Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Місія Міжнароднага валютнага валютнага фонду пачала сёньня працу ў Менску. МВФ мог бы да восені гэтага года выдзеліць Беларусі стабілізацыйны крэдыт у памеры некалькіх соцен мільёнаў даляраў, але галоўная ўмова выдачы крэдыту - увядзеньне рынкавых механізмаў у беларускую эканоміку і страманьне інфляцыі. Так што галоўнай задачаю візыту МВФ у Беларусь, па ўсёй верагоднасьці, стане высьвятленьне прынцыпіяльнага пытаньня: якую ўсё ж такі фінансавую палітыку зьбіраецца праводзіць Беларусь, і ці гатова кіраўніцтва краіны дзеля атрыманьня такога неабходнага крэдыту адступіць ад сваіх унікальных прынцыпаў рынкавага сацыялізму.
"18 траўня ў Менску адбудзецца другі Усебеларускі народны сход. Як бы вы ацанілі маючы адбыцца форум?", -- з такім пытаньнем зьвярнуліся да жыхароў беларускай сталіцы супрацоўнікі сацыялагічнай службы "Зеркало" інфармацыйнай кампаніі БелаПАН падчас апытаньня, праведзенага ў пачатку мая. 37 адсоткаў апытаных ацанілі маючы адбыцца форум як непатрэбнае для краіны, беларускага народа мерапрыемства, якое, "акрамя траты грошай, нічога не дасьць".
Сойм Літвы разглядае праэкт рэзылюцыі па выніках парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, паведамляе "Радыё Рацыя". У дакумэнце гаворыцца, што парлямэнтарыі цалкам падтрымліваюць заявы міжнароднай супольнасьці аб недэмакратычным характары выбараў. Літва далучаецца да заявы Эўразьвязу аб неадпаведанасьці дзеяньняў афіцыйнага Менску рэкамендацыяў АБСЭ, ЭЗ і Савету Эропы па стварэньню атмасфэры палітычнага даверу ў Беларусі. "У выніку прыняцьця рэзалюцыі літоўскі сойм далучаецца да пазыцыі эўрапейскіх арганізацыяў", -- завіла прадстаўнік партыі - распрацоўшчык законапраэкту Раса Юкнавчiне.
Суд адносна выдачы Латвіі былога нацыста Конрада Калейса пачаўся сёньня ў аўстралійскім Мельбурне. Яго абвінавачваюць у ваенных злачынствах і генацыдзе падчас Другой Сусьветнай вайны. Гледзячы па выніках расьсьледаваньня, ён прымаў удзел у карацельных аперацыях на тэрыторыі Латвіі, Беларусі й Расеі. Зараз Калейсу 87 гадоў. Ён жыў у Мельбурне ў Доме састарэлых. У канцы мінулага года яго арыштавалі пасьля таго, як Генпракуратура Латвіі ўзбудзіла адпаведную крымінальную справу.
Сэнатар Бэн Найтхорс Кэмпбэл выступіў 10 траўня на Кангрэсе з заяваю, прысьвечанай сытуацыі свабоды слова і правоў чалавека на Беларусі. Ніжэй мы прыводзім без скарачэньняў тэкст ягонага звароту да калегаў: "Я б хацеў праінфармаваць маіх калегаў па Сэнату аб сытуацыі ў Беларусі, паколькі я зьяўляюся старшынём Камісыі па Бясьпецы і Супрацоўніцтву ў Эўропе, Гэлсынскай Камісыі. Камісыя працягвае ўважліва назіраць за разьвіцьцём падзеяў на Беларусі і на тое, як яны ўплываюць на дэмакратыю, правы чалавека і канстытуцыйнасьць.
Міжнародная канфэрэнцыя "Беларусь паміж Усходам і Захадам: 2001 год прэзыдэнцкіх выбараў і ўпэўненая перамога дэмакратыі" скончылася ў Осла 11 траўня. Цікавасьць эўрапейскай супольнасьці да грамадзка-палітычнай сытуацыі Беларусі абумоўленая, у першую чаргу, набліжэньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Адна з умоваў міжнароднага прызнаньня іх вынікаў - дэмакратычнасьць і адкрытасьць. Гэта ўвесь час падкрэсьлівалі замежныя выступоўцы. "Гэта была вельмі важная канфэрэнцыя. Тое, што гэта адбылося ў Осла, што прысутнічалі прадстаўнікі скандынаўскіх краінаў -- усё гэта вельмі важна для Беларусі, бо Беларусь належыць да рэгіёну Бальтыйскага мора. Сытуацыя ў Беларусі павінна цікавіць і непакоіць нашых суседзяў -- і ня толькі ў краінах Балтыі, але і ў скандынаўскіх краінах", -- заявіў адзін з удзельнікаў канферэнцыі міжнародны каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў.
