Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Палітычныя партыі патрабуюць сваёй прысутнасьці ў выбарчых камісыях 11:06, 24/05/2001
Прадстаўнікі дзесяці партыяў Беларусі выступілі 15 траўня з заяваю, у якой яны патрабуюць ад уладаў прадстаўніцтва палітычных партыяў пры фармаваньні выбарчых камісыяў рознага ўзроўню. Згодна заяве, партыіі гатовы забясьпечыць укамплектаванасьць выбаркамаў на 50 адсоткаў. Згодна Канстытуцыі, прысутнасьць партыйных актывістаў - шэраговая норма выбарчага працэсу. Назіраньні партыйцаў за выбарамі зьяўляецца нормай у любой краіне. У Беларусі пры сёньняшняй уладзе, якая ўсяляк хавае ад людзкіх вачэй падлік галасоў й астатнія цікавыя працэдуры, прысутнасьць партыяў у камісыях таксама стала выключэньнем з агульнага правіла нікуды не пускаць. Партыі афіцыйна практычна не назіралі за апошнімі парлямэнцкімі выбарамі. Напярэдадні выбараў прэзыдэнта партыі зноў патрабуюць захаваньня элементарных канстытуцыйных нормаў.
Заява
Аб каардынацыі дзейнасці палітычных партый па вылучэнні кандыдатаў у камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Мы, прадстаўнікі палітычных партый, зацікаўлены ў тым, каб было рэалізавана права беларускага народа на дэмакратычныя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Адной з найважнейшых структур для правядзення прэзідэнцкіх выбараў 2001 г. з`яўляецца сістэма выбарчых камісій. На жаль, выбары ў Палату прадстаўнікоў не адпавядалі міжнародным стандартам, якія прад`яўляюцца да дэмакратычных выбараў, не былі выкананы мінімальныя абавязкі па правядзенні свабодных, справядлівых, роўных і адкрытых выбараў. Адной з галоўных прычын неадпаведнасці гэтых выбараў мінімальным міжнародным патрабаванням стала ажыццяўленне выканаўчай уладай кантролю за работай выбарчых камісій.
Хаця Выбарчы кодэкс і прадугледжвае магчымасці вылучэння прадстаўнікоў палітычных партый у выбарчыя камісіі, на самой справе ўсе члены выбарчых камісій прызначаліся з прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады і дзяржаўных устаноў, якія знаходзяцца ў іх падпарадкаванні. Такі прынцып фарміравання прывёў да перадузятага стаўлення членаў выбарчых камісій да кандыдатаў. Выбарчыя камісіі фактычна працавалі ў інтарэсах існуючай улады.
Для таго, каб гарантаваць рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян Беларусі на дэмакратычныя выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мы, прадстаўнікі 10 палітычных партый
Аб`яднаная грамадзянская партыя,
Беларуская партыя жанчын "Надзея",
Беларуская партыя зялёныя,
Беларуская партыя працы,
Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада,
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада),
Беларуская экалагічная партыя зялёных (БЭЗ),
Ліберальна-дэмакратычная партыя,
Партыя БНФ,
Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды,
патрабуем ад выканаўчай улады пры фарміраванні Цэнтральнай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, абласных, гарадскіх, раённых, раённых у гарадах і ўчастковых камісій забяспечыць прадстаўніцтва ў іх палітычных партый. Мы гатовы забяспечыць вылучэнне 50% членаў выбарчых камісій усіх узроўняў.
Для арганізацыі практычнай работы па вылучэнні кандыдатаў у члены камісій мы ўтвараем Міжпартыйны цэнтр па вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій.
У гэтым мы разлічваем на падтрымку грамадзян Рэспублікі Беларусь, грамадзкіх арганізацый, прафсаюзаў і міжнароднай супольнасці.
Прынята на паседжанні Міжпартыйнага цэнтра па вылучэнні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій