Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
КНГ АБСЭ лічыць выказваньні беларускіх уладаў у свой бок "пагражальнымі" і "неапраўданымі" 11:20, 22/05/2001
Кансультатыўна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі "лічыць крытыку і пагражаючае стаўленьне намесніка прэм`ер-міністра - міністра замежных спраў Беларусі неапраўданымі",-- гаворыцца ў паведамленьні КНГ АБСЭ ад 22 траўня. У паведамленьні КНГ таксама адзначаны "нядаўнія публічныя заявы прадстаўнікоў КДБ", якія "накіраваны на дыскрэдытацыю Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў вачах беларускай грамадзкасьці". Як патлумачылі БелаПАН у КНГ АБСЭ, размова йдзе пра выступ 20 траўня ў праграме "Рэзананс" Беларускага тэлебачаньня начальніка Цэнтра інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Фёдара Котава, які абвінавачваў кіраўніка місіі АБСЭ ў Беларусі ў дэструктыўнай дзейнасьці.
У паведамленьні Кансультатыўна-назіральнае групы гаворыцца:
"Некалькі разоў КНГ АБСЭ тлумачыла пазыцыю, якая сфарміравалася ў выніку кансультацыяў АБСЭ па разьвіцьцю сытуацыі ў Беларусі і працы КНГ АБСЭ. Нельга адмаўляць існаваньне сур`ёзных рознагалосьсяў, і гэта павінна прывесьці да новых намаганьняў, скіраваных на пераадоленьне гэтых разыходжаньняў. У сьвятле кансультацыяў, праведзеных з дзейным старшынём 18траўня 2001 г., КНГ АБСЭ гатова прадоўжыць супрацоўніцтва з урадам у падтрымку працэсу дэмакратычных трансфармацыяў краіны. З нагоды Стамбульскага саміту ў лістападзе 1999 г. кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў праінструкціравалі Кансультатыўна-назіральную групу АБСЭ ў Беларусі прадоўжыць супрацоўніцтва з урадам, апазыцыйнымі партыямі і няўрадавымі арганізацыямі, каб садзейнічаць вырашэньню канстытуцыйных рознагалосьсяў і дапамагчы ажыцьцявіць свабодныя й справядлівыя выбары. Кансультатыўна-назіральная група так і рабіла і адпаведна паведамляла дзейнаму старшыні АБСЭ й Пастаяннаму савету ўсіх краінаў-членаў АБСЭ".