Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Мэдэрнізацыя баявых самалётаў МіГ-29 -- тэма закрытая 11:01, 17/05/2001
Дырэктар 558-га Баранавіцкага авіярамонтнага заводу Анатоль Брэнько адмовіўся распавесьці беларускім журналістам пра ход мадэрнізацыі на прадпрыемстве самалётаў беларускіх узброеных сілаў МіГ-29, які ён узначальвае. Пра тое, што завод сумесна з расейскімі спэцыялістамі будзе гэтым займацца, было абвешчана прадстаўніком камандаваньня беларускіх ВПС у жніўні мінулага года.
"Гэта -- тэма закрытая", -- заявіў Брэнько падчас працы міжнароднай выставы ўзбраеньняў і ваеннай тэхнікі "Менскі салон абароннай прамысловасьці", паведамляе БелаПАН. Такую пазыцыю ён патлумачыў тым, што вакол дадзенага працэсу было занадта шмат розных размоваў, праўда, якіх менавіта, ён не ўдакладніў. З гутаркі з дырэктарам заводу стала зразумела толькі тое, што прадпрыемства "займаецца" пытаньнем мадэрнізацыі МіГ-29. На тэмы, якія тэрміны заканчэньня мадэрнізацыі парку МіГ-29, колькі ўсяго будзе мадэрнізавана машынаў, і якая глыбіня мадэрнізацыі, ён гаварыць адмовіўся.
Дарэчы, паводле зьвестак расейскіх крыніцаў, давядзеньне аднаго МіГ-29 да мадыфікацыі СМТ-1 або СМТ-2, якія лічацца найбольш перспэктыўнымі ў пляне ўнутранай эксплуатацыі і экспартнага патэнцыялу, абыходзіцца ад 1 да 4 мільёнаў даляраў ЗША.