Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Скарачэньне выдаткаў бюджэту дзеля прадвыбарчага павышэньня заробку 11:09, 17/05/2001
У Гомельскай вобласьці плянуецца скарачэньне выдаткаў бюджэту на 3-5 адсоткаў дзеля таго, каб да восені давесьці памер зарплаты работнікам бюджэтнай сферы да ўзроўню 100 даляраў ЗША (у эквіваленце), абяцаных прэзыдэнтам Беларусі. Пра гэта заявіў начальнік фінансавага ўпраўленьня Гомельскага аблвыканкаму Андрэй Круглей 16 траўня на пасяджэнні аблвыканкаму.
Паводле ягоных словаў, у бюджэце 2001 года прадугледжвалася зарплата бюджэтнікам у памеры, эквівалентным 56 далярам ЗША. Для павелічэньня зарплаты на 44 пункты неабходна, прынамсі, 50 мільярдаў рублёў. Праведзенае сёлета першае скарачэньне расходаў на 5 адсоткаў скараціла памер нестаючай сумы да 33 мільярдаў рублёў. Таму, на думку Андрэя Круглея, вобласьці не пазьбегнуць паўторнай карэкціроўкі выдаткаў.
Але й без таго бюджэт Гомельскай вобласьці выконваецца напружана: па даходах ён выкананы на 28 адстокаў замест належных 35 адсоткаў да гэтага часу года. Па словах галоўнага фінансіста вобласьці, бюджэт трымаецца за кошт мэтавых фондаў і мясцовых збораў, у той час як паступленьні ПДК і акцызаў знаходзяцца ніжэй за плянуемыя паказчыкі.
Апрача таго, абласны бюджэт мае даўгі ў памеры 28 мільярдаў рублёў, прычым 17 мільярдаў зь іх, па словах Андрэя Круглея, "не пацьверджаны бюджэтнымі прызначэньнямі". Значная частка гэтага доўгу ўяўляе сабою страты жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ад розніцы ў кошце камунальных паслуг і іх кампенсацыяй спажыўцамі. 2 мільярды рублёў складаюць даўгі бюджэту за харчаваньне школьнікаў, абавязак аплачваць якое з гэтага года ўскладзен на мясцовыя ўлады.