Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амэрыканскі сэнатар заклікае беларускія ўлады расьсьледаваць зьнікненьні апанентаў рэжыму й забясьпечыць свабоду выбару 11:08, 14/05/2001
Сэнатар Бэн Найтхорс Кэмпбэл выступіў 10 траўня на Кангрэсе з заяваю, прысьвечанай сытуацыі свабоды слова і правоў чалавека на Беларусі. Ніжэй мы прыводзім без скарачэньняў тэкст ягонага звароту да калегаў: "Я б хацеў праінфармаваць маіх калегаў па Сэнату аб сытуацыі ў Беларусі, паколькі я зьяўляюся старшынём Камісыі па Бясьпецы і Супрацоўніцтву ў Эўропе, Гэлсынскай Камісыі. Камісыя працягвае ўважліва назіраць за разьвіцьцём падзеяў на Беларусі і на тое, як яны ўплываюць на дэмакратыю, правы чалавека і канстытуцыйнасьць.
7 траўня -- другая гадавіна з дня зьнікненьня Юры Захаранкі, былога міністра ўнутраных справаў Беларусі. У 1999 г. генэрал Захаранка, які крытычна адазваўся пра беларускага лідэра Аляксандра Лукашэнку і спрабаваў сфармаваць саюз афіцэраў у падтрымку дэмакратыі, быў гвалтоўна пасаджаны ў машыну і зьвезены ў невядомым накірунку. З таго часу яго ніхто не бачыў. Ягоны лёс падзялілі іншыя вядомыя беларускія апазыцыйныя дзеячы, якія бяз зьвестак зьніклі за апошнія некалькі гадоў - Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі й Зьміцер Завадзкі. Беларускі ўлады не дасягнулі якога-небудзь значнага посьпеху ў расьсьледаваньні гэтых зьнікненьняў, што наводзіць на думку аб замешанасьці ў гэтых злачынствах рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Вынікі апытаньняў грамадзкай думкі ў Беларусі ўказваюць на тое, што большасьць з тых, каму вядома аб зьнікненьнях, прыпісваюць іх рэжыму Лукашэнкі.
Выкраданьні людзей сьведчаць пра агульны клімат непавагі правоў чалавека і дэмакратыі, які ўзьнік пасьля выбраньня спадара Лукашэнкі ў 1994 г. Такая непавага асабліва ўзмацнілася пасьля незаконнага захопу паўнамоцтваў у лістпадзе 1996 г.
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі заплянаваныя на гэты год. На жаль, апошнія падзеі не даюць падставаў меркаваць, што выбары пройдуць у адпаведанасьці з патрабаваньнямі АБСЭ і будуць свабоднымі і дэмакратычнымі. Нягледзячы на абавязацельствы, узятыя перад АБСЭ, беларускі бок працягвае незаконна абмяжоўваць свабоду сходаў, зьбіваць і затрымліваць удзельнікаў мірных шэсьцяў, як гэта адбылося падчас маладзёвай акцыі 21 красавіка. 27 красавіка Валеры Шчукін, дэпутат распушчанага парлямэнту Беларусі, быў прыгавораны да трох месяцаў пазбаўленьня волі па сумнеўным абвінавачваньні ў "злосным хуліганстве". А ўжо 7 траўня міліцыя арыштавала актывістаў, якія выйшлі адзначыць гадавіну зьнікненьня Юры Захаранкі. Яны трымалі ў руках плякаты: "Дзе Захаранка?", "Хто наступны?" і "Дзе зьніклыя людзі - Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі?"
Лукашэнка працягвае грубыя напады на намаганьні АБСЭ па разьвіцьцю дэмакратыі, называючы назіральнікаў па выбарах, якіх падтрымлівае КНГ АБСЭ, не інакш як "армией бандитов и коллаборационистов". Гэта толькі адно з шэрагу езпадстаўных абвінавачваньняў, вылучаных супраць міжнароднай супольнасьці, уключаючы і прыцягнутую за вушы заяву пра нібыта выдзеленых пяціста мільёнаў даляраў у падтрымку апазыцыйных кандыдатаў. 25 красавіка прадстаўнік АБСЭ па свабодзе СМІ Фрэймут Дзюў адмяніў свой візыт на Беларусь у пратэст адмовы візе ягонаму старэйшай дарадцы, амэрыканскаму дыплямату Дзіане Максей, якая раней працавала ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску. Візыт, як чакалася, павінен быў прасьвятліць складаную сытуацыю з СМІ, асабліва напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.
Я па-ранейшаму вельмі занепакоены адносна прэзыдэнцкага дэкрэту №8, які ўводзіць абмежаваньні на замежную дапамогу НДА па прасоўваньню дэмакратыі і правоў чалавека, у тым ліку назіраньне за выбарамі, што можа быць выкарыстана для спыненьня дзейнасьці НДА і важных праэктаў КНГ АБСЭ на Беларусі.
Гэтыя і шмат іншых фактаў ставяць пад сумнеў гатоўнасьць беларускіх уладаў захоўваць дабравольна ўзятыя на сябе абавязацельствы перад АБСЭ і прымушаюць задумацца, ці сапраўды рэжым Лукашэнкі зьбіраецца праводзіць будучыя выбары ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі.
Як старшыня Гэльсынскай Камісыі, я заклікаю беларускія ўлады правесьці рэальнае і публічнае расьсьледаваньне выпадкаў зьнікненьня. Больш за тое, я патрабую, каб беларускі ўрад прыняў неабходныя меры для прызнаньня прэзыдэнцкіх выбараў свабоднымі і дэмакратычнамі згодна заяве Парлямэнцкай Тройкі ад 7 сакавіка, а менавіта: забясьпечыць празрыстасьць і дэмакратычнасьць па падрыхтоўцы і правядзеньні выбараў, асабліва што датычыць рэгістрацыі кандыдатаў, складу выбаркамаў і падліку галасоў; роўны доступ да сродкаў масавай інфармацыі ўсім кандыдатам; спыніць перасьлед кандыдатаў, іхніх сем`яў і прыхільнікаў; а таксама прадаставіць свабоду дзеяньняў тым, хто непасрэдна заняты назіраньнем за выбарамі."