 | ПАЛIТЫКА |  |

Абвінавачваньне ў шпіянажы прад`яўлена 11:11, 02/05/2001

Замежнаму грамадзяніну, затрыманаму 18 красавіка супрацоўнікамі КДБ з доказамі пры атрыманьні дакумантаў, прад`яўлена абвінавачваньне ў зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага артыкулам 358 Крымінальнага кодэксу Беларусі - "шпіянаж". Пра гэта БелаПАН паведаміў начальнік Цэнтру інфармацыі грамадзкіх сувязяў Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Фёдар Котаў. 
Дзяржаўны дэпартамэнт і ЭЗ працягваюць прызнаваць ВС 13-га скліканьня і настойваць на правядзеньні сумленных выбараў 11:10, 02/05/2001

"Беларускі народ мае права выбраць свайго наступнага прэзыдэнта шляхам дэмакратычнага волевыяўленьня", -- гаворыцца ў лісьце-адказе нядаўна прызначанага намесьніка дзяржсакратара ЗША Рычарда Армітэйджа рэдкалегіі часопіса "Беларускі Агляд", што выдае беларуская дыяспара за мяжою. Армітэйдж адзначае, што толькі вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця дапаможа ўзнавіць сяброўскія адносіны паміж ёй і Злучанымі Штатамі. У лісьце таксама гаворыцца: "З прыходам новай Адміністрацыі палітыка ЗША адносна Беларусі застаецца нязьменнай. Мэтаю нашай палітыкі па-ранейшаму зьяўляецца ўзнаўленьне дэмакратычнай, незалежнай Беларусі. Дасягнуць гэтай мэты магчыма праз свабодныя й справядлівыя выбары. Як правільна вы заўважылі ў сваім лісьце парляманцкія выбары ў кастрычніку 2000 г., не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі; мы працягваем прызнаваць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня адзіным легітымным беларускім парлямэнтам. Разам са сваімі эўрапейскімі саюзьнікамі мы заклікаем беларускі ўрад для таго, каб прэзыдэнцкія выбары гэтага года атрымалі прызнаньне міжнароднай супольнасьці як свабодныя й справядлівыя".
Пасьля стыхійнай забастоўкі камвольшчыкаў адпраўляюць ў нізкааплочваемыя водпускі 11:09, 02/05/2001

У адказ на нядаўнюю забастоўку рабочых Менскага камвольнага камбінату, калі каля 400 чалавек з патрабаваньнямі павышэньня і своечасовай заработнай платы перакрылі рух па вуліцы Маякоўскага, адміністрацыя камбінату вырашыла адправіць 60% рабочых у нізкааплочваемыя водпускі. 
Запазычанасьць за электраэнэргію катастрафічна павялічваецца 11:08, 02/05/2001

Толькі ў бягучым годзе яна павялічылася на 120 мільярдаў рублёў і да 1 красавіка склала 423,3 мілярды рублёў. Пры гэтым вялікая доля бартэру: у 2000 годзе аплата "жывымі" грашыма была прыкладна 42%, а ў першым кварталі 2001 - 40%. Найбольшую запазычанасьць - каля 65% ад агульнай сумы - мае сельскагаспадарчая галіна, 29 мільярдаў за "бюджэтнікамі", у прыватнасьці за ўстановамі Мінадукацыі. Нізкі ўзровень плацяжоў адзначаецца і ў арганізацыях Мінабароны - толькі 33% у першым кварталі. 
Супрацоўніцтва з Іракам становіцца ўсё больш цесным 11:07, 02/05/2001

Беларусь і Ірак падпісалі пагадненьне аб эканамічным супрацоўніцтве й дамовіліся ўстанавіць паветраныя зносіны, якія пакладуць пачатак рэгулярным рэйсам паміж сталіцамі абедзьвюх дзяржаваў. Пра гэта паведамляе брытанская вяшчальная карпарацыя ВПС. Пагадненьне было падпісана падчас візыту ў Багдад беларускай дэлегацыі афіцыйных асобаў і бізнэсмэнаў, якую ўзначальваў віцэ-прам`ер краіны Замяталін. 28 красавіка В.Замяталін сустрэўся з прэзыдэнтам Іраку Садамам Хусэйнам і перадаў яму асабістае пасланьне Лукашэнкі. 
Чэхія ўвяла візавы рэжым для Расеі, Украіны й Беларусі 11:06, 02/05/2001

