі, атрыманай ва Ўправе БНФ, а 17.30 прафесар Іван Нікітчанка перадасьць ўраду петыцыю з патрабаваньнем узмацніць антычарнобыльскую дзейнасьць. Пасьля гэтага, а18.10 з плошчы Волі удзельнікі пройдуць па вуліцах Інтэрнацыянальнай і Янкі Купалы да праспэкту Скарыны. Далейшы маршрут не разгалошваецца. Ніякай сакцыі на правядзеньне акцыі арганізатары ня маюць. 
"ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ - 2001" ПРАМАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ Ў ІНТЭРНЭТ НА САЙЦЕ ХАРТЫІ`97 11:08, 26/04/2001

"Чарнобыльскі шлях-2001" адбудзецца ў Менску 26 красавіка. Арганізатар акцыі, аргкамітэт "Чарнобыльскага шляху-2001", плянуе сабраць удзельнікаў акцыі ў 17.00 на плошчы Волі, дзе напрацягу гадзіны павінен прайсьці малебен у памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы. Пасьля гэтага, плянуецца шэсьце па вуліцы Леніна, праспэкту Скарыны да плошчы Незалежнасьці, дзе ўдзельнікі акцыі плянуюць перадаць у Дом ураду петыцыю аб праблемах, выкліканых аварыяй на чарнобыльскай АЭС. 26 красавіка, з 16 гадзінаў па менскім часе, прэсавы цэнтар Хартыі пачне асьвятляць ход жалобных мерапрыемстваў, якія адбудуцца на менскіх вуліцах. Заставайцеся з намі.
АРЦIКЛЬ 19 заяўляе аб рашучасьці Лукашэнкі падавіць у Беларусі ўсе прызнакі дэмакратыі 11:07, 26/04/2001

Сусьветная кампанія за свабоду слова АРЦІКЛЬ 19 зьвярнулася 26 красавіка зь лістом да прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды слова Фраймуту Дувэ. Са словам жалю адносна адмены ягонага візыту ў Беларусь, АРЦІКЛЬ 19 паведаміла Дувэ: "Сытуацыя ў Беларусі пагаршаецца па меры набліжэньня прэзыдэнцкіх выбараў. Больш за тое, нядаўнія прававыя распрацоўкі, такія як дэкрэт №8 і дэпартацыя Міхаіла Плаўца, грамадзяніна Чэхіі, які працуе ў гуманітарнай арганізацыі, узмацняюць ураджаньне таго, што адміністрацыя мае рашучасьць падавіць усе прызнакі дэмакратыі, у якой права свабоды выказваньня зьяўляецца галоўным"
Расейская пракуратура адмовілася ствараць сумесную сьледчую групу па справе Завацкага Завадского 11:06, 26/04/2001, Ю.С.Ньюс

У агенцтва "Ю.С.Ньюс" паступіў ліст намесьніка Генэральнага пракурора Расейскай Федэрацыі, які па даручэньні свайго начальніка Ўладзімера Усьцінава напісаў: "Што да крымінальнай справы аб зьнікненьні тэлеаператара беларускага бюро "Грамадзкае расейскае тэлебачаньне" Завадзкага Д.А., то пракуратура Рэспублікі Беларусь неаднаразова зьвярталася зь міжнароднымі сьледчымі даручэньнямі аб аказаньні прававой дапамогі па справе. Гэтыя хадайніцтвы былі задаволеныя, неабходныя сьледчыя дзеяньні на тэрыторыі г.Масквы і іншых рагіёнаў Расеі выкананыя. Выкананыя матэрыялы перададзены ініцыятару запытаў. Адначасова ў Генэральнай пракуратуры Расейскай Федэрацыі разглядалася пытаньне аб стварэньні сумеснай з пракуратураю Рэспублікі Беларусь сьледча-аператыўнай групы, рэалізацыю дзейнасьці якой, праз розную прававую базу, вырашана ажыцьцяўляць у рамках міжнародных сьледчых даручэньняў, пра што было паведамлена намесьніку Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Іваноўскаму А.В." 
Пяць кандыдатаў у прэзыдэнты заяўляюць аб каардынацыі дзеяньняў 11:05, 26/04/2001

Пяць вядомых палітыкаў -- Уладзімер Ганчарык, Сямён Домаш, Сяргей Калякін, Павел Казлоўскі, Міхаіл Чыгір -- заявілі 25 красавіка аб дасягнутай паміж імі дамоўленасьці па каардынацыі дзеяньняў для дасягненьня агульнай мэты -- перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах. У гэтай сувязі яны распаўсюдзілі сумесную заяву, у якой выклалі свае асноўныя прынцыпы. 
Інфармацыя аб арышце заходняга шпіёна можа быць "вуткай" 11:04, 26/04/2001

Інфармацыя аб затрыманьні 18 красавіка ў Менску замежнага грамадзяніна з доказамі злачынства пры атрыманьні сакрэтных дакумэнтаў можа быць выдумкай, заявіў БелаПАН 23 красавіка акрэдытаваны ў Беларусі заходні дыплямат, які пажадаў захаваць ананімнасьць. 
"Палатка" стварыла заканадаўчую "падпорку" дэкрэту №8 11:03, 26/04/2001

"На тэрыторыі Беларусі не дапускаецца стварэньне прадстаўніцтваў замежных арганізацыяў, дзейнасьць якіх накіраваная на зьвяржэньне або гвалтоўнае зьмяненьне канстытуцыйнага ладу", -- гаворыць праэкт паправак, унесены ў Грамадзянскі кодэкс 25 красавіка "палатай прадстаўнікоў". Папраўкі сталі заканадаўчай "падпоркаю" скандальнага дэкрэту №8, створанага А.Лукашэнкам для таго, каб пазбавіць замежнай падтрымкі праваабарончыя арганізацыi напярэдадні выбараў. 
Беларускі бізнэсмэн будзе экстрадыраваны з Польшчы 11:02, 26/04/2001

Беларускі бізнэсмэн Андрэй Жукавец павінен быць экстрадыраваны на падставе дакумантаў, прадстаўленых беларускімі праваахоўчымі ворганамі. Такое рашэньне прыняў 20 красавіка акруговы суд Беластоку (Польшча). 
Нашая веласіпедыстка можа зьехаць зь Беларусі 11:01, 26/04/2001

Менск, 20 красавіка. 26-гадовая беларуская веласіпедыстка Наталя Маркаўнічэнка, якая стала ў 2000 годзе двухразовай чэмпіёнкай сьвету на велатрэку, можа ўзяць расейскае грамадзянства ў выпадку невыкананьня Міністэрствам спорту і турызму Беларусі ейных умоваў. 
|  |
|