 | ПАЛIТЫКА |  |

Расея выдзяліць Беларусі 1,5 мільярды рублёў 11:15, 04/05/2001

Беларусь у хуткім часе атрымае першы транш расейскага стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 1,5 мільярды рублёў. Пра гэта паведаміў у чацьвер карэспандэнту РІА "Новости" старшыня Нацбанку Беларусі Пётар Пракаповіч. Па ягоных словах, сродкі будуць выдзелены ў поўным аб`ёме пасьля завяршэньня працэдуры ратыфікацыі пагадненьня аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі й стварэньня адзінага эмісійнага цэнтру "саюзнай дзяржавы" Беларусі й Расеі. 
У МТЗ будуць праблемы са збытам трактараў 11:14, 04/05/2001

У хуткім часе на Мескім трактарным заводзе паўстане праблема збыту гатовай прадукцыі, якую сёньня яшчэ неяк бярэ ў кошт пагашэньня даўгоў за газ РАТ "Газпрам". У Расеі намеціліся тэндэнцыі па стварэньні на базе ААТ "Рыбінскія маторы", ААТ "Ліпецкі трактарны завод" і ўкраінскага дзяржаўнага ВА "Паўднёвы машынабудаўнічы завод" сумеснага прадпрыемтсва па вытворчасьці трактараў клясу цягі 1,4 т, манапольнім вытворцам якіх і да сёньня зьяўляецца Менскі трактарны завод. 
Лукашэнка зноў узяўся кантраляваць уступныя іспыты 11:13, 04/05/2001

І на гэты год Аляксандар Лукашэнка вырашыў узяць пад свой кантроль уступныя іспыты ў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных навучальных установах рэспублікі. Пра гэта сьведчыць падпісаны ім указ. У камісію, якая мусіць сачыць за забесьпячэньнем роўных магчымасьцяў пры паступленьні ў навучальныя ўстановы, увайшлі кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых ворганаў дзяржаўнага кіраваньня. Старшынём камісіі Аляксандар Лукашэнка прызначыў Анатоля Тозіка - старшыню Камітэту дзяржкантролю. Найвысокі ўказ, як і ў мінулыя гады, разьлічаны, у асноўным, на даверлівых і тых, хто не разумее, каб стварыць у народа вобраз клапатлівага й ўважлівага кіраўніка краіны. А хабары як мелі месца пры паступленьні ў вузы й тэхнікумы раней, так будуць "працаваць" і на гэты год. 
Дзяржкамдрук траціць грошы не новыя, а на стратныя выданьні 11:12, 04/05/2001

"Дзяржкамітэт па друку павінен разгледзіць пытаньне аб прызнаньні стратнымі больш чым 20 беларускіх дзяржаўных перыядычных выданьняў", -- заявіў дырэктар недзяржаўнай газэты "Из рук в руки" Аляксандр Бокун, у выступе 3 траўня на канферэнцыі распаўсюджвальнікаў прэсы. Паводле словаў Аляксандра Бокуна, кіёскі "Белсаюздруку" "захламленыя нікому не патрэбнымі дзяржаўнымі выданьнямі, што датуюцца Дзяржкамдрукам. Замест гэтага неабходна прызнаць іх стратнымі і вызваліць бюджэтныя сродкі для падтрымкі новай прэсы і сыстэмы яе распаўсюду, лічыць Бокун. 
Сашка - дурань! 11:11, 04/05/2001, ЗУБР

Пад такім лёзунгам 29 красавіка прайшлі псыхалягічныя гульньні ў парку імя Горкага горада Барысава. Акцыя пачалася каля 13.00: з-за дрэваў выехаў на лыжах чалавек у вусатай масцы. Мясцовая моладзь адразу завязала зь ім дыскусыю адносна нармальных яек і хакею. 
Пад патрабаваньнем "Заробак на ўзровень коштаў!" падпісалася 200 тысячаў чалавек 11:10, 04/05/2001

Паводле зьвестак Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай, да сярэдзіны красавіка пад рэзалюцыяй мітынгу "Зарплату -- на ўзровень цэн!" падпісаліся каля 200 тысячаў чалавек. Рабочыя запатрабавалі прывесьці заработную плату ў адпаведнасьць з узроўнем коштаў, павысіць тарыфную стаўку 1-га разраду да памеру бюджэту пражытачнага мінімуму, давесьці заробак работнікаў бюджэтнай сфэры да 100 адсоткаў ад узроўню зарплаты ў прамысловасьці, падпісаць Генэральнае пагадненьне на 2001-2003 гады з улікам прапановаў ФПБ, спыніць абмежаваньне правоў прафсаюзаў і ўмяшальніцтва ў іх статутную дзейнасьць. 
Лукашэнка ўсё ж увайшоў у сусьветны сьпіс ворагаў прэсы 11:09, 04/05/2001

Міжнародная арганізацыя "Рэпарцёры бяз межаў" агучыла ў пачатку траўня сьпіс так званых "ворагаў прэсы". У яго ўключаны прозьвішчы лідэраў тых краінаў, дзе, на думку членаў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі, не захоўваюццца прынцыпы свабоды слова. У гэты чорны сьпіс які год запар трапляе Аляксандар Лукашэнка. 
Улады зноў пагражаюць КНГ АБСЭ 11:08, 04/05/2001

