Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Віцебскай вобласьці дэфіцыт тэхнікі ўзмацняецца дэфіцытам паліва 11:01, 24/05/2001
Праз тыдзень у Віцебскай вобласьці прыступяць да нарыхтоўкі кармоў для жывёлагадоўлі. Між тым, паводле зьвестак вабласнога камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньню, да пачатку сенакосу пакуль гатова толькі палова кормаўборачнай тэхнікі, у тым ліку 53 адсоткі кормаўборачных камбайнаў і трактарных сенакасілак.
Пры агульным скарачэньні парка сельгасмашын (95 адсоткаў кормаўборачных камбайнаў і 93 адсоткі трактарных сенакасілак да ўзроўню мінулага года) на рамонт астатняй тэхнікі неабходныя 3,5 мільярды рублёў. Сума гэтая часткова, на 1 мільярд рублёў, забяспечваецца за кошт мясцовага фонду стабілізацыі; яшчэ 1 мільярд рублёў мяркуецца ўзяць у крэдыт: "Гомсельмаш" пагадзіўся прадаставіць у доўг запасныя часткі на 350 мільёнаў рублёў.
Дэфіцыт кормаўборачнай тэхнікі ўзмацняецца дэфіцытам гаруча-змазачных матэрыялаў. У параўнаньні з траўнем мінулага года на 6 адсоткаў меншы запас дызельнага паліва, на 32 адсоткі -- бензіну, на 43 адсоткі -- маторнага масла. Аднак галоўны дэфіцыт -- час. Адставаньне ў падрыхтоўцы да сенажаці сёньня нэрвуе ня толькі сялян. Бо бяскорміца -- асноўны фактар стратаў у жывёлагадоўлі. А за апошнія 10 гадоў колькасьць галоў буйной рагатай жывёлы на Віцебшчыне скарацілася на 41 адсотак: пагалоўе малочнага статку -- на 21 адсотак, сьвіней -- на 38, авец -- на 77 адсоткаў.