Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Беларусі ўсё часьцей прымяняюць натуральную форму аплаты працы 11:12, 24/05/2001, Росбизнесконсалтинг
Эканамічны пад`ём у Беларусі дасягнуў такіх небывалых высотаў, што перастаў упісвацца ў традыцыйныя рамкі. Рэвалюцыйныя зьмены ў некаторых выпадках патрабавалі ўкараненьня новых прагрэсыўных "тэхналёгіяў". Так, на трыкатажнай фабрыцы ў Пінску рабочыя зараз ідуць не да вакенца касы, а на бартэрную сэкцыю крамы "Гандлёвы цэнтар". Замест грошай яны зараз будуць атрымоўваць тавары. І правільна, навошта цягацца з купюрамі, бо ўсё роўна іх урэшце рэшт патраціш.
Зараз на прадпрыемстве складаюцца сьпісы тых, хто стаіць на чарзе на дэфіцыт, які карыстаецца попытам. Ідэя удалая й тым, што паралельна можна прыструніць парушальнікаў працоўнай дысцыпліны, якім прыйдзецца атаварвацца тым, што застанецца пасьля ўзорных работнікаў. Трыкатажнікам яшчэ пашчасьціла: ім хоць штосьці даюць.
У настаўнікаў у тым самым Пінску, наадварот, забіраюць. Школам горада было даведзена заданьне па нарыхтоўцы сена для грамадзкай жывёлагадоўлі. Педагогаў прымусілі зьмяніць указкі і падручнікі на косы й сярпы (добра хоць ня молаты). Тым, для каго такая праца фізычна непасільна, прапанавалі адкупіцца 4 тысячамі беларускіх рублёў.
Але самай арыгінальнай варта прызнаць ініцыятыву, якая атрымала распаўсюд у той самай Брэсцкай вобласьці. Тут настаўнікі вымушаныя ў прымусовым парадку набываць квіткі грашова-рэчавай латэрэі "Бярэсьце-2". Варта адзначыць, што на 700 "шчасьліўчыкаў", якія ўжо пасьпелі паўдзельнічаць у "Бярэсьце-1", ня выпала ніводнага выйгрышу.
Педагогі жартуюць, што хутка ім заробак пачнуць выдаваць латэрэйнымі квіткамі. А калі ўлічыць, што на Захадзе азартныя гульні йдуць на пару з прастытуцыяй і гандлям наркотыкамі, беларускія ўлады маюць багаты патэнцыял у частцы пошуку новых формаў аплаты працы.