Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Ужо тыдзень працягваецца ціск КДБ на рэдакцыю газэты "Пагоня" 11:13, 24/05/2001, БАЖ
Увагу супрацоўнікаў адьдзелу барацьбы з тэрарызмам Гарадзенскага ўпраўленьня камітэта дзяржбясьпекі прыцягнула публікацыя Паўла Мажэйкі "Інтэграсты ў Гародню не прыедуць", дзе ў якасьці ілюстрацыі быў прыведзены фрагмент заявы невядомай дагэтуль Рады камандзіраў Беларускай народнай самааховы.
15 траўня журналіста выклікалі ў адзьдзел барацьбы з тэрарызмам мясцовага КДБ, дзе цікавіліся ягонымі крыніцамі інфармацыі й спрабавалі абвінаваціць у тэрарызме. У той жа дзень пазней УКДБ мусілі паасобку наведаць рэдактар газеты Мікола Маркевіч і макетоўшчык Аляксей Салей.
17 траўня паўторна выклікаўся ў адзьдзел барацьбы з тэрарызмам П. Мажэйка. 18 траўня - ужо ў сьледчы адзьдзел УКДБ - быў выкліканы А. Салей. Старэйшага сьледчага Барыса Рагімава (вядомага тым, што ў 1998 годзе ён займаўся справай карэспандэнта расейскай тэлекампаніі ГРТ Паўла Шарамета) цікавіла не столькі інфармацыя пра заяву РК БНС, колькі агульная дзейнасьць рэдакцыі: працэс стварэньня газэты, крыніцы фінансаваньня, тэхнічнае абсталяваньне.
21 траўня журналіст П. Мажэйка і рэдактар М. Маркевіч былі ізноў - трэці раз цягам апошняга тыдня - выкліканыя да сьледчага Гарадзенскага УКДБ Б. Рагімава, дзе кожнаму з журналістаў было інкрымінавана неданясеньне ворганам дзяржбяспекі інфармацыі пра факс ад міфічнай Рады камандзіраў. У гэты ж дзень М. Маркевіч зрабіў пісьмовую заяву, адмовіўшыся надалей хадзіць на размовы ў КДБ.
На сёньня, 24 траўня, у КДБ запрошаныя карэктар газэты Святлана Гібульская, наборшчыца Аксана Бурдзюк і бухгальтар Ніна Акудовіч. Калі ўлічыць, што штат сталых супрацоўнікаў газэты складае ўсяго 7 чалавек, то такая пільная ўвага з боку КДБ ня можа не адбіцца на дзейнасьці рэдакцыі.
Па словах М. Маркевіча, фактычна распачатае запалохваньне супрацоўнікаў газэты мае на мэце дэстабілізаваць працу выданьня і можа прывесьці да закрыцьця няўгоднай уладам газэты.