 | ПАЛIТЫКА |  |

ЗАЎТРА СТАНУЦЬ ВЯДОМЫМІ ПАДРАБЯЗНАСЬЦІ ПА СПРАВЕ ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗАВАДЗКАГА 11:11, 10/05/2001

Пракуратура Беларусі мае намер заўтра, 11 траўня, абнародаваць падрабязнасьці справы па факце зьнікненьня аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага. Як стала вядома з крыніцаў у праваахоўчых ворганах Менску, расьсьледаваньне завершана. Да гэтага часу падрабязнасьці сьледзтва не разгалошваліся. У якасьці абвінавачаных фігуруюць некалькі байцоў спэцназу й людзі зь асабістай аховы прэзыдэнта Лукашэнкі. Заўтра ў Нацыянальным прэсавым цэнтры ў 11.00 пройдзе прэсавая канферэнцыя намесьніка Генэральнага пракурора Міхаіла Сьнегіра й кіраўніка сьледчай групы па справе Зьміцера Завадзкага івана Бранчаля. 
Барадзін едзе ў Жэневу праз Менск 11:10, 10/05/2001

Дзяржсакратар "саюзнай дзяржавы" Расеі й Беларусі Павал Барадзін сёньня адправіцца з рабочай паездкай у Менск. А на заўтра заплянаваныя ягоныя сустрэчы з Лукашэнкам і прам`ер-міністрам Уладзімерам Ярмошынам. Рабочая сустрэча Барадзіна з Лукашэнкам першапачаткова плянавалася ў рамках 18-ай сэсіі Парляманцкага сходу "саюзу" Расеі й Беларусі. Паседжаньне было прызначана на 11-12 траўня ў Гародні, аднак затым было перанесена на нявызначаны тэрмін. Як заявілі крыніцы ў апараце дзяржсакратара, нягледзячы на пагаршэньне стану здароўя, Барадзін 16 траўня выляціць у Жэневу, дзе 17 траўня адбудзецца ягоны допыт у пракуратуры. 
"Будаўнікоў" "саюзнай дзяржавы" меркаваньне Польшчы не цікавіць 11:09, 10/05/2001

У прэсавай службе польскага МЗС, куды зьвярнулася літоўскае адзьдзяленьне агенцтва BNS, паведамілі, што па пытаньню намераў Беларусі правесьці чыгуначную лінію з Гародні ў Калініград праз Польшчу з прадстаўнікамі польскага боку пакуль ніхто не кансультаваўся. 
Канстытуцыйны суд адправіў педагогаў шукаць праўду ў "парлямэнт" 11:08, 10/05/2001

Прыкладна такая сутнасьць адказу КС на зварот Беларускага прафсаюзу работнікаў навукі й адукацыі адносна ўзбуджэньня калектыўнай працоўнай спрэчкі па пытаньню павышэньня памераў аплаты працы работнікамі адукацыі. "Згодна частцы першай артыкулу 61 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, гаворыцца ў лісьце за подпісам старшыні КС РБ Рыгора Васілевіча, - у арганізацыях, што фінансуюцца з бюджэту і карыстаюцца дзяржаўнымі датацыямі, аплата працы адбываецца на аснове гадзінных і месячных тарыфных ставак, што вызначаюцца ўрадам РБ ці паўнамоцным ім ворганам. У сувязі з тым, што Працоўны кодэкс не прадугледжвае ў якасьці боку калектыўнай спрэчкі ўраду, на думку Канстытуцыйнага Суда, рашэньне пытаньняў павышэньня заробку работнікамі адукацыі магчыма праз Генэральнае пагадненьне, бакамі якога ў адпаведнасьці з артыкулам 359 Працоўнага кодэксу зьяўляюцца рэспубліканскія аб`яднаньні прафсаюзаў і наймальнікаў, а таксама ўрад".
Гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод працуе тры дні на тыдзень 11:07, 10/05/2001

Галоўная прычына такой сытуацыі - цяжкасьці са збытам. Магазіны Гародні забітыя менскай, брэсцкай, гомельскай, клімавіцкай і іншай гарэлкаю, і гарадзенская проста не вытрымлівае канкурэнцыі, паведамляе БДГ. Да таго ж, як паведаміў "Вечернему Гродну" дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Дубко, вытворчасьць прадукцыі стратна для завода. 
У Дзень Перамогі на Беларусі было апрабавана "веернае адключэньне" расейскіх тэлеканалаў 11:06, 10/05/2001, Ю.С.Ньюс

Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Перамогі, заявіў, што Беларусь перажыла некалькі войнаў: першую - другую сусьсветную, другую - чарнобыльскую катастрофу, трэцюю - распад Савецкага Саюзу, а затым дадаў: "Сегодня нам пытаются навязать четвертую войну по образцу Югославии. На это брошены огромные деньги, осуществляется дикое беспрецедентное давление извне. Для реализации этих целей уже подобрана белпятерка предателей внутри страны". ( Ён меў на ўвазе пяць апазыцыйных беларускіх палітыкаў, якія заявілі, што будуць канкурэнтамі Лукашэнкі на выбарах - Ю.С.Ньюс). 
Рэйтынг Лукашэнкі - ня болей за 30% 11:05, 10/05/2001

Негатыўны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі вырас з 16 адсоткаў (у жніўні мінулага года) да 26,2 (у красавіку гэтага). Такія зьвесткі прывёў 8 траўня кіраўнік лябараторыі "Новак" Андрэй Вардамацкі на прэзэнтацыі вынікаў апытаньня грамадзкай думкі. 
Беларуская апазыцыя сустракаецца са скандынаўскімі палітыкамі 11:04, 10/05/2001

Прадстаўнічая дэлегацыя беларускіх апазыцыйных сілаў знаходзіцца ў гэтыя дні з візытам у Нарвегіі. Міжнародны каардынатар Хартыі`97 Андрэй Саньнікаў, старшыня Беларускай Асацыяцыi журналістаў Жана Літвіна, страшыня БНФ Вінцук Вячорка, глава праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесь Бяляцкі, глава буйнога гарадзенскага аб`яднаньня "Ратуша" Аляксандр мiлiнкевiч, старшыня Цэнтра прававой дапамогі СМІ Міхаіл Пастухоў праводзяць шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі краінаў скандынаўскага рэгіёну, правабаронцамі й журналістамі. 
Улады баяцца напамінаў аб зьніклых людзях 11:03, 10/05/2001

На 20 мінімальных заробкаў аштрафаваны Зьміцер Фядорчанка - адзін з удзельнікаў несакцыянаванага пікету, што прайшоў 7 траўня ля будынку Менскага аблвыканкаму. Акцыя была прысьвечана гадавіне зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юры Захаранкі. Пікетаваньне аблвыканкаму правялі пяцёра актывістаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). Праз 5 хвілінаў пасьля пачатку пікету ягоныя ўдзельнікі былі затрыманыя міліцыяй. 
Сустрэча міністраў замежных справаў і главы КНГ АБСЭ была безвыніковай 11:02, 10/05/2001

На сустрэчы намеcьніка прэм`ер-міністра міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова зь кіраўніком Кансультатыўна-назіральнае групы (КНГ) АБСЭ ў Беларусі Хансам-Георгам Вікам, якая адбылася 7 траўня ў Менску, бакі не дасягнулі ніякага прагрэсу па тых пытаньнях, дзе існуюць разыходжаньні паміж КНГ і беларускім урадам, паведаміў БелаПАН 8 траўня сп. Вік. 
ЗУБР заклікае вырашаць і сацыяльныя праблемы 11:01, 10/05/2001, ЗУБР

Актывісты маладзёвага руху ЗУБР пачалі збор подпісаў у пасёлку Краева, што пад Віцебскам. Людзям прапаноўваецца падпісацца на лісьце з лягатыпам руху пад фразай: "Мы, грамадзяне горада Віцебску, падтрымліваем імкненьне маладзёвага руху ЗУБР палепшыць працу прыгараднага й гарадзкога транспарту ў перыяд дачнага сезону шляхам прыцягненьня ўвагі да гэтай праблемы і ставім свой подпіс". У пасёлку, дзе знаходзяцца дачы паловы горада, пасьля таго, як адзін дызельны цягнік быў адменены, падпісваліся амаль усе. Зубры, натхнёныя посьпехам, плянуюць пачаць збор подпісаў і ў самім Віцебску. Такога кшталту акцыя праводзіцца таксама ў Барысаве й Слоніме. 
|  |
|