Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка можа пазбавіцца падтрымкі ваенных 11:09, 28/05/2001, "Беларускі час"
" У рэгіёнах рэспублікі ўжо практычна пачалася прадвыбарчая кампанія ўсімі існуючымі структарамі", -- да такой высновы прыйшлі супрацоўнікі аналітычнай службы аднаго з праваахоўчых ведамстваў. Дакумэнт, што трапіў у распараджэньне рэдакцыі, уяўляецца надзвычай цікавым. Гледзячы на зьмест, кіраўніцтва сілавых міністэрстваў вельмі занепакоена вынікамі прэзыдэнцкай гонкі. Напэўна, менавіта таму ў ваенізіраваных структурах былі праведзены сацыялагічныя апытаньні, вынікі якіх сьведчаць пра апалітычнасьць не толькі ваеннаслужачых тэрміновай службы, але й служачых МА і афіцэрскага корпусу.
У дакуманце адзначаецца, што "сярод рабочых 140-га рамонтнага завода (г.Барысаў) адносіны да надыходзячых выбараў неадназначныя: старэйшае пакаленне (меньшасьць) мае намер галасаваць за кандыдатуру А.Г.Лукашэнкі, спадзеючыся на захаваньне дасягнутага ўзроўню сваёй сацыяльнай абароненасьці, а моладзь (большасьць) робіць стаўку на іншыя кандыдатуры, хаця дастатковай інфармацыі пра іх на дадзены момант ня мае. Негатыўную рэакцыю сярод працоўных і служачых гэтага прадпрыемства (як і сярод ваеннаслужачых Барысаўскага гарнізону) выклікае, як ім падаецца, аднабаковая падача інфармацыі аб прэтэндэнтах на пост прэзыдэнта. У прыватнасьці, фармуецца меркаваньне пра тое, што праводзіцца мэтанакіраваная кампраметацыя магчымых альтэрнатыўных кандыдатаў у мэтах зьніжэньня іхняга рэйтынгу".
Ня меньш "абнадзейваючымі" для Лукашэнкі прадстаўляюцца вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага ў адной з воінскіх частак мабільных сілаў. З 220 ваеннаслужачых маладога папаўненьня 105 ня здолелі вызначыцца па кандыдатуры будучай главы дзяржавы. Самае дзіўнае, што на пытаньне "Каго б вы хацелі бачыць прэзыдэнтам рэспублікі?" 38 чалавек выказаліся за Лукашэнку, 10 - за Пуціна, 14 - за Жырыноўскага, па 1 - за Чыгіра, Шушкевіча, Ярмошына. 37 чалавек выказаліся за кандыдатуру будучага прэзыдэнта з ліку прыхільнікаў БНФ ці іншай апазыцыйнай партыі.
Выбарачнае ананімнае анкетаваньне праводзілася і сярод афіцэраў Дзяржаўнага камітэту пагранічных войскаў. Сярод 326 рэспандэнтаў 50% таксама ня вызначыліся ў сваіх сымпатыях да якога-небудзь кандыдата. Дзейнага прэзыдэнта гатовы падтрымаць 28% апытаных, 7% цяжка было адказаць. Як ні парадаксальна, але 9% афіцэраў жадалі б бачыць на пасту прэзыдэнта Беларусі Пуціна, Жырыноўскага ці Яўлінскага.
У сваім дакумэнце аналітыкі са спэцслужбы канстатуюць не зусім спрыяльную для Лукашэнкі сытуацыю, што склалася ў вайсковых частках, дыслацыраваных у Лідзе. У прыватнасьці, адзначаецца, што "асобнымі служачымі МО выказваюцца думкі аб немэтазгоднасьці падтрымкі кандыдатуры дзейнага прэзыдэнта ў сувязі са зьніжэньнем узроўню жыцьця як усяго насельніцтва рэспублікі, так і ваеннаслужачых і членаў сямей".
У той самы час аналітыкі ня выключаюць прагрэсыўнага росту прыхільнікаў былога міністра абароны Паўла Казлоўскага ў армейскім асяродку. Повадам для такой высновы служыць заўважная актывізацыя ягонага прадвыбарчага штабу на чале з генералам Бачаровым. Адзначаецца павелічэньне колькасьці прыхільнікаў апальнага міністра ў гарнізонах Віцэбску, Брэсту й Слуцку.