Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Польшча прадаставіла палітычнае прыстанішча беларускаму прадпрымальніку, дэпутату Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Валерыю Кругавому. Пра гэта інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН 28 траўня паведаміў старшыня Саюзу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы Ян Абадоўскі. Кругавы адшукваўся па запыту беларускіх праваахоўчых ворганаў нібыта за невяртаньне крэдытаў, і ў 1998 годзе на суткі быў затрыманы польскай паліцыяй.
З 1 па 3 ліпеня Менск наведае дэлэгацыя Парлямэнцкай "тройкі" АБСЭ. Падчас ейнага візыту могуць быць сфармуляваныя рамачныя ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта паведаміў учора пасол АБСЭ ў Беларусі Ханс-Георг Вік. Менавіта "тройка" будзе вырашаць, ці прысылаць міжнародных назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусь.
Ніхто з найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі ня можа пракамэнтаваць прычыну затрыманьня ў аэрапорце "Ўнукава" кіраўніка спэцпраэктаў расейскай тэлекампаніі ГРТ Паўла Шарамета. Супрацоўнікі МУС Расеі затрымалі журналіста па просьбе беларускіх калегаў, якія шукаюць Шарамета як зьніклага бязь вестак. Паўтара тыдня таму ён праходзіў пашпартны кантроль у Беларусі, калі вяртаўся з камандаваньня ў Вільню. Акрамя таго Шарамет часта наведваецца ў Менск. Таму ягоныя калегі лічаць, што кароткатэрміновае затрыманьне было спробаю сілавікоў напалохаць журналіста, каб перапыніць ягоныя паездкі ў Беларусь.
Савет "палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу" Беларусі разгледзіць 29 траўня на сваім паседжэньні праэкт пастановы ніжняй палаты аб прызначэнэні прэзыдэнцкіх выбараў. У адпаведнасьці з праэктам гэтага дакумэнту, падрыхтаваным спэцыяльна створанай дэпутацкай групай, якую ўзначаліў старшыня пастаяннай камісыі па пытаньнях дзяржаўнага будаўніцтва, мясцовага самакіраваньня і рэглямэнту Міхаіл Сасонка, прэзыдэнцкія выбары прапаноўваецца прызначыць на 9 верасьня. З гэтай датай пагадзіліся ў Адміністрацыі Прэзыдэнта і Цэнтрвыбаркаме.
Генэрал Павал Казлоўскі зьвярнуўся з заяваю да пракурора горада Менску Н.Купрыянаву, у якія ён просіць узбудзіць крымінальныя справы адносна старшыні Белтэлерадыёкампаніі, вядучага праграмы "Рэзананс" Аляксандра Зімоўскага, а таксама аўтара цыклу "Тайныя спружыны палітыкі", кіраўніка рэдакцыі літаратурна-мастацкіх праграмаў БТ Юры Азаронка.
На мінулым тыдні ў Пераслаўлі-Залескім (Яраслаўская вобласьць) у Інстытуце праграмных сыстэмаў (ІПС) Расейскай акадэміі навук завяршылася трохдзённая прэзэнтацыя першага этапу праграмы "СКІФ" -- "Распрацоўка і асваеньне ў сэрыйнай вытворчасьці сямейства высокапрадукцыйных вылічальных сыстэмаў з паралельнай архітэктурай (суперкампутараў) і стварэньне прыкладных праграмна-апаратных комплексаў на іх аснове". Як паведамілі мясцовыя СМІ, гэтая расейска-беларуская праграма разьлічана на 3 гады (2000-2003) і першы ейны этап завяршыўся стварэньнем двух узораў суперкампутараў "СКІФ", адзін зь якіх разьмешчаны ў ІПС РАН. Асноўныя характарыстыкі суперкампутара: колькасьць працэсараў -- 32; вылічальных вузлоў -- 16; аператыўная памяць -- 8 ГБайт; дыскавая памяць -- 160 ГБайт.