"Прэзыдэнт паставіў задачы перад міністэрствам адносна таго, што дзейнасьць КНГ АБСЭ, як і дзейнасьць замежных амбасадаў на тэрыторыі нашай дзяржавы, не павінна выходзіць за рамкі адпаведных міжнародных дамоваў, у прыватнасьці Венскай канвенцыі аб дыпляматычных зносінах. Я падзяляю гэты падыход прэзыдэнта і падзяляю занепакоенасьць. Я сам не дапускаю, што нашыя амбасадары ці нашыя дыпляматы маглі б актыўна ўдзельнічаць ва ўнутраным жыцьці краіны знаходжаньня. Такое не дапускаецца", -- заявіў глава МЗСу Міхаіл Хвастоў пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, на якой абмяркоўвалася дзейнасьць КНГ АБСЭ. 
Амерыканцы дамовіліся зь літоўцамі пашырыць радыёвяшчаньне на Беларусь 11:07, 04/05/2001, Ю.С.Ньюс

Кіраўнік федэральнай камісіі камунікацыяў ЗША Марк Натансон, на сустрэчы ў Вільні з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам і сьпікерам Сойму Артурасам Паўлаўскасам, адзначыў, што свабода слова Літвы служыць прыкладам для іншых дзяржаваў. М.Натансон заявіў, што зацікаўлены ў перспектывах вяшчаньня на беларускай мове зь Літвы. А.Паўлаўскас ухваліў гэта і зазначыў, што Літва мае нацыянальны інтарэс прапагандаваць свабодную дэмакратычную думку ў Беларусі: "Мы хацелі б памякчэньня кантролю сродкаў масавай інфармацыі й павелічэньня інфармацыі ў суседняй Беларусі", -- сказаў А.Паўлаўскас. 
Расейская нафта нам не па кішэні 11:06, 04/05/2001

У траўні закупка расейскай нафты Беларусьсю можа скараціцца, бо кошты на расейскую нафту ўзрастуць да 121 даляры ЗША за тону, што на 5-6 даляраў больш за кошт красавіка. А зьніжэнне курсу беларускага рубля ў дачыненьні да даляра ЗША паўплывае на фінансавае становішча канцэрну "Белнафтахім", што не дазволіць закупляць нафту ў дастатковай колькасьці. 
Лукашэнка наладзіў паветраны мост зь Іракам 11:05, 04/05/2001, Лента.Ру

У чацьвер афіцыйныя ўлады Беларусі аб`явілі аб адкрыцьці рэгулярных авіярэйсаў па маршруце Менск-Багдад. Такі раптоўны крок на шляху зьбліжэньня зь Іракам Беларусь зрабіла, на думку некаторых назіральнікаў, з ухвальнага маўчаньня Расеі. Ужо ў хуткім часе любы беларус можа без перашкодаў наведаць дзяржаву, залічаную большасьцю членаў сусьветнай супольнасьці ў разрад краінаў-ізгояў. 
У "Белэнэрга" ўсе даўжнікi безнадзейныя 11:04, 04/05/2001

Доўг унутраных спажыўцоў электраэнэргіі перад канцэрнам "Белэнэрга" складае 450 мільярдаў рублёў. Пра гэта паведаміў кіраўнік "Белэнэрга" Яўген Мішук 2 мая ў выступе на паседжаньні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па міжнародных справах і сувязях з СНД. 220 мільярдаў з гэтай сумы -- "безнадзейныя", паводле ягоных словаў, даўгі сельскагаспадарчай галіны. Паводле ягоных зьвестак, за першы квартал бягучага года беларускія спажыўцы аплацілі ўсяго 80 адсоткаў ад спажытай імі за гэты перыяд электраэнэргіі. 
Зьнешнегандлёвы зварот рэспублікі па-ранейшаму скарачаецца 11:03, 04/05/2001, АФН

Зьнешнегандлёвы зварот Беларусі склаўся ў фактычных коштах у даляравым выражэньні ў памеры 3504,2 мільёнаў даляраў і скараціўся ў параўнаньні са студзенем-сакавіком 2000 года на 4,4%. Агульны аб`ём экспарту рэспублікі павялічыўся ў фактычных коштах ў даляравым выражэньні ўсяго на 6,4%, а агульны аб`ём імпарту Рэспублікі Беларусь скараціўся на 13,5%. 
У Магілёўскай вобласьці расьце колькасьць стратных прадпрыемстваў 11:02, 04/05/2001

Большасьць прадпрыемстваў Магілёўскай вобласьці сёлета сталі стратнымі, пра што сьведчаць абнародаваныя статыстычныя зьвесткі. Так, на 1 сакавіка страты ад сваёй дзейнасьці атрымалі 766 прадпрыемстваў вобласьці, або 52,4 адсоткі ад агульнай колькасьці (для параўнаньня: на 1 сакавіка мінулага года стратных прадпрыемстваў у вобласьці налічвалася 49 адсоткаў.) Сума стратаў склала 15 мільярдаў 318 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасьць прамысловай вытворчасьці ўпала з 6 да 3,4 адсоткі. Страты працоўнага часу, наадварот, павялічыліся больш чым на 30 адсоткаў. 
Слабадан Мілошавіч можа правесьці астатак сваіх дзён за кратамі 11:01, 04/05/2001, КМ.ру

На дадзены момант ён знаходзіцца пад сьледзтвам па абвінавачваньні ў карупцыі і ваенных злачынствах і "правядзе ў турме ў лепшым выпадку 20 гадоў", -- сказаў амбасадар Югаславіі ў ЗША Мілан Проціч. "Паколькі Мілошавічу ўжо 60 гадоў, прымяненьне югаслаўскіх законаў абернецца для яго прысудам да пажыцьцёвага заключэньня", -- дадаў ён. Па ягоных словах, Мілошавіч спачатку павінен вырашыць свае праблемы з Югаславіяй, а толькі пасьля будзе абмяркоўваць пытаньне аб ягонай экстрадыцыі. Выдачы былога югаслаўскага лідэра патрабуе Міжнародны трыбунал былой Югаславіі. 
|  |
|