Пікет ля беларускай амбасады ў Варшаве правядзе сёньня Згуртаваньне беларусаў Варшавы "Разам". Пікетаваньне прымеркавана да гадавіны рэферэндуму 1995 года, калі беларуская нацыянальная сымболіка была заменена на псэўданацыянальныя сымбалі часоў СССР. "Гэтым пікетам мы выступаем супраць зьнічтажэньня гістарычнай спадчыны Беларусі антынародным рэжымам Лукашэнкі", -- заявілі прадстаўнікі Згуртаваньня беларусаў Варшавы напярэдадні пікету.
Беларусь плянуе паступовае павелічэньне бюджэтных сродкаў, што йдуць на абарону. Пра гэта, па інфармацыі ИТАР-ТАСС, заявіў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі краіны Урал Латыпаў, каментуючы сьцьвярджэньне ў пятніцу канцэпцыi нацыянальнай бясьпекі. Дадатковыя сродкі, паведаміў ён, пойдуць на мадэрнізацыю арміі й закупку новых сучасных узбраеньняў. Пералік мераў па рэалізацыі новай канцэпцыі будзе прадастаўлены Лукашэнку напрацягу трох месяцаў. Урал Латыпаў падкрэсьліў, што ў працы над дакумэнтам "прымуць удзел усе дзяржаўныя структуры, паколькі згодна канцэпцыі, пагрозы трэба адлюстроўваць у розных сфэрах - эканамічнай, экалягічнай, гуманітарнай, інфармацыйнай, зьнешнепалитычнай".
"У галіне палітыкі і эканомікі Беларусь і Іран ужо выйшлі на дастаткова высокі ўзровень адносінаў, і надалей яны будуць разьвівацца толькі "па ўзыходзячай", -- упэўнена заявіў старшыня "палаты прадстаўнікоў" Вадзім Папоў, якi прымаў 11 траўня Часовага Павераннага ў справах Ісламскай Рэспублікі Іран у Беларусі Махмуда Садры Табаі. Па словах Вадзіма Папова, беларускі бок прыкладзе ўсе намаганьні, каб выканаць задачу, пастаўленую Лукашэнкам - дасягнуць у бягучым годзе аб`ёму таваразвароту зь Іранам у 100 мільёнаў даляраў ЗША. Дарэчы, у мінулым годзе гэты паказчык склаў каля 21 мільёна даляраў ЗША.
Больш за 100 суб`ектаў гаспадараньня Беларусі супрацоўнічаюць з расейскімі абароннымі прадпрыемствамі. Па інфармацыі, атрыманай карэспандэнтам БЕЛТА ў нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа", які арганізуе 15-18 траўня міжнародную выставу "Менскі салон абароннай прамысловасьці - 2001", Беларусь прымае ўдзел у сумесных з Расеяй праграмах па выпуску камплектуючых для тэхнікі ВПС, СПА, ВМФ, сухапутных войскаў і іншых відаў войскаў. Асноўная задача абаронна-прамысловага комплексу Беларусі на сёньня - стварэньне магутнасьцяў па мадэрнізацыі баявой тэхнікі.
Адміністрацыя прэзыдэнта Расеі пагражае зачыніць маскоўскае прадстаўніцтва "Радыё"Свабода". як паведамляе газэта Sunday Times, маскоўскае бюро радыёстанцыі могуць зачыніць, калі яно пачне вяшчаньне на чачэнскай мове.
Да пачатку сенажаці неабходна адрамантаваць кожны трэці камбайн, а да пачатку уборачнай - кожны другі. Па інфармацыі БЕЛТА перад аблвыканкамамі пастаўлена задача знайсьці сродкі для сканчэньня рамонту тэхнікі на спэцыялізаваных прадпрыемствах, дзе трэба падрыхтаваць да працы ня меньш 4000 камбайнаў. Акрамя таго, у хуткім часе неабходна аказаць фінансавую дапамогу гаспадаркам, каб яны маглі выкупіць у заводаў адрамантаваную тэхніку, вузлы й агрэгаты. Дзьве трэці механізмаў калгасьнікі абавязаны падрыхтаваць уласнымі сіламі. Для гэтага ўжо зараз за кожным камбайнам павінны быць замацаваны механізатары.