Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка сабраў у сваю падтрымку сход 11:09, 18/05/2001
Другі Ўсебеларускі народны сход сабраўся сёньня ў Менску пад дахам Палацу Рэспублікі. Дзьве з паловай тысячаў рупліва адабраных дэлегатаў Лукашэнка сабраў выключна ў сваю падтрымку напярэдадні выбараў. Арганізатар мерапрыемства выступіць з даклядам "За моцную і квітнеючую Беларусь". Ён стаў і дэлегатам свайго "сходу". Дэлігіраваны туды былі й прам`ер Ярмошын, і шматлікія члены ўраду, і кіраўнікі іншых цэнтральных ворганаў кіраваньня. Ганаровым госьцем сходу стане падсьледчы дзяржсакратар "саюзу" Павал Барадзін, які адразу з допыту ў Жэневе прыляцеў у Менск.
На абмеркаваньні ўдзельнікаў будуць вынесены асноўныя палажэньні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Рэспублікі Беларусь на 2001-2005 гады. Сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё, гледзячы па праграме, будзе проста фантастычным. Курс беларускага рубля да даляру ЗША ў 2005 годзе павінен скласьці 2000-2100 рублёў. Пачынаючы з 2003 года, у Беларусі намячаецца прыцягненьне ад 900 мільёнаў да 1 мільярду даляраў ЗША прамых замежных інвестыцыяў у асноўныя вытворчыя фонды. У агуле, Лукашэнка марыць у 2005 годзе павялічыць аб`ём інвестыцыяў у асноўны капітал у 1,6-1,7 разы да ўзроўню 2000 года.
Дэлегаты, напэўна, павераць у гэтую лухту, таму што кантынгент гэты ў асноўным наўмысна сталага ўзросту. Мяркуйце самі: маладых людзей да 30 гадоў прысутнічае ўсяго 5,5 адсоткаў, у той час як дэлегатаў ва ўзросьце ад 51 да 60 гадоў - 30,2 адсоткі. Амаль палова дэлегатаў - людзі сярэдняга ўзросту (41-50 гадоў). 9,8 адсоткі - пенсіянэры.
Акрамя таго, як паведамляе агенцтва "Ю.С.Ньюс", сьпіс выступоўцаў на другім Усебеларускім сходзе быў вядомы Лукашэнку за 25 дзён да ягонага правядзеньня. Сход, паколькі там будзе выступаць Аляксандар Лукашэнка, праводзіцца ў рамках ягонага ўказу №19 ад 12 студзеня 1998 года, якім быў зацьверджаны адпаведны рэглямэнт, што па сьцьвярджэньню агенцтва "засакрэчаны й нідзе не публікаваўся".
У пункце 5.1 гэтага рэглямэнту (разьдзел "Забесьпячэньне правядзеньня мерапрыемстваў з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь") другая частка кажа: "Пры уключэньні згаданага мерапрыемства ў працоўны графік Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ягоны ініцыятар за 25 дзён да мерапрыемства прадстаўляе ў Адміністрацыю Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь плян падрыхтоўкі й праграму правядзеньня мерапрыемства, а таксама сьпіс асобаў, якія прымаюць у ім удзел".
Частка трэцьцяя пункту 4.4: "Прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, якія асьвятляюць мерапрыемствы, што праводзяцца з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, выконваюць абавязкі ў адпаведнасьці з парадкам, вызначаным прэсавай службай Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Службай бясьпекі".