Чэхія расторгла міжурадавыя пагадненьні аб бязвізавых паездках грамадзянаў з Расеяй і Беларусьсю, а таксама пратакол аб бязьвізавым абмене з Украінаю. Адпаведныя дыпляматычныя ноты МЗС Чэхіі перадаў прадстаўнікам амбасадаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны 28 красавіка. Пагадненьне аб бязьвізавым абмене з Расеяй і Беларусьсю страцяць сілу 29 траўня, візавы рэжым з Украінаю будзе ўведзены 28 чэрвеня. Масква ўвядзе аналягічныя меры адносна чэскіх грамадзянаў з 29 траўня. 
Па ўзроўню эканамічных свабодаў Беларусь на 129 месцы 11:05, 02/05/2001

У рэйтынгу 150 краінаў Беларусь па ўзроўню эканамічных свабодаў займае 129 месца, Украіна - 122, Расея - 117. Па дадзеных Heritage Foundation ацэнка аб`ёму эканамічных свабодаў у 150 краінах зроблена на падставе наступных крытэраў: гандлёвая палітыка, падаткі, умяшальніцтва дзяржавы ў эканоміку, у манетарную палітыку, у зварот капіталю, у палітыку адносна банкаў, аб`ём кантролю за коштамі, права ўласнасьці. 
Беларускія НПЗ скарацілі аб`ёмы вытворчасьці 11:04, 02/05/2001

Беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы за чатыры месяцы 2001 года не змогуць выйсьці на паказчыкі ўзроўню перапрацоўкі нафты аналягічнага перыяду мінулага года, паведамілі ва ўрадзе рэспублікі. Паводле зьвестак экспэртаў, перапрацоўка нафты ў студзені-красавіку бягучага года будзе менш на 4-5 адсоткі. 
Самая складаная пасяўная за апошнія тры гады 11:03, 02/05/2001

Рэспубліканскі штаб па пасяўной, што 28 красавіка пад старшынствам віцэ-прам`ера Аляксандра Папкова паставіў перад кіраўнікамі гаспадарак задачу - тэрмінова адшукаць грошы на набыцьцё сродкаў па нагляду за пасевамі. Калгасы й саўгасы рэспублікі забясьпечыныя сродкамі па абароне расьлінаў на ўзроўні трошкі больш за 30 адсоткаў ад патрэбы. Такую сытуацыю ў Мінсельгаспродзе называюць самай складанай за апошнія тры гады. 
У красавіку ізноўку вырасьлі тарыфы на жыльлёва -- камунальныя паслугі 11:02, 02/05/2001

У параўнаньні з сакавіком у сярэднем на 4 адсоткі павялічылася квартплата (тэхабслугоўваньне) і плата за карыстаньне ліфтам, на столькі сама падаражэлі ацяпленьне, гарачая вада, газ, халодная вада й каналізацыя, на 7,7 адсоткі -- вываз і абясшкоджваньне адходаў, на 28,4 адсоткі -- плата за карыстаньне радыёкропкай, паведамляе БелаПан. 
Таксі зноў падаражэла 11:01, 02/05/2001

У Беларусі на 7,3 адсоткі падвышаныя тарыфы на перавозку пасажыраў легкавымі таксоўкамі. Кошт аднаго кілямэтру прабегу й пасадкі ў дзённы час (ад 6 да 22) складае цяпер 295 рублёў (было -- 275). Адна гадзіна прастою пры ўключаным таксамэтры -- 2.950 рублёў (супроць ранейшых 2.750). Кілямэтар праезду й пасадка ў таксі ўночы (з 22 да 6) будзе каштаваць пасажыру 440 рублёў (раней -- 410). Гадзіна прастою пры ўключаным таксамэтры запатрабуе 4.400 рублёў (да падвышэньня -- 4.100). Кошт заказу таксі: 200 рублёў дзённым часам і 300 -- уначы. 
|  |
|